Бяспека, правапарадак

Ахова правапарадку Нумары

АКНО ДАІ: ЗАДАЧЫ ДАРОСЛЫХ І ЎВАГА ДЗЯЦЕЙ

З 25 жніўня па 5 верасня на тэрыторыі раёна праводзіцца спецыяльнае комплекснае мерапрыемства –  «Увага – дзеці!», а 29 жніўня, прайшоў адзіны Дзень бяспекі дарожнага руху пад дэвізам: «Бяспечная дарога ў школу – задача дарослых!».

На вялікі жаль, не ўсе дзеці становяцца дарослымі. Недарэчныя выпадковасці абрываюць поўныя надзей і радасці юныя жыцці. Прыклады таму ёсць і ў нашым раёне.

3 ліпеня ў 11.30 на вуліцы Цэнтральнай вёскі Аталезь малалетні жыхар Мінска, які аздараўліваўся ў бабулі, гуляў без нагляду паблізу праезджай часткі, выбег на дарогу і трапіў пад кола матацыкла.

22 жніўня каля 19.30 11-гадовая вучаніца школы № 3 горада Стоўбцы,  парушаючы ўстаноўленыя правілы, рухалася па пешаходным пераходзе на веласіпедзе, дзе на яе ўчыніла наезд мясцовая жыхарка, якая  кіравала аўтамашынай «Рэно».

23 жніўня каля 18.30 на скрыжаванні аўтадарог Р-2 і Р-11 жыхар  Мінска, на аўтамашыне «Аўдзі», не прадставіў перавагі ў руху велікагрузнаму аўтамабілю, выехаў на скрыжаванне, дзе адбылося сутыкненне. Ад атрыманых траўмаў вадзіцель памёр у бальніцы, а двое яго ўнукаў, 13-ці і 10-ці гадоў, якія знаходзіліся на заднім сядзенні, атрымалі цяжкія траўмы  – пераломы.

Гэтыя прыклады, а таксама статыстычныя даныя сведчаць, што дзеці-пешаходы, дзеці-веласіпедысты і дзеці-пасажыры з’яўляюцца самымі неабароненымі катэгорыямі ўдзельнікаў дарожнага руху. Найбольш распаўсюджаныя памылкі дзяцей, якія прыводзяць да дарожна-транспартных здарэнняў: парушэнне правіл дарожнага руху пры кіраванні  веласіпедам, нечаканы выхад на праезджую частку з-за транспартнага сродку або іншых перашкод, якія абмяжоўваюць агляд вадзіцелю, а таксама знаходжанне на праезджай частцы без суправаджэння дарослых, іншым разам – з гульнямі або забавамі. 

Дзіцячы дарожна-транспартны траўматызм застаецца праблемай, асабліва з наступленнем навучальнага года. Важна перад школьнымі буднямі нагадаць дзецям і іх бацькам аб тым, што дарога ў школу павінна быць бяспечнай, а бяспека залежыць, перш за ўсё, ад самадысцыпліны, ведання і выканання правіл дарожнага руху.    

У перыяд правядзення мерапрыемстваў вадзіцелям транспартных сродкаў неабходна ў дзённы час сутак уключаць бліжняе святло фар і быць асабліва асцярожнымі падчас руху паблізу школ і іншых дзіцячых устаноў. У гэтыя дні ДАІ праводзіць акцыі, рэйды, прафілактычныя гутаркі не толькі з дзецьмі, а і з дарослымі, бо менавіта дарослыя з’яўляюцца ў пераважнай большасці віноўнікамі таго, што на дарозе церпяць дзеці. Таксама праводзяцца абследаванні вулічна-дарожнай сеткі паблізу школ і дзіцячых дашкольных устаноў.

Да новага навучальнага года Дзяржаўтаінспекцыяй і прадстаўнікамі адукацыі распрацаваны і ўведзены ў дзеянне абноўленыя схемы бяспечных маршрутаў дзяцей у школу і дадому. Новай і цікавай для іх будзе эксперыментальная дарожная разметка ў выглядзе слядоў і стрэлак, якія ўказваюць накірунак руху. Такім чынам, выйшаў са школы ва ўказаным напрамку і паўз пешаходны пераход не пройдзеш. А для інфармавання вадзіцеляў на праезджай частцы абноўлена дарожная разметка «ШКОЛА».

Паважаныя бацькі, акрамя падрыхтоўкі свайго дзіцяці да школы, праверце ў яго веды   правілаў дарожнага руху, абавязкова набудзьце яму флікеры і прымацуйце іх на вопратку, партфель. Гэта зберажэ яго ад небяспекі на дарозе. Загадзя  прайдзіце з дзіцем  увесь маршрут у школу, пакажыце дзе і як неабходна пераходзіць дарогу, небяспечныя ўчасткі і ўчасткі, якія патрабуюць павышанай увагі. Калі дзеці едуць з вамі ў машыне, абавязкова прышпіліце іх рамянямі бяспекі, а малалетніх перавозьце ў спецыяльных аўтакрэслах.

Дзмітрый ВОРАНАЎ, начальнік аддзела ДАІ райаддзела міліцыі

 

АКЦЫЯ: ПАТРЭБНАЯШКОЛА

На схіле лета ў дзіцячым аздараўленчым лагеры «Нёман» прайшоў завяршальны этап акцыі «Канікулы без дыму і агню».

Разам з работнікамі раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях у госці да дзяцей завіталі і прадстаўнікі цэнтра прапаганды і навучання Мінскага абласнога ўпраўлення Міністэрства па надзвычайных сітуацыях.

Да гэтай сустрэчы рабяты пачалі рыхтавацца загадзя: яны аформілі выстаўку дзіцячых малюнкаў на тэму пажарнай бяспекі, падрыхтавалі цікавыя творчыя нумары. Выратавальнікі ж, выкарыстоўваючы форму гульні (падчас віктарыны «Знаўцы асноў бяспекі жыццядзейнасці», конкурсаў «Хто хутчэй», «Складзі слова») яшчэ раз нагадалі пра асноўныя правілы бяспечных паводзін, якія неабходны і падчас канікулаў, і без якіх не абысціся, безумоўна, і ў перыяд навучальнага года. Пра гэта расказалі і фільмы –  «Школа бяспекі» і «Школа эвакуацыі». Незабыўныя ўражанні аб леце, праведзеным у аздараўленчым лагеры, падарыла знаёмства з пажарнай аварыйна-выратавальнай тэхнікай.

У ходзе акцыі дзецям уручалі тэматычныя лістоўкі, а самых актыўных і дапытлівых узнагароджвалі памятнымі прызамі. Самыя працяглыя канікулы завяршыліся, а жыццё нашых школьнікаў павінна і далей заставацца бяспечным.

Вольга САЛЕЙ, інспектар раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях

 

ПРАФІЛАКТЫКА: «ЦВЯРОЗЫ ЧАЦВЕР» ПАЧАЎСЯ Ў ПЯЦЬ РАНІЦЫ

Затрыманыя нецвярозыя на вуліцах горада, знойдзеная пасля пошукаў у лесе бабуля і 22 сустрэчы ў працоўных калектывах раёна – такі вынік Дня цвярозасці, які прайшоў на Стаўбцоўшчыне па ініцыятыве райаддзела міліцыі 21-га жніўня. У гэты ж дзень адначасова ладзілі Дзень інфармавання і Дзень прафілактыкі, прысвечаныя (адпаведна) барацьбе з карупцыяй і бяспечнай дарозе дзяцей у школу.   

У Дзень цвярозасці супрацоўнікі райаддзела міліцыі пачалі дзейнічаць раней звычайнага – у пяць раніцы. Як адзначыла начальнік аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі Юлія Белавусава, пад пільную ўвагу трапілі так званыя прытоны, вакзалы, іншыя шматлюдныя месцы з мэтай выяўлення асоб, якія займаюцца бадзяжніцтвам, папрашайніцтвам, прастытуцыяй ды іншымі негатыўнымі ўчынкамі. У цэлым, як паказалі абследаванні, – абстаноўка з гэтым спакойная і  знаходзіцца пад кантролем міліцыі. Не было выяўлена на нашых вуліцах і безнаглядных дзяцей.

Згодна з Законам Рэспублікі Беларусь «Аб прафілактыцы», міліцыянеры праверылі ў гэты дзень 12 падуліковых грамадзян, восем абавязаных асоб, 14 асоб, якія стаяць на ўліку ў крымінальна-выканальніцкай інспекцыі. Адметна, што выпіўшым сярод іх быў заўважаны толькі адзін мужчына. На роспыты міліцыянераў ён прызнаўся: «Спіртное нідзе не прадаюць, нават у аўталаўцы, а я набыў лякарства на спірце і выпіў».

Міліцыяй праводзіўся маніторынг аб’ектаў гандлю раёна, падчас якога,  паводле  распараджэння райвыканкама, было забаронена прадаваць у Дзень цвярозасці спіртныя напіткі. Парушэнняў з боку гандлёвых работнікаў не выяўлена.

Аднак без адміністрацыйных пратаколаў не абышлося. Чацвёра п’яных «гулялі» па вуліцах горада, за што прыйдзецца адказваць штрафнымі санкцыямі. Іх памер можа быць вызначаны да дзесяці базавых  велічынь. Адміністрацыйная хроніка гэтага дня выглядае наступным чынам: па адным пратаколе складзена за дробнае хуліганства і наўмыснае нанясенне лёгкіх цялесных пашкоджанняў, за няправільнае ўтрыманне дамашняга сабакі. Дзевяць парушальнікаў – па лініі ДАІ. У прыватнасці, з двух затрыманых недысцыплінаваных пешаходаў адзін знаходзіўся ў стане алкагольнага ап’янення. У крымінальным плане Дзень цвярозасці выдаўся  звычайным: разам з пошукамі бабулі, жыхаркі вёскі Дзяражнае, якая напярэдадні пайшла ў лес і прапала, у адной з кватэр у Стоўбцах быў учынены крадзеж кашалька, у якім знаходзіліся грошы і банкаўскія карткі. Ахвотнік да грошай пакуль не ўстаноўлены, а прапаўшая бабуля па свежых слядах знойдзена…      

Нават пры банальным пералічэнні фактаў і збіванні лічбаў відавочна, што Дзень цвярозасці дае  вынікі, «засявае» прафілактычную глебу і пры аднаразовым правядзенні. А калі надаць гэтай рабоце сістэмнасць? Як адзначыла Юлія Белавусава, раённы аддзел міліцыі будзе хадайнічаць перад райвыканкамам аб аб’яўленні ў далейшым Днём цвярозасці на Стаўбцоўшчыне кожнага трэцяга чацвярга месяца.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ

 

«ЗБРОЙНАЯ АМНІСТЫЯ»

1-га ліпеня бягучага года завяршылася так званая «збройная амністыя» – тэрмін дзеяння Указа № 185 «Аб рэгістрацыі няўлічанай ва ўстаноўленым парадку грамадзянскай зброі», што ўступіў у сілу 26 красавіка 2014 года. Гэты дакумент, у прыватнасці, дазваляў да 1-га ліпеня зарэгістраваць няўлічаную зброю і стаць яе законным уладальнікам, або здаць яе, пры гэтым быць вызваленым ад крымінальнай і адміністрацыйнай адказнасці, якая прадугледжана за незаконныя дзеянні ў адносінах да зброі.

Названы ўказ быў прыняты з мэтай папярэджання правапарушэнняў з прымяненнем няўлічанай ва ўстаноўленым парадку грамадзянскай зброі, якая знаходзіцца ў валоданні грамадзян, але не зарэгістравана ў парадку, устаноўленым законам «Аб зброі» ад 13 лістапада 2001 года. Міністэрства ўнутраных спраў настойліва рэкамендавала грамадзянам, якія захоўваюць зброю незаконна, выкарыстаць гэтую магчымасць.

Як сведчаць вынікі «збройнай амністыі», у органы ўнутраных спраў было здадзена каля 1000 адзінак няўлічанай грамадзянскай зброі. У пераважнай большасці грамадзяне неслі ў міліцыю гладкаствольныя паляўнічыя стрэльбы, а таксама газавыя рэвальверы і пісталеты. На тэрыторыі нашага раёна на рэгістрацыю  здадзена адна адзінка няўлічанай гладкаствольнай зброі.

Больш падрабязную інфармацыю адносна рэгістрацыі зброі і па іншых пытаннях, якія адносяцца да кампетэнцыі ліцэнзійна-дазвольнай службы, можна атрымаць па тэлефоне 5-14-88 або падчас асабістага прыёму ў райаддзеле міліцыі. Прыёмныя дні інспектара па дазвольнай рабоце: серада і пятніца – з 08.00 да 13.00; аўторак і чацвер – з 15.00 да 20.00; субота – з 09.00 да 13.00.

Аляксандр ПАРХІМОВІЧ, інспектар па дазвольнай рабоце райаддзела міліцыі   

 

ДЛЯ БЯСПЕКІ: З СІГНАЛІЗАЦЫЯЙ

У ліку важных падрыхтоўчых момантаў да новага навучальнага года ў аддзеле адукацыі, спорту і турызму стала выкананне супрацьпажарных мерапрыемстваў.

Абсталявана аўтаматычная пажарная сігналізацыя ў Мікалаеўшчынскім вучэбна-педагагічным комплексе дзіцячы сад – сярэдняя  школа. Набыты вогнетушыцелі, праведзена тэхнічнае абслугоўванне пажарнай сігналізацыі ў іншых установах. Усяго на гэтыя мерапрыемствы патрачана 284 мільёны рублёў.



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *