Нарадзіцца артыстамі

Культура Нумары

Бывае ж  у  жыцці такое –  Вольга Шалькевіч і Яўгенія Шклярэвіч на сцэне ў дуэце з першага класа.  Прыйшлі яны некалі ў Вішнявецкую школу  і селі за адну парту. Старшая важатая Яўгенія Мікалаеўна Платун заўважыла іх таленты. Маленькія вясковыя дзяўчынкі ў студзені паехалі ўжо ў раён на агляд мастацкай самадзейнасці. Іх выступленне на сцэне з такой дзіцячай шчырасцю і стараннасцю прывяло ў захапленне ўсіх. З таго часу яны і сталі артыстамі.  І ўжо 55 гадоў разам на сцэне.

І не толькі як пастаянныя ўдзельнікі мастацкай самадзейнасці. Гэта вызначыла іх прафесію. І зноў лёс распарадзіўся так, што яны не расставаліся не толькі на сцэне, але і на рабоце. Іх таленты спатрэбіліся на той зямлі, дзе яны нарадзіліся. Вольга Паўлаўна пачынала працоўную біяграфію дырэктарам Ператоцкага дома культуры, а потым доўгі час працавала дырэктарам Старасвержанскага дома культуры, а Яўгенія Аляксандраўна – мастацкім кіраўніком у гэтай жа культасветустанове. І яны працягвалі спяваць дуэтам. Потым утварылася трыо «Жывіца» з удзелам яшчэ Алы Цялеўка, якая таксама ўсё жыццё аддала рабоце ў сельскай культустанове.  Яны не паспявалі развітвацца са сцэнічнымі касцюмамі. Без абаяльных, вясёлых  спявачак не абыходзіліся святы «Дажынкі», злёты перадавікоў, іншыя раённыя мерапрыемствы. Яны былі лёгкія на пад’ём, хутка збіраліся ў дарогу, не шукалі прычын, каб адмовіцца. Колькім людзям падарылі яны радасныя хвіліны, стварылі настрой!  Гэта тысячы канцэртаў – на збожжавых палетках, у сельскіх клубах, на абласных і рэспубліканскіх святах, у сталічных палацах.

На ўсё жыццё ў памяці Вольгі Шалькевіч і Яўгеніі Шклярэвіч застануцца гастрольныя паездкі ў Вільнюс, Польшчу, Калінінград, Светлагорск, украінскі Жашкаў. Беларускі дуэт з народнымі нацыянальнымі, рускімі, украінскімі песнямі гледачы цёпла прымалі на Паклоннай гары ў Маскве. Для сцэнічнага выступлення ў спявачак быў не толькі Божы дар вакалістак, але і асабістая абаяльнасць, прыветнасць. Яны ўмелі натхняць  глядацкую публіку. Вольга Паўлаўна заўсёды гаварыла на сваёй беларускай мове і выклікала захапленне гэтым, прыгожа прадстаўляючы сваю нацыю за мяжою. У маладосці яна была ўключана ў склад дэлегацыі ЦК ВЛКСМ для паездкі ў Польшчу пасля хваляванняў моладзі ў гэтай краіне.  Яе ўменне ладзіць з людзьмі, камунікабельнасць, шчырасць дапамагалі на кіраўніцкай пасадзе. На сцэне Старасвержанскага дома культуры выступалі самыя знакамітыя гурты, ансамблі, мастацкія калектывы як нашай краіны, так і замежныя. Напрыклад, Кубанскі казацкі народны  хор.  Зносіны з  вядомымі артыстамі, магчымасць дакрануцца да высокага мастацтва прыносілі прыемныя моманты ў рабоце, рабілі прафесію культработніка прыцягальнай і незвычайнай.

Ахвярнае служэнне сцэне, сельскай культасветустанове для Вольгі Шалькевіч і Яўгеніі Шклярэвіч адзначана дзяржаўнымі ўзнагародамі – Знакам Міністэрства культуры  СССР «За дасягненні ў самадзейнай мастацкай творчасці», такім жа знакам БССР.  Яўгенія Шклярэвіч  у асабістую скарбонку ўзнагарод паклала лаўрэацкія дыпломы за ўдзел у ІХ абласным і ІХ рэспубліканскім фестывалях народнай творчасці  «Не старэюць душой ветэраны»,  дыплом вакальнага конкурсу «Песні Перамогі».

Вольга Шалькевіч і Яўгенія Шклярэвіч на працягу 30 гадоў  былі салісткамі адметнага ў нашым раёне мастацкага калектыву – народнага хору «Нёман» Старасвержанскага дома культуры. Прынялі ўдзел у І Усесаюзным фестывалі самадзейнасці творчасці, прадстаўляючы Мінскую вобласць. Як гавораць Вольга Паўлаўна і Яўгенія Аляксандраўна, з хорам «Нёман» аб’ехалі паўсвету.  Гэты калектыў і цяпер жыве дзякуючы такім вось самаахвярным людзям, якія не шкадуюць  свайго вольнага часу, аддаюць творчыя сілы для захавання на сваёй зямлі народных традыцый.

Вялікі ўклад у станаўленне хору «Нёман» унёс і муж Вольгі Паўлаўны Анатоль Іванавіч. Ён таксама ўсё жыццё ў культуры. Дуэт Вольгі Шалькевіч і Яўгеніі Шклярэвіч не быў бы такім эфектным, каб ні акампаніятарскае майстэрства Анатоля Шалькевіча. Анатоль Іванавіч доўгі час узначальваў Старасвержанскую дзіцячую школу мастацтваў, а цяпер працуе выкладчыкам па класе баяна. Анатоль Іванавіч і Вольга Паўлаўна ўсё жыццё былі разам – і дома, і на рабоце. Гэтыя агульныя інтарэсы аб’ядноўвалі іх, рабілі жыццё паўнацэнным і вартасным. Прыклад моцнай сям’і быў добрым выхаваўчым момантам для іх сына Віталя,  які працуе цяпер на філіяле ААТ «Кіруючая кампанія холдынгу «Мінскі маторны завод» у г. Стоўбцы. Шчаслівыя дзядуля і бабуля ўзбагаціліся ўнукамі.

Час ляціць, гады бяруць сваё. Розныя жыццёвыя абставіны не дазваляюць Вользе Паўлаўне і Яўгеніі Аляксандраўне актыўна выступаць на сцэне. Аднак вельмі адметным у іх жыцці застаецца тое, што яны падтрымліваюць адна адну, стараюцца не губляць жыццёвага аптымізму, радавацца кожнаму пражытаму дню. І зноў яны – па жыцці разам.

Лана СВЯТЛІЦКАЯ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *