Соцыум

Людзі і лёсы Нумары

КЛОПАТ: ДАПАМАГЧЫ ПЕРАСЯЛЕНЦАМ З УКРАІНЫ

У раённым выканаўчым камітэце пад старшынством намесніка старшыні райвыканкама Сяргея Шэсцеля адбылося пасяджэнне каардынацыйнага савета, на якім  калегіяльна разгледжана пытанне аб аказанні дапамогі перасяленцам з Украіны.

Па даных міграцыйнай службы раёна, з пачатку  года ў нашым раёне зарэгістраваўся 131 грамадзянін Украіны, 119 з іх эмігравалі ў перыяд з красавіка па верасень. Як прагучала на пасяджэнні, Стаўбцоўшчына прыняла каля 20 сем’яў, якія вымушаны былі пакінуць сваю радзіму ў сувязі з баявымі дзеяннямі. Новы навучальны год у школах нашага раёна пачнуць 11 украінскіх дзяцей і пяць дашкольнікаў.

15 чалавек, хто атрымаў пасведчанне на права жыхарства, змаглі ўжо ўладкавацца на працу ў сельскагаспадарчыя таварыствы раёна «Вялікі  Двор», «Аталезь-Агра», «Радзіма Якуба Коласа», «Жацерава», «Агранёманскі», «Рочавічы», прыватную цырульню. Многія сем’і раёна з разуменнем і хрысціянскай сардэчнасцю прынялі, як некалі і перасяленцаў з чарнобыльскай зоны,  эмігрантаў з Украіны. Некаторыя з гэтых людзей вымушаны былі пакінуць родны дом, не паспеўшы нічога з сабою ўзяць.

Старшыня раённай арганізацыі Таварыства Чырвонага Крыжа Ірына Пярхальская выступіла з ініцыятывай арганізаваць для перасяленцаў з Украіны збор цёплага адзення і абутку, прадметаў быту, рэчаў для школьнікаў. Старшыня Мінскай абласной арганізацыі Таварыства Чырвонага Крыжа Людміла Мусянкова выказала гатоўнасць аказання фінансавай падтрымкі для камплектавання прадуктовых набораў і гігіенічных тавараў. Служба міграцыі раёна цяпер займаецца складаннем спісаў перасяленцаў. У першую чаргу наборы прадуктаў будуць перададзены тым эмігрантам, якія прыехалі з Данецкай і Луганскай абласцей, дзе ідуць баявыя дзеянні.

Усе, хто гатоў аказаць хоць якую падтрымку эмігрантам з Украіны, якія аказаліся ў бядзе і вымушаны наладжваць новае жыццё на беларускай зямлі, могуць тэлефанаваць на нумар – 5-54-45. Гэта рабочы тэлефон начальніка ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне насельніцтва Наталлі Лапко, якая вядзе і грамадскую работу — з’яўляецца старшынёй раённай арганізацыі «Беларускі саюз жанчын».

Каардынацыйны савет будзе трымаць на кантролі пытанні падтрымкі сем’яў, якія прыбылі ў наш раён з Украіны.

Лана СВЯТЛІЦКАЯ

 

ДЭКРЭТ № 18: У ПЕРШЫ КЛАС –  З МАМАЙ ЗА РУКУ

Акурат напярэдадні новага навучальнага года раённай камісіяй па справах непаўналетніх прынята рашэнне аб вяртанні дзяцей у дзве сям’і раёна, дзе бацькі прайшлі рэабілітацыю і сталі на шлях выпраўлення.

Каб ацаніць значнасць і кранальнасць гэтай падзеі, варта крыху азірнуцца назад. Адразу не ўсё складвалася гладка як у  адной, так і ў другой сям’і. Да прыкладу, у той, каторая з Новага Свержаня, двое дзяцей былі адабраны ў красавіку бягучага года, прычым – паўторна. Неўзабаве ўслед за вясною і лета прыйшло, а гора-бацькі не зрабілі ніякіх спроб, каб змяніць сваё ранейшае жыццё. У сувязі з гэтым камісія не стала чакаць устаноўленага Дэкрэтам № 18 шасцімесячнага тэрміну, а прыняла рашэнне аб вынясенні адносна гэтай сям’і заключнай ацэнкі. Рабілася так з адной мэтай – паскорыць падрыхтоўку дакументаў у суд для пазбаўлення гэтых бацькоў бацькоўскіх правоў.

Аднак бацькі, якія да гэтага па розных прычынах упарціліся з праходжаннем лячэння ад алкагольнай залежнасці (маўляў, можам спыніцца і самі), хуценька накіраваліся да спецыялістаў. Пасля пройдзенага лячэння за імі на працягу трох месяцаў назіралі члены камісіі, сельвыканкам.

– Прагулаў на працы ў іх не было, у міліцыю ніякай негатыўнай інфармацыі не паступала. Няма пытанняў і з боку раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях. Адрамантавалі плот. Участак – абкошаны, дваровая тэрыторыя – у парадку, – пералічыла асноўныя дасягненні сумеснай работы з гэтымі бацькамі-абавязанымі асобамі намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх Наталля Хвасько.

Такім чынам, усяго за тры месяцы сям’я, якая стала цвярозай, адчула поўнае перараджэнне. Усе зацікаўленыя службы раёна, правёўшы сваё абследаванне, далі гэтаму станоўчую ацэнку. Далучыўся да яе і старшыня сельвыканкама Анатоль Богдан.

Хаця, як паказвае рэчаіснасць, спешкі ў  вяртанні дзяцей у былыя нядобранадзейныя сем’і быць не павінна, у даным выпадку былі ўлічаны і інтарэсы дзяцей. І ў адной, і ў другой сям’і малодшыя дзеці якраз ідуць 1-га верасня ў першы клас. Канешне, усім хочацца, каб яны пайшлі ў школу па месцы сваёй рэгістрацыі, а менавіта ў Навасвержанскую і Старасвержанскую школы. Апекуны, у якіх дзеці знаходзіліся пасля адабрання з сям’і, купілі ім усё неабходнае да школы.

Калі аб’явілі рашэнне аб вяртанні дзяцей у сям’ю, адзін з татаў не вытрымаў і… заплакаў. Слёзы горычы, раскаяння… Яны ачышчаюць думкі, сэрца чалавека, аднак і перасцерагаюць аб самым на даны момант важным: выбар як жыць – за імі, бацькамі, і, калі родныя дзеці сапраўды ім дарагія, то варта ад алкаголю дыстанцыравацца. Алкагалізм –  хвароба, што цяжка паддаецца лячэнню, аднак у сілах хворага, рухомага такім моцным стымулам як сям’я, дзеці, своечасова звяртацца па дапамогу да спецыялістаў, не саромецца гэтага і не заставацца сам-насам са сваёй бядой. Пры ўласным свядомым жаданні сучасныя методыкі здольны падтрымліваць хворага ў нармальным стане, суадносным са здаровым чалавекам, без цягі да спіртнога. Гэты шанц абавязкова трэба выкарыстоўваць!

Усемагчымую дапамогу сем’ям, куды дзеці вернуты пасля праведзеных рэабілітацыйных мерапрыемстваў, прапануе і соцыум. Так, раённы аддзел адукацыі, спорту і турызму гатовы падаць дакументы ў суд на спісанне доўгу (а гэта, дарэчы, не адзін мільён рублёў), які назапасіўся за бацькамі за час знаходжання дзяцей на дзяржаўным забеспячэнні. Калі доўг будзе спісаны, кожны зароблены рубель пойдзе ў сям’ю, каб яна мацнела матэрыяльна і духоўна.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *