Святлана Даргевіч — майстар на ўсе рукі

Главное Сельская гаспадарка

image_pdfimage_print

У жывёлагадоўлі важныя ўсе прафесіі, але прафесія тэхніка-асемянатара – на асаблівым месцы. Ад вынікаў штучнага асемянення кароў залежаць будучыя ацёлы, а значыць, узнаўленне статка і яго прадукцыйнасць. А ў канчатковым выніку і фінансавы стан таварыства. Для таго каб паказчыкі былі на ўзроўні, спецыялісту трэба многа ведаць і ўмець. Ужо восьмы год гэту работу на МТФ «Целяхі» ТАА «СЖК «Налібакі» выконвае Святлана Даргевіч. Цяпер яна вопытны і прызнаны спецыяліст, а калісьці пачынала з нуля.

І ў жывёлагадоўлю прыйшла не адразу. Пасля заканчэння школы Святлана паступіла ў Мінскае  прафесійна-тэхнічнае вучылішча, дзе набыла прафесію швачкі. Пяць гадоў працавала краўчыхай на Баранавіцкай швейнай фабрыцы. Але лёс не падманеш. Вярнулася ў вёску.

– Выйшла замуж за мясцовага хлопца, – расказвае Святлана Чаславаўна. – Прыязджала на выхадныя дадому, ездзіла з дзяўчатамі на танцы, дзе і пазнаёмілася са сваім нарочаным.

На працу пайшла на ферму. Спачатку была дзённым вартаўніком, а затым аператарам машыннага даення. Па прыкладзе маці. Ведала, якая гэта нялёгкая работа, але верыла ў свае сілы.

– Мы разам з братам хадзілі на ферму ў Ніўным ёй дапамагаць, – працягвае размову жанчына. – Для мяне матуля – эталон гаспадыні. Яна і на дойку паспявала, і за чатырма дзецьмі прыглядвала, і хатнія справы вяла.

Калі кіраўніцтва гаспадаркі прапанавала Святлане Даргевіч асвоіць работу тэхніка-асемянатара, яна доўга не раздумвала. Патрэбны былі спецыялісты, і жанчына згадзілася. Скончыла курсы ў Сенніцы.

Асноўны паказчык, па якім ацэньваецца работа тэхніка-асемянатара, – выхад цялят. Святлана Чаславаўна пільна назірае за каровамі і сумленна выконвае даручаную справу. Свой прафесіяналізм пастаянна пацвярджае на раённых конкурсах тэхнікаў-асемянатараў. Неаднойчы ўзнагароджвалася падзячнымі пісьмамі райвыканкама і райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу. Яе паважаюць калегі па працы за шчырасць, адкрытасць і спагадлівы характар. Калі ёсць патрэба, яна заўсёды прыйдзе на дапамогу.

– Мне падабаецца мая работа,  – гаворыць жанчына. – Радуюся кожнаму цяляці, якое нараджаецца, таму што гэта галоўны вынік маёй працы.

Святлана  Чаславаўна – абаяльная жанчына, добрая маці і выдатная гаспадыня. У сям’і Даргевічаў двое дзяцей – сын і дачка. Абодва скончылі БНТУ. Сяргей працуе інжынерам-канструктарам на ЗАТ «Атлант». Вольга – інжынерам у КУП «Слуцкводаканал». Зараз яна ў дэкрэтным водпуску: летась у бабулі з дзядулем нарадзілася ўнучка Ульяна.

Святлана Чаславаўна вельмі любіць кветкі, асабліва ружы, і вырошчвае іх ля свайго дома. На падвор’і разам з мужам трымаюць трусоў, курэй і свіней. Любімы занятак у свабодны час – хадзіць у лес. Грыбоў з ягадамі назбірае, і для здароўя карысць.

На святочны стол жанчына звычайна гатуе мясныя стравы і салаты. У гэтай справе яна адмысловы майстар. А вось салодкасці – прэрагатыва нявесткі Настассі, якая выпякае вельмі смачныя торты і пірагі.

Надзея БАТАЛКА, фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *