Эстафета мужнасці

Дзякуй, салдат! Нумары

СЛУЖЫЦЬ ДАСТОЙНА АЙЧЫНЕ

Якім павінен быць сяржант? Без сумнення, выдатным спецыялістам. І ў той жа час настаўнікам для сваіх таварышаў па службе. Адно з галоўных патрабаванняў і ўменне павесці за сабою людзей. Сяржантам нярэдка прыходзіцца прымаць рашэнні самастойна. Адсюль вынікае яшчэ адно неабходнае ўменне –  браць на сябе адказнасць. Усе гэтыя якасці ўласцівы камандзіру разведвальнага аддзялення трэцяга дывізіёна зенітнай ракетнай брыгады, малодшаму сяржанту Аляксандру Рыку. У маі мінулага года ён быў прызваны Стаўбцоўскім райваенкаматам на тэрміновую службу ва Узброеныя Сілы Рэспублікі Беларусь. Дзякуючы цярпенню і ўпартасці малодшы сяржант Аляксандр Рык праявіў сябе як дысцыплінаваны і адказны ваеннаслужачы. Пасля прыняцця ваеннай прысягі ён быў накіраваны для праходжання тэрміновай ваеннай службы ў  дывізіён. Сціпласць, спагадлівасць, прыстойнасць, уменне прымаць правільныя рашэнні – далёка няпоўны пералік рысаў яго характару.

Сёння Аляксандр з гонарам праходзіць ваенную службу  і можа падзяліцца немалым багажом ведаў і навыкаў, як у рабоце з асабовым саставам, так і ў эксплуатацыі даручанага ўзбраення.

Выказваем вялікую ўдзячнасць бацькам – Наталлі Уладзіміраўне і Васілію Міхайлавічу, якія выхавалі дастойнага абаронцу нашай любімай Радзімы –  Рэспублікі Беларусь!

А. ІВАНОЎСКІ, камандзір  зенітнага ракетнага дывізіёна, маёр

 

АБАВЯЗАК – ПАМЯТАЦЬ: САЛДАТАМ НЕ ЗАСТАЦЦА БЕЗЫМЯННЫМІ

На стаўбцоўскіх каталіцкіх могілках ёсць брацкая магіла воінаў Першай сусветнай вайны, дзе з воінскім і хрысціянскім ушанаваннем былі перазахаваны іх астанкі, знойдзеныя ў мірны час. Лічылася, што сярод 21 воіна 20 – невядомыя, а імя Кляймёнава Андрэя Мікалаевіча ўстаноўлена па імянным Георгіеўскім крыжы.

Упраўленне па ўвекавечанні памяці абаронцаў Айчыны і ахвяр войнаў  Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь  унесла ўдакладненні і паведаміла ў аддзел ідэалагічнай работы, культуры і спорту  райвыканкама, што Кляймёнаў Андрэй Мікалаевіч пахаваны ў іншым месцы. Так што ўсе гэтыя салдаты застаюцца безымяннымі. Хрысціяне, якія маліліся аб спачыне душы Кляймёнава Андрэя, будуць працягваць маліцца за яго. Імёны ж астатніх запісаны ў Бога на нябёсах, так яны здзейснілі самы вялікі хрысціянскі подзвіг – паклалі жыцці свае за іншых. За нас з вамі, каб мы жылі ў міры. І наш святы абавязак захоўваць памяць аб абаронцах Айчыны. Без гэтай памяці немагчыма наша будучае.

У сувязі з гэтым нагадваем, што ў нашым раёне аб’яўлены збор сродкаў на ўзвядзенне помніка на брацкай магіле 21 воіна Першай сусветнай вайны.

Разліковы рахунак для ахвяраваняў:

Прыход храма святой праведнай Ганны г. Стоўбцы

РКЦ № 18 у г. Стоўбцы філіяла ААТ «Аграпрамбанк» –  Мінскае абласное ўпраўленне

222666, г. Стоўбцы, вул. Царука, 7.

МФО 153001942, код 942,р/р 3015293730279,УНП 600044558.

З абавязковай паметкай –  для ўзвядзення помніка воінам Першай сусветнай вайны.

Лана СВЯТЛІЦКАЯ

 

У ДЗЕНЬ ВЕДАЎ: НА МОЦНЫМ ФУНДАМЕНЦЕ

У дзень ведаў прадстаўнікі многіх ведамстваў і структур прынялі ўдзел у святочных урачыстасцях у школах і правялі сустрэчы з вучнямі на першым уроку па тэме  «Дзякуй салдатам Перамогі за тое, што не ведаем вайны».

