Работа падабаецца

Нумары Сельская гаспадарка

Марына Макоўская  працуе ў ААТ «Дзераўное» загадчыцай  склада гаруча-змазачных матэрыялаў. Запраўка тэхнікі палівам – гэта яе асноўная работа.

– Таксама ў маім падпарадкаванні склад запасных частак і ветэрынарная аптэка, – гаворыць жанчына. –  Выдаю работнікам неабходныя запчасткі. Ветэрынарныя прэпараты спачатку паступаюць да мяне на склад, а затым іх развозяць па жывёлагадоўчых фермах. Вяду і ўсю неабходную дакументацыю.

У перыяд напружаных палявых работ працоўны дзень Марыны Збігнераўны пачынаецца з сямі гадзін раніцы і заканчваецца позна вечарам. І так з вясны да позняй восені, практычна без выхадных. І толькі ў зімовы час, як гаворыць жанчына, становіцца крышку лягчэй, бо працоўны  дзень у таварыстве скарачаецца для ўсіх работнікаў. Але спакой гэты ненадоўга, літаральна на пару месяцаў. І гэтымі днямі ў Марыны Макоўскай няма свабоднай хвілінкі – працягваюцца палявыя работы, неўзабаве пачнецца сяўба азімых збожжавых. Ёй патрэбна абавязкова быць на месцы, своечасова  запраўляць тэхніку палівам, каб механізатары працавалі ў полі без прастояў.

Шэсць, з чатырнаццаці гадоў шчыравання ў гаспадарцы, Марына Макоўская працуе загадчыцай склада. А пачынала дыспетчарам, з гэтай пасады пайшла ў дэкрэтны водпуск. Затым працавала лабаранткай  на МТФ «Заброддзе». Пасля другога «дэкрэту» і паставіла яе кіраўніцтва загадваць складам.  Варта адзначыць, што Марына Збігнераўна выдатна спраўляецца са сваімі абавязкамі. І работа  ёй падабаецца. У свой час жанчына скончыла Барысаўскае прафесійна-тэхнічнае вучылішча машынабудаўнікоў. Спакойная і ўраўнаважаная, яна карыстаецца павагай у калектыве.

Сям’я Макоўскіх пражывае ў аграгарадку Дзераўная, у добраўпарадкаваным доме, які выдзеліла  кіраўніцтва таварыства. Клопатаў у маці дастаткова. Старэйшая дачка сёлета пайшла вучыцца ў адзінаццаты клас, а сыны –  у пяты і трэці. Дзецям у школе (сям’я шматдзетная) выдзяляецца бясплатнае харчаванне. Бацькі не плацяць падатку на зямлю. Жыллё сёлета прыватызавалі. І тут таксама дапамогу аказала дзяржава.

– Пэўную суму грошай, якія патрэбна заплаціць гаспадарцы, так бы мовіць, «спісалі», – адзначыла Марына Збігнераўна. – Але каштуе дом даволі нямала, таму нам дазволена пагашаць налічаную суму ў растэрміноўку, на працягу дзесяці гадоў. Якраз да выхаду на пенсію і разлічуся.

Макоўскія –  людзі працавітыя. Трымаюць на падвор’і падсобную гаспадарку. Карова ёсць, куры, качкі, а гэта добрае падспор’е для сям’і. Мяркуюць набыць і парсючкоў.

Надзея БАТАЛКА

Фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *