Палітыка ідзе ў рэгіёны

Афіцыйна Главное

image_pdfimage_print

У г. п. Плешчаніцы адбыўся семінар для ідэалагічных работнікаў Мінскай вобласці па грамадска-палітычнай сітуацыі на сучасным этапе.

У рабоце семінара прымалі ўдзел намеснік старшыні Мінскага аблвыканкама Іван Маркевіч, пракурор Мінскай вобласці Сяргей Хмарук, начальнік упраўлення ўнутранных спраў Мінскай вобласці Аляксандр Кавальчук, дэкан факультэта філасофіі і сацыяльных навук БДУ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт Вадзім Гігін, член Беларускага саюза журналістаў, спецыяліст навукова-экспертнай групы пры дзяржаўным сакратарыяце Савета бяспекі Рэспублікі Беларусь Аляксандр Шпакоўскі, кіраўнікі структурных падраздзяленняў Мінскага аблвыканкама, работнікі ідэалагічнай вертыкалі абласных і раённых арганізацый.

Адкрыў семінар-дыялогавую пляцоўку намеснік старшыні аблвыканкама Іван Маркевіч. «Апошнім часам мы адчуваем ціск і праходзім праверку на трываласць, але моцная ўлада дае адпор у гэтай сітуацыі. Людзі прачнуліся, ім неабыякава, як будзе развівацца краіна», – адзначыў Іван Станіслававіч.

Удзельнікі семінара абмяркоўвалі грамадска-палітычную сітуацыю ў Беларусі на сучасным этапе, расказвалі аб зменах у адміністрацыйным заканадаўстве, якія ўступілі ў сілу з 1 сакавіка 2021 года. Як заўважыў пракурор Мінскай вобласці Сяргей Хмарук, сітуацыя ў  краіне знаходзіцца на кантролі, яна спакойная, але гэта не дае права ўсёй ідэалагічнай вертыкалі ўлады, праваахоўным органам супакойвацца. Працэсы, якія адбываюцца на Міншчыне, таксама на кантролі. Пры гэтым у сувязі з новым Кодэксам аб адміністрацыйных правапарушэннях мяняюцца і падыходы. У полі зроку – гуманізацыя адміністрацыйнага заканадаўства. Кодэксы аб адміністрацыйных правапарушэннях цяпер накіраваны на прафілактыку. Большасць адміністрацыйных матэрыялаў можа быць абмежавана вуснымі папярэджаннямі. Калі дапускаюцца паўторныя парушэнні, то грамадзяне будуць прыцягвацца да адказнасці. Разам з тым, ёсць асобныя катэгорыі правапарушэнняў, дзе адказнасць павялічана. Напрыклад, гэта тычыцца кіравання транспартам у стане алкагольнага ап’янення ці арганізацыі масавых мерапрыемстваў.

У пракуратуру Мінскай вобласці паступаюць пытанні як звязаныя з грамадска-палітычнай сітуацыяй у грамадстве, так і тыя, якія носяць індывідуальны характар. Усе яны вывучаюцца і знаходзяцца на кантролі.

Вадзім Гігін, дэкан факультэта філасофіі і сацыяльных навук БДУ, сказаў: «У нас не семінар, а дыялогавая пляцоўка. Калі раней дыялогавыя пляцоўкі разбіваліся па тэмах, то сёння яны арганізаваны па катэгорыях. У Мінску, напрыклад, ідзе актыўная работа са студэнтамі. На сённяшнім семінары-дыялогавай пляцоўцы закранута рэгіянальная праблематыка. Ці гатовы людзі ў раёнах да таго, што ў іх з’явяцца мясцовыя аддзяленні партый, а ў райсавеце – партыйныя прадстаўнікі? Палітыка ідзе ў рэгіёны, і пра гэта трэба ведаць… Год народнага адзінства разбурае стэрэатып «бюракратызаванага» чыноўніка. Палітычны працэс у Беларусі набывае новую якасць».

Аляксандр Шпакоўскі закрануў тэму пратэстнага руху ў Беларусі і параўнаў сітуацыю з  Расійскай Федэрацыяй. Было зазначана, што наша моладзь амаль не глядзіць беларускае і расійскае тэлебачанні, а асноўная крыніца інфармацыі – інтэрнэт і сацыяльныя сеткі. Таксама моладзь мае скупую светапоглядную карціну аб жыцці за мяжой. «З моладдзю патрэбна працаваць», – сказаў Аляксандр Шпакоўскі.

Вядучы навуковы супрацоўнік НДІТПДУ, кандыдат філалагічных навук Уладзімір Сцяпанаў звярнуў увагу на зваротную сувязь дзяржорганаў з насельніцтвам у сацыяльных сетках і інтэрнэт-рэсурсах, а намеснік начальніка ўпраўлення інфармацыйных тэхналогій і СМІ Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў Іван Жаркоў даў рэкамендацыі па рабоце ў сацмедыя.

Асноўная думка, якая праходзіла праз увесь семінар, – у краіне павінны быць мір, спакой, адзінства і незалежнасць.

Нэлі Астрэйка



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *