Сельскі час

Нумары Ураджай-2014

СПРАВІЛІСЯ З ДЗЯРЖЗАКАЗАМ

Сельгаставарыствамі раёна паспяхова выкананы дзяржзаказ па продажу збожжа дзяржаве. У рэспубліканскі фонд пастаўлена 13 200 тон харчовага збожжа. У тым ліку 8894 тоны жыта, 3500 т –  пшаніцы, 500 т – ячменю, па 100 т – аўса і грэчкі. Самыя буйныя пастаўшчыкі – ААТ «Дзераўное», «Радзіма Якуба Коласа», «Рубяжэвічы», «Агранёманскі», «Рочавічы». Перавыкананы  план па пастаўках піваварнага ячменю на 635 тон, а ўсяго адгружана на піваварныя заводы ААТ «Крыніца», «Піўзавод Аліварыя» і «Белсолад» 4635 тон. Больш за іншых паставілі сыравіны піваварам дзераўнянскія хлебаробы – 819 тон.

 

УБІРАЮЦЬ КУКУРУЗУ

У ААТ «Рубяжэвічы» пачалася ўборка кукурузы на падкормку жывёле. Штодзень на ўсе малочнатаварныя фермы таварыства для дойнага статка вадзіцелі прывозяць ад 60 да 70 тон сакавітых пажыўных кармоў. Пакуль што ўбіраюцца не самыя лепшыя ўчасткі, таму ўраджайнасць «каралевы палёў»   складае каля 300 цэнтнераў зялёнай масы з гектара.

–  Віды на ўраджай ніжэйшыя, чым летась, –  гаворыць галоўны аграном Міхаіл Севасцьяновіч. – Але разлічваем атрымаць не менш за 380 цэнтнераў зялёнай масы з кожнага гектара.

Усяго ў гаспадарцы пасеяна 650 гектараў кукурузы, з якіх 100 – на зерне.

 

НА АЗІМЫХ ПАЛЕТКАХ

У раёне пачалася сяўба азімых  збожжавых. Першымі ў мінулую пятніцу вывелі на азімыя палеткі пасяўныя агрэгаты хлебаробы ААТ «Каганец». Азімы клін зойме ў гаспадарцы 800 гектараў. Сёлета да 600 гектараў расшыраны плошчы пад азімым трыцікале, высяваюць айчынны сорт «Міхась». Азімае жыта дыплоіднага сорту «Афелія» зойме 160 гектараў. Механізатары Яўген Фляўм і Іван Малчанаў  пасеялі пшаніцу «Узлёт».

Справіцца з сяўбой азімых у гаспадарцы плануюць да 20 верасня. Прыступілі да сяўбы і хлебаробы ААТ «Агранёманскі».

 

ПЕРСПЕКТЫЎНЫ  ГІБРЫД

У ААТ «Жацерава» сёлета намалочана з кожнага гектара 6,8 цэнтнера насення шматгадовых траў – гэта лепшы паказчык у раёне. Парупіўся на ўборцы камбайнавы экіпаж у складзе Ігара Рокаша і Мікалая Амельчыца. Адметна, што на дзесяці гектарах тут высявалі новы перспектыўны від кармавой травы – фестулоліум. Выведзены гібрыд шляхам скрыжавання аўсяніцы і райграсу, і аб’яднаў у сабе лепшыя ўласцівасці гэтых двух відаў траў. А іменна, устойлівасць да халадоў, засухі і хвароб, хуткае адрастанне травастою, высокае ўтрыманне цукру і бялку,  добрыя смакавыя якасці, высокае засваенне арганічных рэчываў. Вясною пэўную колькасць насення фестулоліуму выкарыстаюць для стварэння шматгадовых культурных пашаў, а таксама закладуць насеннікі.

 

ДЛЯ СЫТНАЙ ЗІМОЎКІ

На жывёлагадоўчых фермах ААТ «Каганец» у жніўні  атрымана ад кожнай каровы  16,4 кілаграма малака, што больш як на кілаграм перасягае мінулагодні паказчык. Гэта адно з пяці таварыстваў, дзе дасягнуты плюс да адпаведнага перыяду летась. Таварнасць склала 94,6 працэнта – другі вынік у раёне. Для сытнай зімоўкі і павелічэння вытворчасці  малака ў зімовы перыяд тут ужо нарыхтавана на ўмоўную галаву жывёлы  10,2 цэнтнера кармавых адзінак травяных кармоў, што вышэй мінулагодняга на 1,13 цэнтнера. Па гэтым паказчыку мясцовыя корманарыхтоўшчыкі ў тройцы лідараў. У палімерную ўпакоўку запакавана 4348 тон якаснага і пажыўнага сенажу, удвая больш за даведзенае заданне, і ў траншэі пакладзена звыш 6200 тон. Насушана пэўная колькасць сена. Наперадзе ўборка кукурузы, з зялёнай масы якой спадзяюцца закласці запланаваную колькасць сіласу.  І ўраджайнасць збожжавых у гаспадарцы сёлета атрымана высокая. Такім чынам, можна спадзявацца, што ў зімова-стойлавы перыяд жывёла будзе з кармамі, а таварыства – з малаком і мясам.

 

І Ў ВАЛОК КЛАДЗЕ

Чатыры сельгаставарыствы – «Вішнявецкі-агра», «Аталезь-агра», «Рубяжэвічы» і «Шашкі» –  вядуць сёлета касавіцу з дапамогаю новых шыроказахопных высокапрадукцыйных модульных ратацыйных касілак КМР-9ВТ вытворчасці ААТ «Лідаграпраммаш». Набыты касілкі ў лізінг праз ААТ «Мінскаблаграсэрвіс». Тэхніка добра сябе зарэкамендавала. Яе перавага заключаецца ў тым, што трава не толькі скошваецца, а і адначасова кладзецца ў валок. Граблі не запатрабаваны, а значыць – эканомяцца час і паліва.



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *