ЗАГСам зарэгістраваны па раёне шэсць шлюбаў, зроблены дзве адзнакі аб скасаванні сямейнага саюзу. Пасведчаннні аб нараджэнні атрымалі пяць маленькіх жыхароў Стаўбцоўшчыны: Мацвей Дамброўскі, Міхаіл Салій, Аляксей Матусевіч, Ева Чарняўская і Стэфанія Уласік.
Пракуратурай раёна сумесна з раённым аддзелам па надзвычайных сітуацыях праведзена праверка ААТ «Шашкі» і ААТ «Каганец», у выніку чаго ў адрас кіраўнікоў гэтых прадпрыемстваў унесены прадстаўленні аб ухіленні парушэнняў заканадаўства аб папярэджанні і прафілактыцы гібелі і траўміравання людзей.
У пажарнай часці згадалі загаранне дачнага дома ў Слабадзе (Заямнаўскі сельсавет). Агнём знішчаны дах, пашкоджаны сцены і маёмасць. Ніхто не пацярпеў. Прычына пажару ўстанаўліваецца.
Міліцыяй зарэгістравана 113 паведамленняў аб правапарушэннях, у выніку чаго ўзбуджаны чатыры крымінальныя справы, ва ўсіх устаноўлены падазроныя. Грамадзянін завалодаў аўтамабілем «Пежо-406» і ўчыніў паездку з Варнавугла ў Зарэчча і назад.
Суд асудзіў да года выпраўленчых работ з утрыманнем 10 працэнтаў з заробку 36-гадовага стаўбчаніна, раней судзімага, які ўчыніў крадзеж грашовых сродкаў з выкарыстаннем камп’ютарнай тэхнікі.
ДАІ выявіла 81 парушэнне правілаў дарожнага руху. Сярод парушальнікаў – чатыры п’яныя вадзіцелі і шэсць вадзіцеляў-бяспраўнікаў, 15 недысцыплінаваных пешаходаў. Зафіксавана дзевяць ДТЗ. Раніцай на скрыжаванні вуліц Брэсцкай і Гагарына ў Стоўбцах пацярпеў ад наезду аўтамабіля 18-гадовы пешаход, які рухаўся па нерэгуляваным пешаходным пераходзе. Малады чалавек шпіталізаваны.
«Хуткая» выязджала да хворых 241 раз, у тым ліку дзевяць выклікаў паступіла да асоб з алкагольным ап’яненнем.
Падрыхтавала Таццяна ПЯТКЕВІЧ