Без духоўных асноў нельга абгрунтаваць патрыятызм, правільныя адносіны да сям’і. Раённы тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва ў рамках «Праграмы дэмаграфічнай бяспекі Мінскай вобласці на 2011-2015 гады» ажыццяўляе шэраг праектаў, накіраваных на ўмацаванне духоўна-маральных асноў сям’і, адраджэнне і прапаганду сямейных каштоўнасцяў.

Першага верасня спецыяліст па сацыяльнай рабоце цэнтра Зінаіда Катлашэўская сустрэлася з вучнямі Горкаўскай сярэдняй школы. Вучнёўскай аўдыторыі былі прапанаваны кароткачасовыя відэаролікі, якія прапагандуюць моцную здаровую сям’ю. Прайшло абмеркаванне відэасюжэтаў.  Асабліва расчуліла  ўсіх відэастужка пра тату. Вучні маглі выказацца, расказаць пра сваіх бацькоў, падзяліцца радасцю цёплых адносін у іх сем’ях. Зінаіда Сяргееўна зрабіла акцэнты на так званым «грамадзянскім» шлюбе, расказала аб юрыдычных, маральных і духоўных аспектах такога сужыцельства. Гутарка была прадоўжана тэмай аб асаблівасцях сапраўднага кахання, якое ва ўсе эпохі ўпрыгожвала маладых людзей і было моцным фундаментам сямейнага шчасця.

Пр

 

ПАМЯЦЬ: ДЛЯ МОЛАДЗІ НОВАГА СВЕРЖАНЯ

Напярэдадні 70-годдзя вызвалення Беларусі па Новым Свержані прайшоў незвычайны маршрут – па месцах баявой славы.

Новы Свержань, між іншым, памятае не адну вайну, яго гісторыя, унікальная на падзеі і асобы, змяшчае амаль шэсць стагоддзяў. Усцяж вёскі можна сустрэць помнікі і памятныя знакі – сведчанне той незабыўнай даўніны. Невыпадкова, што можна не адну гадзіну блукаць па яе вуліцах і завулках, а таксама па навакольных  сцежках, што проста самі клічуць у захапляльнае падарожжа па часе і прасторы. А калі паход гэты будзе адбывацца ў кампаніі з такім дасведчаным экскурсаводам-энтузіястам, як краязнавец Аляксей Палянскі, то прамільгнуць яны зусім непрыкметна.      

Так было і з вучнямі мясцовай школы, удзельнікамі школьнага летніка. Адным  чэрвеньскім днём яны адправіліся  ў падарожжа па месцах баявой славы – не куды-небудзь, а ў сваёй роднай вёсцы. Спачатку паглядзелі відэафільм, а потым пайшлі ўбачыць усё гэта на свае вочы.

Знаёмства з мінулым пачалося ад брацкай магілы, у якой пакояцца астанкі  воінаў-вызваліцеляў.  З ліку  многіх безымянных герояў  імя аднаго  стала вядома. Гэта Іван Перацяцька, ураджэнец Днепрапятроўскай вобласці. Хто ён быў такі, яскрава скажа загад 1675 арылерыйскага мінамётнага палка № 3/н ад 21 сакавіка 1944 года: «Ад імя Прэзідыума Вярхоўнага Савета Саюза Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік –  узнагароджваю медалём «За адвагу» 7 наводчыка мінамёта 3 батарэі, чырвонаармейца Перацяцьку Івана Андрэевіча за тое, што ён у баі 14.03.44  у раёне населенага пункта Бурханаўка сваім меткім агнём з мінамёта па калоне праціўніка знішчыў адну гармату, адзін станкавы кулямёт і 15 салдатаў і афіцэраў праціўніка, чым забяспечыў рух наперад нашым коннікам».

Пра подзвіг украінца Івана Перацяцькі, які загінуў каля Новага Свержаня другога ліпеня 1944 года, добра ведаюць школьнікі Навасвержанскай школы. Адзін час ставілася пытанне аб прысуджэнні імені героя (яму было ўсяго 25) піянерскай дружыне школы. 

Другога ліпеня 1944 года  –  гэта дзень вызвалення Стоўбцаў. Наступальная аперацыя пачыналася акурат з Новага Свержаня, з самага высокага яго месца, адкуль горад праглядваецца як на далоні. Сёння яно абазначана каменем-валуном, ля падножжа –  заўсёды вянкі, кветкі… Недалёка ад яго, у ляску за Новым Свержанем, ёсць яшчэ адно знакавае месца – былое гета, дзе немцы расстрэльвалі мясцовых яўрэяў. Цудам выжыў Ура Каплан, якому маці, калі іх везлі на пагібель на машыне, загадала саскочыць  і ўцячы… Ура Якаўлевіч, які такім чынам выжыў, а потым трапіў у партызанскі атрад, наведваў гэтае месца, дзе загінулі яго блізкія і аднавяскоўцы, дзяліўся ўспамінамі… Намаганнямі дабрачыннай яўрэйскай арганізацыі тут устаноўлены помнік. У свой час  шэфства над ім узяла школа-інтэрнат у Караліне.

Адносна нядаўна, у 2005 годзе, з’явілася велічная скульптурная кампазіцыя ў гонар салдатаў Вялікай Айчыннай у цэнтры вёскі, побач з сельвыканкамам. З ёю, здаецца, адбылося самае важнае: акрэсліўся так званы сэнсавы цэнтр правядзення ваенна-патрыятычнай работы з моладдзю, матэрыялізавалася адчуванне значнасці Новага Свержаня як паселішча з канкрэтным ваенным мінулым і ўдзелам яго ў набліжэнні нашага агульнага вызвалення. Школьнікаў тут прымаюць у піянеры. Тут праходзяць мітынгі.

Адзнакі вайны захаваліся, так бы мовіць, і  ў сэрцы Новага Свержаня – у раёне яго сакральнай плошчы, дзе месціцца магічны трохкутнік з культавых будынкаў – царквы, касцёла і сінагогі. У чэрвені 1941-га сінагога, пабудаваная ў сярэдзіне ХІХ стагоддзя, была разбурана фашыстамі (такой яна стаіць і сёння), а са СвятаУспенскай царквы бясследна знікла цудатворная ікона Маці Божай, святыня ХV стагоддзя. Можна яшчэ шмат якіх цікавых фактаў паведаміць пра гэтую плошчу. Праз Новы Свержань праходзіла вайна 1812 года, у сувязі з чым тут быў устаноўлены помнік. Гэты помнік захаваўся, але… толькі на макеце, які калісьці ўласнаручна стварыў яго карэнны жыхар Генадзь Пяткевіч (пра Новы Свержань можна атрымаць і больш падрабязную  інфармацыю,  калі  зайсці на сайт: www.novisverzen.narod.ru).    

Дзякуй Богу, у Новым Свержані жывуць сведкі вайны – ветэраны. Вучні  запрашаюць іх у школу, наведваюцца да іх дамоў. Сувязь пакаленняў не губляецца. Краязнавец, Аляксей Палянскі, ён жа і старшыня пярвічнай ветэранскай арганізацыі Навасвержанскага сельсавета, прыдумаў, як зрабіць яе яшчэ больш трывалай і надзейнай: ён падараваў кожнаму ўдзельніку школьнага летніка каляровую лістоўку-плакат са здымкамі адметных мясцін Новага Свержаня, яго герояў- вызваліцеляў. Падарунак, можна сказаць,  персанальны, таму што на ім ёсць і фота самога дзіцяці, якому ўручаны гэты падарунак на памяць, з заклікам: «Любі і абараняй Радзіму!»

Таццяна ПЯТКЕВІЧ

 

ПАТРЫЯТЫЧНАЕ ВЫХАВАННЕ: НА ЎРОК – У МУЗЕЙ

Навучальныя ўстановы закліканы выхоўваць грамадзянска-патрыятычныя якасці ў маладога пакалення. Гэтаму садзейнічае ўдзел у рэспубліканскіх акцыях, турысцкіх экспедыцыях, іншых мерапрыемствах, якія выхоўваюць патрыятычныя пачуцці і павагу да сваёй Радзімы.

Вялікая роля ў справе фарміравання грамадзянскіх, духоўных, маральных якасцяў адводзіцца школьным музеям. У нашым раёне дзейнічаюць 13 музеяў у школах. У іх праходзяць урокі мужнасці, сустрэчы з ветэранамі і вядомымі людзьмі.

Кожнае новае пакаленне школьнікаў пад кіраўніцтвам настаўнікаў сваёй даследчай, краязнаўчай дзейнасцю папаўняе музеі, узбагачае экспазіцыі новымі матэрыяламі. Важнасць гэтай краязнаўчай работы нельга пераацаніць.



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *