У ААТ «Рубяжэвічы» імкнуцца працаваць на вынік

Главное Сельская гаспадарка

image_pdfimage_print

Каб ацаніць пражыты год, неабходна параўнаць яго з папярэднім. Калі ёсць зрухі ў лепшы бок, значыць, праца ідзе ў правільным напрамку, калі ж не – неабходна пераасэнсоўваць зробленае і вучыцца на памылках.

Паказчыкі, якія дасягнуты ААТ «Рубяжэвічы», – заслуга добрасумленных працаўнікоў, якія рупяцца на палях, фермах, у рамонтных майстэрнях. Узначальвае таварыства Дзмітрый Сахарэвіч. На гэтай пасадзе ён чацвёрты год і стараецца прыкласці ўсе намаганні для таго, каб вынікі работы сельгаставарыства павялічваліся, а значыць – вышэйшым быў і прыбытак ад рэалізацыі сельскагаспадарчай прадукцыі.

Дырэктар таварыства Дзмітрый Сахарэвіч

Раслінаводства – аснова сельскай гаспадаркі

Валавы збор збожжавых і зернебабовых культур летась склаў 6132 тоны,  што на 1788 тон больш, чым у папярэднім. З кожнага гектара намалацілі 38,6 цэнтнера – гэта на 10,4 цэнтнера больш, чым пазамінулы паказчык. У раённым спаборніцтве калектыву руплівых хлебаробаў прысуджана трэцяе месца.  Сёлета плануецца пасеяць 550 гектараў яравых збожжавых.  Задача агранамічнай службы – вызначыць лепшыя палі, правесці ўвесь комплекс сельскагаспадарчых работ, каб атрымаць максімальную аддачу.

Таварыства – у ліку нямногіх гаспадарак, якія вырошчваюць бульбу. Летась не ўдалося дасягнуць высокага паказчыка, валавы збор склаў 382 тоны. Рэалізавалі 247 тон клубняў. У гэтым годзе плануецца пасадзіць 40 гектараў другога хлеба і, калі паспрыяе надвор’е, атрымаць валавы збор 1100 тон.

Намалацілі 328 тон масланасення рапсу пры ўраджайнасці 15 цэнтнераў з гектара. Для павелічэння ўраджайнасці гэтай прыбытковай тэхнічнай культуры летась набыты і пасеяны новыя гібрыды. Павялічана плошча пад яго вырошчванне. У таварыстве разлічваюць сёлета атрымаць валавы збор 780 тон. Другое месца ў агульнай плошчы пасеваў гаспадаркі займаюць кармавыя культуры. Яны прадстаўлены кукурузай на сілас, аднагадовымі і шматгадовымі травамі. Найбольшую плошчу займае кукуруза – 770 гектараў.

Механізатары Уладзімір Карчагін, Эдуард Неўмяржыцкі, Юрый Патоцкі, галоўны аграном Сяргей Кухарчык, галоўны інжынер Леанід Шышко, механізатар Сяргей Халапук і загадчык майстэрні Фёдар Гурын

 

Стаўка на кармавую базу

Для ўдасканальвання тэхналогіі вырошчвання сельскагаспадарчых культур у таварыстве плануюць набыць новыя перспектыўныя сарты, якія характарызуюцца высокай прадукцыйнасцю (збожжавыя з ураджайнасцю 40-45 цэнтнераў з гектара). Гэта дазволіць павялічыць вытворчасць валавой прадукцыі раслінаводства. Пры гэтым асаблівы ўпор гаспадарка робіць на стварэнне трывалай кармавой базы, бо яна аснова развіцця жывёлагадоўлі. Варта адзначыць, што работа ў даным напрамку ў гаспадарцы пастаўлена на ўзроўні. Корманарыхтоўчы атрад летась заняў другое месца ў раённым спаборніцтве. На ўмоўную галаву жывёлы нарыхтавана звыш 30 цэнтнераў кармавых адзінак травяных кармоў. Разам з дадатковымі крыніцамі гэтая лічба склала 43,8 цэнтнера. У перспектыве – дабівацца вышэйшых паказчыкаў. Для гэтага патрэбна мець у дастатковай колькасці танных і якасных кармоў. Плануецца стварыць пераходны, паўтарагадовы, запас камбікармоў, сенажу і сіласу. Як запэўнівае Дзмітрый Сахарэвіч, гэта дазволіць інтэнсіўна развіваць жывёлагадоўлю, стабільна павялічваць аб’ёмы вытворчасці і рэалізацыі дзяржаве малака і мяса буйной рагатай жывёлы.

Аператары машыннага даення Алена Мардзіловіч, Вольга Голышава, ветурач Анастасія Галоўчык і аператар машыннага даення Людміла Патоцкая

Валаўтвараючая галіна

Жывёлагадоўля з’яўляецца валаўтвараючай галіной. У мінулым годзе валавы надой малака павялічыўся і склаў 8244 тоны – гэта 113,4 працэнта да ўзроўню папярэдняга. У сярэднім ад кожнай каровы атрымана 5197 кілаграмаў, плюс 529 кілаграмаў. Перад работнікамі жывёлагадоўчых фермаў таварыства стаіць  задача і надалей павялічваць вытворчасць прадукцыі жывёлагадоўлі і яе якасць. У мінулым годзе істотна павялічылася якасць малака, што рэалізоўваецца на малаказаводы, прададзена гатункам экстра 80,7 працэнта. Ёсць магчымасць пастаўляць перапрацоўшчыкам усю прадукцыю найвышэйшым гатункам. І да гэтага будуць імкнуцца, бо гэта адна з крыніц дадатковага атрымання грашовай выручкі.

Галоўны бухгалтар Браніслава Гурбо (у цэнтры), эканаміст Лідзія Рагоза, бухгалтар Караліна Лапіцкая, галоўны эканаміст Часлава Ключнік і бухгалтар Алена Шалаш

Планы на 2021 год

Гаспадарка плануе павялічыць вытворчасць валавой прадукцыі ў супастаўных цэнах на 110,5 працэнта да ўзроўню, які быў дасягнуты ў мінулым годзе, нарыхтаваць 19 500 тон сіласу, 17 500 тон сенажу і 600 тон сена, павялічыць пагалоўе буйной рагатай жывёлы на 104 галавы, надаіць 8740 тон малака, атрымаць 534 тоны валавых прываг мяса ялавічыны пры сярэднясутачных прыбаўленнях у вазе жывёлы 600 грамаў.

Запланавана таксама абнавіць асноўныя вытворчыя фонды,  завяршыць сёлета будаўніцтва новага жывёлагадоўчага памяшкання для ўтрымання буйной рагатай жывёлы на МТФ «Новыя Рубяжэвічы № 1» (на 290 галоў дойнага статка). Рыхтуецца праектна-каштарысная дакументацыя на ўзвядзенне «клюшачніка» такой жа ўмяшчальнасцю, з устаноўкай даільнай залы, на МТФ «Новыя Рубяжэвічы № 2».

Як адзначыў Дзмітрый Сахарэвіч, каб у гэтым годзе выканаць планы і палепшыць стан гаспадаркі, трэба будзе прыкласці шмат намаганняў.

Марына КУТАС

Фота Наталлі КЛЫГАЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *