Кожны народ ганарыцца перамогамі, атрыманымі ў барацьбе за свабоду і незалежнасць Радзімы, і свята шануе памяць тых, чые жыцці аддадзены ў імя гэтых перамог.
Сімвалам бязмерных выпрабаванняў беларусаў стала Хатынь – мемарыяльны комплекс, які стаў сімвалам для 186 беларускіх вёсак, знішчаных у гады вайны разам з іх жыхарамі.
Раніцай 22 сакавіка 1943 года ў шасці кіламетрах ад вёскі партызаны абстралялі нямецкую аўтакалону. Неўзабаве пасля гэтага Хатынь акружылі карнікі. Яны сагналі ў свіран людзей, замкнулі іх і падпалілі. У агні загінула 149 чалавек, у тым ліку 75 дзяцей.
З ахопленага полымем будынка жывым удалося вырвацца толькі аднаму 56-гадоваму Іосіфу Камінскаму. Ён паспрабаваў вынесці і свайго параненага сына, але не змог яго выратаваць.
Мемарыяльны комплекс «Хатынь» знаходзіцца на тэрыторыі Лагойскага раёна Мінскай вобласці. Урачыстае адкрыццё комплекса адбылося 5 ліпеня 1969 года.
Вобраз мужчыны з мёртвым хлопчыкам на руках створаны ў памяць пра Іосіфа Камінскага і яго сына. Чорная пліта-дах абазначае месца, дзе знаходзіўся свіран, у якім спалілі жыхароў Хатыні. Побач – іх брацкая магіла, на якой размешчаны сімвалічны вянок памяці са словамі наказу мёртвых да жывых.
На месцы кожнага з 26 спаленых дамоў – помнік-зруб, усярэдзіне якога абеліск у выглядзе коміна са званом. На кожным абеліску – дошка з імёнамі спаленых жыхароў дома. За дамамі-помнікамі – Могілкі вёсак. Побач – Сцяна Смутку, жалезабетонны блок з нішамі, у якіх знаходзяцца мемарыяльныя пліты з назвай 66 найбуйнейшых лагераў смерці і месцаў масавай гібелі людзей. Завяршае мемарыял плошча Памяці, у цэнтры якой растуць тры бярозы, якія сімвалізуюць жыццё, на месцы чацвёртай – Вечны агонь, сімвал загінулых у гады вайны жыхароў Беларусі. Побач – Дрэва жыцця са спісам 433 вёсак, спаленых акупантамі і адроджаных пасля вайны.
Падрыхтавала Марына КУТАС