Інвестыцыі ў новыя рынкі збыту

Главное Эканомiка

image_pdfimage_print

Стаўбцоўскі мясакансервавы камбінат працуе эфектыўна, заробленыя сродкі назапашвае для рэалізацыі буйнога інвестыцыйнага праекта.

Перапрацоўшчыкі плануюць пабудаваць у найбліжэйшай перспектыве цэх па забоі жывёлы, які дазволіць ім выйсці на новыя рынкі збыту. Работа гэтая вядзецца ўжо даўно. На даным этапе слова – за праектантамі. Пры гатоўнасці праекта будаўнічыя работы распачнуцца ўжо ў пачатку лета. Падрадная арганізацыя будзе вызначана па выніках тэндара.

Сёння ў прадпрыемства, якое з’яўляецца для Стоўбцаў горадаўтваральным, стратэгічная задача – нарасціць аб’ёмы рэалізацыі сваёй прадукцыі. Экспартныя адгрузкі ажыццяўляюцца ў Казахстан. Пастаўкі ў Кітай пакуль прыпынены з-за эпідэміялагічнай сітуацыі. На айчынным рынку вядзецца мэтанакіраваны пошук новых гандлёвых кропак.

Цесная работа наладжана з фабрыкамі «Камунарка»і «Слодыч», агракамбінатам «Дзяржынскі», заводам «Крыніца» і іншымі прамысловымі прадпрыемствамі рэспублікі ў плане таго, каб пастаўкі прадукцыі ў фірменныя гандлёвыя сеткі былі ўзаемнымі.

Адметна і тое, што камбінатам выйграны тэндары на пастаўку прадукцыі ў закрытыя ўстановы сацыяльнай сферы, на камбінаты школьнага харчавання г. Мінска, г. Баранавічы. Вельмі важнае пытанне – захаваць высокую якасць прадукцыі.

– Зацікаўленасць у канчатковым выніку павінна быць у кожнага работніка, – адзначае дырэктар камбіната Рамуальда Бурдукевіч.

Для сябе асабіста і спецыялістаў, якія працуюць у адной камандзе, Рамуальда Браніславаўна ставіць мэту – забяспечыць людзей работай, рэалізаваць прадукцыю і выплаціць дастойную заработную плату.

У 2021 годзе адначасова з рэалізацыяй інвестпраекта стаіць задача павышэння заработнай платы. «Неабходна кожнаму на сваім участку шукаць спосабы,  як зменшыць сабекошт прадукцыі, – акрэслівае ўмовы перад членамі калектыву Рамуальда Бурдукевіч. – У цяперашні час запатрабаваны работнікі ўніверсальныя, якія валодаюць сумежнымі прафесіямі і гатовы выконваць  розныя тэхналагічныя аперацыі».

Надзённым клопатам застаецца забеспячэнне камбіната сыравінай. Асноўная нагрузка ў працэсе перапрацоўкі прыходзіцца на цэх па забоі жывёлы. Гэта вядучае падраздзяленне, удзел якога ў выручцы прадпрыемства складае 60 працэнтаў. Ад яго стабільнай работы залежыць эфектыўнасць камбіната ў цэлым.

Мінулы год быў для перапрацоўшчыкаў удалым, таму акрамя заробку яны атрымалі выплаты сацыяльнага характару. Сярод іх – 13-я зарплата, ільготнае харчаванне і інш.

Імідж паспяховага прадпрыемства падкрэслівае ландшафтная кампазіцыя побач з ім, своеасаблівы сімвал яго дабрабыту, а таксама добраўпарадкаваная аўтастаянка.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ, фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *