Не самавольнічайце з газавым абсталяваннем

Важное Пожарная безопасность

image_pdfimage_print

У мінулым годзе ў рэспубліцы зафіксавана дзевяць здарэнняў пры карыстанні газам у быце. У іх восем чалавек атрымалі траўмы і апёкі рознай ступені цяжкасці, трое ў далейшым памерлі. Ад атручвання чадным газам пацярпелі два чалавекі. Таксама ў выніку здарэнняў была пашкоджана маёмасць грамадзян і арганізацыі, якая абслугоўвае жылыя дамы.

Асноўныя прычыны здарэнняў – невыкананне спажыўцамі Правілаў карыстання газам у быце, у прыватнасці самавольнае падключэнне, перападключэнне і ўмяшальніцтва ў работу газавыкарыстоўваючага абсталявання, пакіданне без нагляду ўключанай газавай пліты, эксплуатацыя газавыкарыстоўваючага абсталявання пры адсутнасці цягі ў дымавых каналах, захоўванне газавага балона ў непадключаным стане і самавольная яго замена.

Пры з’яўленні ў памяшканні паху газу неабходна тэрмінова спыніць выкарыстанне абсталявання (перакрыць краны, якія знаходзяцца перад газавыкарыстоўваючым абсталяваннем і на ім, вентыль балона), адчыніць вокны для праветрывання і тэрмінова паведаміць па тэлефоне 104. Пры гэтым у памяшканні забаронена карыстацца адкрытым агнём, электразванкамі, курыць, уключаць і выключаць электраасвятленне і электрапрыборы.

Будзьце пільныя пры эксплуатацыі ацяпляльных газавых катлоў і праточных газавых воданагравальнікаў. Нельга ўстанаўліваць электрычныя выцяжкі ў памяшканні, якое абсталявана газавым ацяпляльным і газавым вадагрэйным абсталяваннем з адкрытай камерай згарання.

Неабходна пастаянна сачыць за наяўнасцю цягі ў дымавым і вентыляцыйным каналах – як перад эксплуатацыяй газавага ацяпляльнага і вадагрэйнага абсталявання, так і падчас яе, забяспечваць прыток свежага паветра ў памяшканне пры рабоце газавага абсталявання, праветрываць памяшканне.

Для бяспечнай эксплуатацыі рэкамендуем устанаўліваць у памяшканнях з газавым абсталяваннем сігналізатары загазаванасці і наяўнасці чаднага газу.

Дзмітрый ПЕЧАНЬКО, інспектар Стаўбцоўскага МРА «Дзяржэнергагазнагляд»



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *