Якая справа – такая і слава

Нумары Сельская гаспадарка

За мінулы год аператар машыннага даення ПДСУП «Профі-Аграцэнтр» Алена Кожыч атрымала ад кожнай каровы сваёй групы  8400 кілаграмаў малака і дасягнула самага высокага паказчыка сярод калег.

– Алена Іванаўна выключнай працавітасці жанчына, – сказаў галоўны заатэхнік прадпрыемства Уладзімір Жукаў. – Як прыехаў сюды працаваць, то адразу яе прыкмеціў. Даглядала Алена Іванаўна два гады назад бычкоў. Як ні прыеду –  яна заўсёды на месцы. Пастаянна  назірае за тым, як жывёла сілкуецца. Як толькі з’ядуць бычкі сянаж, яна зноў падграбае ім кармы. Кілаграмовыя прывагі атрымлівала. Яна вельмі добрая па характары. Ніколі не ўдарыць жывёлу, не накрычыць на яе, а толькі дазваляе сабе лёгка ляпнуць іх далонькай па спіне. За ўвесь перыяд маёй працы ў жывёлагадоўлі такія людзі сустракаліся  не часта. Нярэдка назіраю, як яна цяпер працуе. І радасна ад таго, што ёсць у нас такая даярка. У памяшканні ціха, чуваць толькі, як шумяць даільныя апараты. Здаецца, акрамя жывёлы нікога і няма ў кароўніку. Але, калі прыглядзецца (Алена Іванаўна невялікага росту),то бачна, як мільгае паміж спінамі рагуляў купіна яе чорных валасоў. Упаў апарат, яна спакойна, без лішніх слоў, паднімае і зноў надзявае яго на вымя. І каровы аддзячваюць за такую пяшчоту высокімі надоямі. А як слухаюцца яе! Проста ходзяць следам, так прывыклі.

Уладзімір Міхайлавіч прывёў прыклад, маўляў, неяк пераганялі дойны статак з аднаго поля на другое, дык  каровы яе групы не хацелі пераходзіць за возера. Так упарціліся, што прыйшлося вызываць Алену Іванаўну. Даярка прыехала на поле, паклікала кароў, і ўсе прыгажуні з чырвонымі біркамі (менавіта такім яркім колерам пазначаны рагулі яе групы) выйшлі з агульнага гурту і пайшлі следам за сваёй гаспадыняй. Так і перавяла іх Алена Кожыч за сабою. Але калі пайшла назад, то і рагулі таксама рушылі за ёю. Жанчыне прыйшлося хавацца ў хмызняку і, прыгнуўшыся,  уцякаць.

З такой цеплынёй Уладзімір Міхайлавіч расказваў пра працаўніцу, што захацелася хутчэй з ёю пазнаёміцца. Як высветлілася з размовы, Алена Іванаўна мясцовая, са Сцяцкоў. Пачынала працаваць трактарысткай у калгасе, а ўжо потым прыйшла на ферму даяркай. Затым  паляводства і зноў – ферма.

– Люблю жывёлу, таму і вырашыла зноў пайсці працаваць у жывёлагадоўлю, – сказала Алена Кожыч. –  Даглядала спачатку бычкоў – пяцьсот галоў. Нялёгка было, але прывыкла. Затым прапанавалі мне набраць групу пяршачак. Згадзілася. За кожнаю кароўку перажываю, сачу, каб не было мастыту. Пазнаю  іх усіх, і яны мяне таксама. Калі дойка ідзе, то размаўляю з рагулямі і песні  ім спяваю, а яны слухаюць і малачко аддаюць.

У сярэднім звыш 21 кілаграма малака штодзень надойвае ад кожнай каровы сваёй групы Алена Іванаўна. А некаторыя кароўкі і па трыццаць даюць. Яна ласкава называе іх па мянушках. А ў кожнай каровы, так прапанаваў галоўны заатэхнік, мянушка пачынаецца на букву «С». 

– Мы шукалі мянушкі нават у інтэрнэце, і знайшлі для ўсіх пяцідзесяці, – дадала перадавая даярка. – Сліва, Снягурка, Суліма, Саўраска, Сцеша, Сюіта… і нават Сонька-разбойніца. Неспакойная такая карова была, брыкалася, і хоць цяпер суняла свой імпэт, нават абняць яе магу, але так па-ранейшаму і называю.

Алена Іванаўна ўвесь дзень прападае на ферме. І   работу выконвае  сумленна, надзейна, бо не можа інакш. І ўсё ў яе пастаянна ў парадку. Сказала, што дома вялікай хатняй гаспадаркі няма, таму дазваляе сабе затрымацца на рабоце. Ездзіць жанчына на працу на веласіпедзе. Нават прыязджае на пашу, каб паглядзець, як пасвіцца яе група, ці добры ўчастак каровам   адбіты. 

–  Пастаянна стаўлю Алену Кожыч у прыклад іншым працаўнікам, – працягвае размову галоўны заатэхнік. – У яе не толькі надоі  высокія, а і выхад цялят амаль стопрацэнтны. Некаторыя крышку крыўдзяцца, але потым згаджаюцца, што варта пераймаць вопыт работы сваёй каляжанкі.

Сёлета па надоях малака ад каровы Алена Іванаўна мае плюс да паказчыка мінулага года,  і цалкам магчыма ёй выйсці на дзевяцітысячны рубеж. Будзем спадзявацца, што так яно і будзе. Варта  дадаць, што дачка Алены Іванаўны, Марыя Шчэкала, таксама працуе на прадпрыемстве – заатэхнікам. І такая ж добрасумленная і працавітая, як і яе маці.

Надзея БАТАЛКА

Фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *