Стаўбцоўская ЦРБ уносіць свой уклад у павелічэнне нараджальнасці

Главное Медыцына

image_pdfimage_print

У выкананні дзяржаўнай праграмы «Здароўе і дэмаграфічная бяспека» важная роля належыць УАЗ «Стаўбцоўская ЦРБ», якая ўносіць свой уклад як у павелічэнне нараджальнасці, так і працягласці жыцця.

Дзякуючы даступнай і якаснай медыцынскай дапамозе за апошнюю пяцігодку працягласць жыцця на Стаўбцоўшчыне павялічылася з 72,9 года да 75 гадоў. Колькасць дзіцячага насельніцтва складае амаль 7,5 тысячы чалавек.

Сёння стаўбцоўская бальніца на чале з галоўным урачом Святланай Глебка (напярэдадні Міжнароднага жаночага дня Святлану Здзіславаўну павіншаваў і пажадаў новых дасягненняў Прэзідэнт краіны. – Заўвага рэдакцыі) можа пахваліцца высокім працэнтам укамплектаванасці  ўрачамі, прычым іх замацаванасці пасадзейнічала вырашэнне жыллёвага пытання. Так, у 2020 годзе райвыканкамам  было выдзелена пяць арэндных кватэр для медработнікаў. Установа аховы здароўя мае свой добраўпарадкаваны інтэрнат.

Як расказала галоўны ўрач Святлана Глебка, у сучасных умовах арганізавана работа па аказанні пярвічнай медыцынскай дапамогі ў камандзе ўрача агульнай практыкі. Гэта дае спрыяльныя ўмовы як для пацыентаў, так і для персаналу. Пастаянна ўмацоўваецца матэрыяльная база бальніцы. Летась на набыццё сучаснага абсталявання было выдаткавана 312 тысяч рублёў. Сучасны рамонт выкананы ў цэнтральным стэрылізацыйным аддзяленні.

Усе рабочыя месцы ва ўстанове аховы здароўя інфарматызаваны. Укаранёны такія новыя формы работы, як электронная амбулаторная карта, электронны рэцэпт, тэлемедыцынскае кансультаванне і г. д. Набыты яшчэ 10 камп’ютарных машын, на якія ў найбліжэйшы час будзе ўстаноўлена адпаведнае праграмнае забеспячэнне. Асноўная задача – перавесці інфармацыю з усіх участкаў у электронны фармат.

Неабходна адзначыць, што для павышэння нараджальнасці працуе кабінет мужчынскай бясплоднасці, у якім летась быў пралечаны 81 пацыент. З 2018 года ў ЦРБ адкрыты кабінет ранняга ўмяшальніцтва, у якім 32 дзіцяці ва ўзросце да трох гадоў прайшлі карэкцыю адхіленняў і рэабілітацыю.

Для павышэння даступнасці медыцынскай дапамогі, у прыватнасці сярод жыхароў аддаленых населеных пунктаў, Стаўбцоўскай ЦРБ набыты перасоўны медыцынскі комплекс. Такая «бальніца на колах», а таксама дыспансерызацыя насельніцтва дазваляюць медыкам дайсці да кожнага жыхара раёна і выявіць пацыентаў групы рызыкі паводле хвароб сістэмы кровазвароту, анкалагічных захворванняў і інш.  Працягваюцца скрынінгі рака кішэчніка, малочнай залозы і іншых органаў, прафілактычна-асветніцкія мерапрыемствы, аказанне паслуг па аздараўленні.

На даны момант у Стаўбцоўскай ЦРБ  працуюць над укараненнем праекта «Клапатлівая паліклініка», з дапамогай якога не будуць губляць каштоўны час ні пацыенты, ні ўрачы.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ,

фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *