Якасць міліметровага ўзроўню

Важное Эканомiка

image_pdfimage_print

Аўтаматычная лінія раздзяляе лесаматэрыялы  на 24 віды. Адначасова ажыццяўляецца іх акорванне і – з дапамогай 3D-сканера – працэс прыёмкі, сарціроўкі і выдачы задання на рацыянальны раскрой. Дапушчальная хібнасць  – у межах аднаго міліметра.

Так коратка можна ахарактарызаваць вытворчы працэс у ААТ «Навасвержанскі лесазавод», якое з’яўляецца прадпрыемствам з амаль векавой гісторыяй. Пройдзены крызісны перыяд, і – у выніку рэалізацыі інвестыцыйнай праграмы – пачалося яго адраджэнне.

Пра тое, як змянілася прадпрыемства за апошнія гады і над чым працуе яго калектыў, гутарым з дырэктарам Віктарам Лужкоўскім.

Навасвержанскі лесазавод пад кіраўніцтвам Віктара Лужкоўскага рэалізоўвае інвестыцыйныя праекты

З сухім асартыментам 

– На Навасвержанскім лесазаводзе ўстаноўлена абсталяванне нямецкай фірмы Mohringer, на якім перапрацоўваюцца лесаматэрыялы дыяметрам ад 14 да 26 см. Сутачны аб’ём перапрацоўкі – да 500 м3, – расказвае Віктар Аляксандравіч. –  Сушыльны комплекс складаецца з дзевяці камер і дае магчымасць для разавай загрузкі да 1000 м3. Завод выпускае сухія піламатэрыялы. Гэта прадукцыя з высокім дабаўленым коштам, запатрабаваная ў мебельнай вытворчасці, будаўнічай галіне і інш. 85 працэнтаў піламатэрыялаў рэалізуем на экспарт, у краіны Заходняй Еўропы.

– Як завяршылі 2020 год, такі няпросты ў эпідэміялагічным плане?

– Эпідэміялагічная сітуацыя паўплывала на попыт. Леташняй вясной былі закрыты граніцы, і многія работнікі завода знаходзіліся на бальнічных, у сацыяльных водпусках. Разам з тым, у 2020 годзе ўдалося дасягнуць тэмпаў росту аб’ёмаў прамысловай прадукцыі ў 108 працэнтаў.

– Віктар Аляксандравіч, колькі працэнтаў у сабекошце прадукцыі займае сыравіна? І як вы вырашаеце пытанне забеспячэння сыравінай?

– Выдаткі на сыравіну складаюць прыкладна палову. Імкнемся змяншаць іх, як і ў цэлым усе выдаткі, укараняць энергаэфектыўныя тэхналогіі, каб вытрымліваць канкурэнцыю на рынку. Лесазавод арандуе лясны фонд, які размешчаны на тэрыторыі сямі раёнаў Мінскай вобласці. Нарыхтоўку сыравіны вядзем уласнымі сіламі – для гэтага на дзялянках працуюць два лесанарыхтоўчыя комплексы.

У апошнія гады істотна абнавілі свой транспартны парк. Набылі два сартыментавозы, фарвардар, трактар МТЗ-1221 для ачысткі лесасек і чатыры адзінкі аўтамабіляў для вядзення гаспадарчай дзейнасці.

Двайное падпарадкаванне

– Лесазавод – невялікае прадпрыемства, але яно ў свой час увайшло ў холдынг дрэваапрацоўчых прадпрыемстваў, якія былі падтрыманы ААТ «Банк развіцця Рэспублікі Беларусь». Не так даўно падпісаны Указ Прэзідэнта аб перадачы акцый холдынга прадпрыемству «Івацэвічыдрэў». Што вы скажаце на гэты конт?

– З 2016 года лесазавод мае двайное падпарадкаванне – Банку развіцця Рэспублікі Беларусь і канцэрну «Беллеспаперапрам». З дапамогай банка мы набылі фінансавую ўстойлівасць, а канцэрн, як саюз лесапрамыславікоў, дапамагае нам у вырашэнні гаспадарчых пытанняў. Спадзяюся, што ў рамках створанага холдынга пад кіраваннем прадпрыемства «Івацэвічыдрэў» будзе выбудавана аптымальная схема ўнутраных кааперацыйных сувязяў у пастаўках лесаматэрыялаў, наладжана фінансавая дысцыпліна ва ўзаемаразліках.

Як мы далей будзем развівацца, залежыць не ад уласніка, а толькі ад нас саміх. Скажу, што калектыў нацэлены на максімальна эфектыўную работу. Многія работнікі лесазавода жывуць у Новым Свержані, раней тут працавалі іх бацькі. Ад укладу кожнага з іх залежыць агульны вынік,  у тым ліку і развіццё пасёлка. Патрабавальна стаўлюся ў першую чаргу да сябе і на такую ж аддачу спадзяюся і ад калектыву.

Лесаперапрацоўчая прамысловасць – цяжкая, небяспечная, таму вялікую ўвагу надаем стварэнню бяспечных умоў працы. У 2020 годзе на гэтыя мэты выдаткавана 46,5 тысячы рублёў, ці 381 рубель на кожнага са 120-ці работнікаў.

Інвестыцыі ў буйное лесапіленне

– Як можна ахарактарызаваць патэнцыял лесазавода?

– Па выніках 2020 года вытворчасць загружана аптымальна, аднак у бягучым годзе плануем рэалізаваць інвестпраект па перапрацоўцы піловачніку вялікіх дыяметраў на стужкапільным абсталяванні славенскай фірмы MEBOR (аб’ём перапрацоўкі складзе 20 тысяч м3 лесаматэрыялаў у год). Ужо паступіла 80 працэнтаў абсталявання і ў найбліжэйшы час атрымаем астатнюю частку, пасля чаго пачнем  выконваць будаўніча-мантажныя і пусканаладачныя работы.

Паглыбіць дрэваапрацоўку  і атрымаць прадукцыю з высокім дабаўленым коштам будзе магчыма ў 2022–2023 гадах шляхам укаранення тэхналогіі вырабу клееных будаўнічых і сталярных канструкцый. Гэта прадукцыя, дарэчы, таксама запатрабавана на еўрапейскіх рынках.

– Віктар Аляксандравіч, вы ўжо чатыры гады ўзначальваеце лесазавод. Якім вам бачыцца будучае завода?

– Завод павінен развівацца, пашыраць сваю прысутнасць на рынку.

Паспяховымі для лесазавода былі і 2019, і 2018 гады. Мы прыйшлі да безадходнай вытворчасці. Адходы – апілкі, кара, дранка – прыносяць даходы. Пры ўтылізацыі іх у кацельні атрымліваем цеплавую энергію для тэхналагічнага працэсу сушкі піламатэрыялаў, ацяплення вытворчых памяшканняў.

Красамоўны паказчык запатрабаванасці нашай прадукцыі – наяўнасць на складзе запасаў выключна ў межах нарматыўных паказчыкаў. Выконваем усе заяўкі, прычым працуем паводле папярэдняй аплаты. У мінулым годзе ад заказчыкаў не паступіла ніводнай прэтэнзіі адносна якасці прадукцыі.

На дзейнасць завода моцна ўплывае фінансавая нагрузка, тыя абавязацельствы, якія засталіся ад ранейшай мадэрнізацыі і выкананне якіх прадугледжана бізнес-планам, але мы і з імі спраўляемся на 100 працэнтаў.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ, фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *