На аб’ектах меліярацыі працуюць з ініцыятывай

Важное Эканомiка

image_pdfimage_print

Добрыя тэндэнцыі намеціліся ў ААТ «АБФ «ПМК-74 – Налібакі»: прадпрыемства завяршыла 2020 год з чыстым прыбыткам.

За кошт чаго дасягнуты вынік?

Дырэктар аграбудфірмы Уладзімір Жук тлумачыць:

– Тэмп росту аб’ёмаў вытворчасці ў супастаўных цэнах склаў 101,2 працэнта. Была ўведзена ў эксплуатацыю пасля рамонту, распачатага ў 2019 годзе, меліярацыйная сістэма «Ячанка». Такім чынам, намі асвоены сродкі абласнога бюджэту, а сельскагаспадарчы філіял «Аталезь-агра» атрымаў дадатковыя плошчы для ўмацавання кармавой базы. Акрамя таго, аказвалі розным сельскагаспадарчым арганізацыям раёна поўны комплекс паслуг – ад вывазкі арганікі да перавозкі зялёнай масы ў сянажныя траншэі. Паўсядзённы клопат работнікаў прадпрыемства – тэхнічны догляд дзеючых меліярацыйных сістэм.

Эфектыўнай рабоце прадпрыемства паспрыяла арганізацыя працы, дзякуючы якой выдаткі на вытворчасць зменшыліся на 7,1 працэнта. Сярод рэалізаваных мерапрыемстваў – забяспечанасць транспарту сістэмай кантролю GPS.

Экскаватаршчык Юрый Качановіч на любым аб’екце здольны забяспечыць максімальную прадукцыйнасць працы

Планы на 2021 год ахопліваюць адразу тры аб’екты: рамонт меліярацыйнай сістэмы «Сула» (для СГФ «Аталезь-агра»), а таксама рэканструкцыі меліярацыйных сістэм «Уса» (для ААТ «Радзіма Дзяржынскага») і «Хмелішча» (для ААТ «Дзераўное»). Работы на першым будуць ажыццяўляцца за сродкі рэспубліканскага бюджэту, на двух іншых – абласнога.

Тэхнічны парк прадпрыемства складаецца амаль з двух дзясяткаў адзінак розных відаў тэхнікі, у тым ліку спецыялізаванай, такой як экскаватары, бульдозер.

– Мы не можам набываць новую тэхніку, пакуль ёсць даўгі, – кажа Уладзімір Жук, – але настрой у людзей апошнім часам кардынальна змяніўся. Усе ўбачылі, што можна зарабіць, калі працаваць на вынік. Падтрымліваем ініцыятывы. У плане заробку неабходна расці і далей.

У калектыве шмат вопытных спецыялістаў, старажылаў. Сярод іх – экскаватаршчыкі Іосіф Чарняўскі і Юрый Качановіч. Не адстае ад іх і моладзь, іх калегі Аляксандр Камароўскі і Алег Грыгарцэвіч. Летам у калектыў прыйдуць трое маладых спецыялістаў з Брэсцкага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта і Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ, фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *