У хаце Ганны Піліевай – свята

Людзі і лёсы Нумары

Раённая ветэранская арганізацыя працягвае памнажаць і ўмацоўваць надзвычай важную ў грамадскім жыцці традыцыю –ушанаванне ветэранаў вайны.

Нядаўна рады 90-гадовых салдатаў Перамогі папоўніла і стаўбчанка Ганна Піліева. Яе дастойную старасць забяспечваюць работнікі раённага цэнтра тэрытарыяльнага абслугоўвання, якія на працягу апошніх сямі гадоў ажыццяўляюць надомнае абслугоўванне Ганны Канстанцінаўны. Невыпадкова, што да юбілейных віншаванняў далучылася і кіраўніцтва гэтай установы. «Сёння прыйдуць і жанчыны, з якімі Канстанцінаўна калісьці добра сябравала», – прыадчыняе заслону гэтага асаблівага дня сацыяльны работнік Жанна Райская, па-гаспадарску сустракаючы гасцей на парозе дома. Юбіляр, маючы побач такую надзейную памочніцу, прысела на табурэтачку. Ногі ўжо падводзяць. І вочы, на жаль, –  таксама.

Але яна не стамляецца распасціраць для ўсіх нас, знаёмых і незнаёмых, свае гарачыя абдымкі, прывячаць  поціскам рукі.

Многіх з тых, хто прыйшоў да Ганны Піліевай, яна не ведае, але толькі не старшыню раённай ветэранскай арганізацыі Іосіфа Язвінскага. Не так даўно ён дапамагаў са спілоўваннем на ўчастку стогадовай грушы. Дрэва аварыйнае, але насамрэч аказалася цвёрдым «арэшкам». Валанцёрам, каб прыбраць яго, прыйшлося добра папрацаваць. А ўвогуле, старшыня ветэранскай арганізацыі ведае юбіляра даўно – яшчэ з таго часу, калі яна працавала бухгалтарам у былой  аўтабазе.

– Бабуля фактычна засталася адна, –  тлумачыць Іосіф Язвінскі. – Аднаго сына, афіцэра, – страціла. Другі, марак, – пражывае ў Рызе, да маці не прыязджае…

Гэта асабісты боль жанчыны, якой калісьці давялося адной гадаваць сыноў… Зрэшты, яна нікога не вінаваціць. Вельмі дзякуе сваёй Жанне –  яна ёй нібыта дачка, а таксама вучням гімназіі і школы № 2, сваім суседкам, якія прыходзяць скрасіць яе самоту. А  «забыўчывасць» калектыву  да сваіх ветэранаў далікатна імкнецца змякчыць: «Не магу сказаць дрэнна аб аўтабазе. Адтуль мяне калісьці адправілі на пенсію. Я зарабляла там і змагла купіць гэты домік, прывесці яго ў парадак. Але што зробіш, калі мяне там ніхто не ведае, усе ранейшыя работнікі ўжо выйшлі на пенсію».

Як бачна, характар у ветэрана вайны дружалюбны,  яе жыццёвая філасофія  – добрасуседская. У гэтага сцвярджэння ёсць і куды больш грунтоўнае пацвярджэнне. Тут нельга не прыгадаць гісторыю, як Ганна Піліева стала ветэранам вайны.

У гады вайны дзяўчына працавала на ваенным заводзе ў Батумі, але, калі вярнулася разам з матуляй на яе радзіму – у Беларусь, на Стаўбцоўшчыну, тут пра яе заслугі ніхто не ведаў, і сама яна, маладая, паняцця не мела пра нейкі там ветэранскі статус. Пачуццё аднаўлення справядлівасці прыйшло пазней. Стала звяртацца ў райваенкамат.  Так цярпліва ішлі гады, дзесяцігоддзі… І толькі гадоў сем таму, калі Ганна Канстанцінаўна прыйшла на прыём да дэпутата Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Мікалая Дубовіка, справа пачала зрушвацца з мёртвай кропкі.

На запыт, накіраваны райваенкаматам у ваенна-гістарычны архіў Расійскай Федэрацыі, паступіў адказ: «Батумскі гарнізон уваходзіў у склад дзеючай арміі». Гэта аўтаматычна азначала, што Ганна Піліева адносіцца да ўдзельнікаў вайны. І ўсе пытанні адразу адпалі.  Ганна Канстанцінаўна прызнаецца:

– Усё жыццё пракручваецца ў галаве… А было столькі ўсяго многа! У Батумі хадзіла ў школу. Вайна не дала закончыць і сем класаў… Трапіла на харчовы склад ваеннага завода. «Карміла» ўвесь Батумскі гарнізон! Лічбы аб колькасці салдат былі сакрэтнымі, іх нельга было нідзе пазначаць, таму трымаліся ў галаве. Разлікі прадуктаў, што выдавалі на кожнага, разносіла па спецыяльных кнігах таксама з «хітрынкай». Мама засталася ўдавой і пасля вайны рвалася дадому, у вёску Ругаец. Тут была маёмасць, жыўнасць. Каб не пакінуць маму адну, і я засталася жыць у гэтай вёсцы. У нас былі каровы, свінні, гусі… Я любіла жыўнасць і развяла яе шмат. Каб усё паспець, жыла «бягом». Потым разам з сынам перабралася  з вёскі ў Стоўбцы. Зняла кватэру.Неўзабаве выйшла замуж  другі раз. Муж быў асецінам, граматным чалавекам. Яго накіравалі працаваць у калгас. На жаль, ён прастудзіўся і памёр, пакінуўшы мяне з дваіма дзецьмі… Сваякі прыехалі і забралі яго, каб пахаваць на радзіме…

…Цікавы лёс гэтай жанчыны. Хочацца пажадаць ёй: жывіце, шаноўная Ганна Канстанцінаўна, сто зімаў і вёснаў, бо Вы –  наша жывая гісторыя, сумленне. Набірае разбег Ваша 91-я восень, і сацыяльная служба разам з ветэранскай арганізацыяй, як і ў іншыя гады, паклапоцяцца, каб завезці Вам і іншым ветэранам вайны раёна  запас другога хлеба на зіму.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ

НА ЗДЫМКУ: віншаванні Ганне Піліевай ад ветэранскай арганізацыі і тэрытарыяльнага цэнтра.

Фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *