Стаўбцоўшчына спартыўная

Нумары Спорт

ПОСПЕХАЎ НАШАЙ ЗБОРНАЙ!

Барысаў недалёка ад Мінска. І шчырыя аматары футбола скарыстаюць  шанц наведаць нядаўна адкрытую там спартыўную арэну. Адметны дызайн, вялікая ўмяшчальнасць трыбун – усё гэта выклікае захапленне. А галоўнае – паспяховая гульня мясцовай каманды БАТЭ. Гэты калектыў ужо некалькі гадоў запар становіцца чэмпіёнам краіны, гучна заяўляе сябе і на міжнароднай арэне.

На «Барысаў-Арэне» правядзе чарговыя матчы і зборная Беларусі па футболе. 4 верасня сапернікам нацыянальнай каманды стане зборная Таджыкістана. Матч гэты таварыскі, носіць дабрачынны характар. Усе выручаныя ад продажу білетаў сродкі будуць накіраваны ў ДУА «Спецыяльная агульнаадукацыйная дапаможная школа-інтэрнат № 7 г. Мінска для дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў». Значыць, акрамя задавальнення ад цікавай гульні, зробім і добрую, высакародную справу – дзецям акажам падтрымку, якая ім вельмі патрэбна.

Неўзабаве стартуе і адборачны цыкл Чэмпіянату Еўропы па футболе. Каб трапіць у фінальную стадыю турніру, неабходна заняць на групавым этапе спаборніцтваў першае ці другое месца сярод шасці ўдзельнікаў. Не страцяць надзеі і трэція па выніках спаборніцтваў у групе. Такім чынам і зборная Беларусі можа разлічваць на ўдзел у фінальным турніры, які адбудзецца з 10 чэрвеня па 10 ліпеня 2016 года ў  Францыі.

9 і 12 кастрычніка 2014 года галоўная футбольная каманда краіны правядзе, бадай, самыя важныя матчы ў адборачным цыкле супраць камандаў Украіны і Славакіі. Сваіх галоўных сапернікаў наша дружына прыме ў адзначаныя дні на «Барысаў-Арэне». Далей у футбольным календары – сустрэчы з дзеючымі чэмпіёнамі Еўропы – камандай Іспаніі, а таксама футбалістамі Македоніі і Люксембурга. Поспехаў нашай зборнай!

 

НАВУЧЫЦЦА ГУЛЬНІ Ў ФУТБОЛ

ДУ Дюсш Стаўбцоўскага раёна аб’яўляе прыём навучэнцаў у групы па футболе. Запрашаюцца хлопчыкі і дзяўчынкі 2006-2007 гадоў нараджэння.

Футбол – адзін з самых папулярных і любімых многімі від спорту. Больш таго, дасягненні ў футбольных спаборніцтвах памнажаюць прэстыж як рэгіёнаў, так і краін, нават у міжнародным маштабе.

Усе мы марым, што зборная Беларусі, вядучыя клубы рэспублікі ярка праявяць сябе на еўрапейскай і сусветнай спартыўных арэнах. І шчыра радуемся гучным перамогам. Захапляемся майстэрствам футбалістаў. А таленты, зорачкі запальваюцца часцей на  перыферыі, у гарадах і пасёлках, дзе любяць футбол, настойліва трэніруюцца і мараць аб усеагульным прызнанні.

Сёння на слыху імя Аляксандра Карніцкага, іграка чэмпіёна Беларусі барысаўскага БАТЭ. Каманды, якая нядаўнімі жнівеньскімі пераможнымі матчамі заваявала права выступаць у гульнявым турніры Лігі чэмпіёнаў, сярод мацнейшых футбольных калектываў кантынента. У ФК «Зорка-БДУ» выступае Уладзіслаў Жук, у ФК «Партызан» – Максім Жыбуль, у ФК «Лівадзія» –  Арцём Сукала і Дзмітрый Даўбейка. Усе гэтыя каманды ўдзельнічаюць у спаборніцтвах першай і другой футбольных лігаў рэспублікі.

У летапісе ДЮСШ пазначаны і ранейшыя дасягненні выхаванцаў футбольных класаў. Так, Дзмітрый Калоша і Уладзіслаў Жук з’яўляліся чэмпіёнамі Беларусі па футболе сярод юнакоў сезона 2010 года ў саставе каманды мінскага «Дынама», у юнацкіх зборных выступалі Ілья Котаў, Дзмітрый Ілюшын, Аляксей Язвінскі. А найперш стаўбчанам памятаюцца пераможныя сезоны ў чэмпіянаце вобласці нашай лепшай футбольнай каманды «Нёман-Агра». Касцяк дружыны складалі і складаюць выхаванцы мясцовай дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы.

У 2013-2014 навучальным годзе ў ДЮСШ працавала 9 вучэбна-трэніровачных груп футбола, усяго 122 навучэнцы. Дапамагалі рабятам асвойваць азы спартыўнага майстэрства трэнеры Арцём Сукала і Дзмітрый Даўбейка, а таксама Іван Аляшкевіч і Дзмітрый Макарэвіч, якія працуюць па сумяшчальніцтве. Навучэнцы маюць магчымасць займацца на штучным газоне міні-пляцоўкі і на вялікім футбольным полі.



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *