Сацыяльны поезд – насустрач актыўнаму даўгалеццю

Главное Соцыум

image_pdfimage_print

Як уладкаваць жыццё чалавека ў старасці? Якую дапамогу і падтрымку чакае пажылы чалавек ад грамадства, і што ён сам можа і хоча прапанаваць? Што важна для захавання ў краіне сацыяльнага адзінства?

Адказы на гэтыя і іншыя пытанні шукалі ўдзельнікі міжраённай дыялогавай пляцоўкі «Сіла дзяржавы – у адзінстве народа», якая прайшла на базе Старасвержанскага цэнтра культуры. Сабраліся пажылыя людзі, наведвальнікі Стаўбцоўскага і Дзяржынскага тэрытарыяльных цэнтраў сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, а таксама тыя, хто з імі працуе, прадстаўнікі органаў сацыяльнай абароны райвыканкама і аблвыканкама.

З сучаснымі падыходамі ў аказанні дапамогі пажылым грамадзянам пазнаёміла асноўны спікер – намеснік старшыні камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Мінаблвыканкама Надзея Цупа.

Асноўны спікер дыялогу – намеснік старшыні камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Мінаблвыканкама Надзея Цупа (справа), прадстаўнікі ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама – эксперты

Слова было дадзена начальніку ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Вользе Навіцкай, а таксама дэлегату VI Усебеларускага народнага сходу, старшыні Вішнявецкага сельвыканкама Таццяне Белановіч. Выступіла старшыня раённай арганізацыі ветэранаў Наталля Лапко.

Стаўбцоўскім тэрытарыяльным цэнтрам былі арганізаваны тэматычныя выстаўкі – «Беларусь сінявокая» і «Васільковыя прасторы». Дырэктар цэнтра Святлана Блашко мадэрыравала дыялог.

Нацыянальная стратэгія актыўнага даўгалецця – настольная кніга

У цэлым сістэма сацыяльнай работы выбудавана так, каб пажылыя людзі як мага даўжэй захоўвалі актыўнасць, а ўмовы іх жыцця былі здаровымі і бяспечнымі. Аднак запыты насельніцтва, якое мае тэндэнцыю да старэння, змяняюцца, таму патрабаваннем часу становіцца развіццё новых формаў работы (дыялогавая пляцоўка – адна з іх) і відаў паслуг.

Асноўныя прынцыпы работы: выяўленне тых, хто мае патрэбу, індывідуальны падыход да кожнага і якаснае аказанне паслуг.

Пералік паслуг, якія аказваюць тэрытарыяльныя цэнтры пажылым людзям на даму і ва ўмовах устаноў, пастаянна пашыраецца. Напрыклад, з’явіліся  замяшчальная, прыёмная і гасцявая сем’і. Самыя запатрабаваныя – сацыяльныя паслугі на даму, якія могуць бьць комплекснымі або разавымі. Наш боль – пажылыя людзі, кінутыя дзецьмі, таму ўнесены прапановы аб заканадаўчым афармленні нормы, якая абавяжа дзяцей клапаціцца пра састарэлых бацькоў.

Для даступнасці паслуг развіваецца сетка сацыяльных пунктаў (адзін з іх працуе і на Стаўбцоўшчыне – у Налібаках) і філіялаў. Пра тое, што сацыяльная служба ідзе да людзей, сведчыць дзейнасць мабільных гаспадарчых брыгад, якія дапамагаюць пажылым людзям з колкай дроў, апрацоўкай агарода і інш. па сацыяльна нізкіх тарыфах.

Пажылых людзей запрашаюць наведваць аддзяленні дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту, для інвалідаў, дзе прапануюць разнастайную занятасць – ад скандынаўскай хадзьбы да камп’ютарнай пісьменнасці. Дзейнічаюць універсітэты трэцяга ўзросту. Дзякуючы такой арганізаванасці сярод людзей сярэбранага веку актыўна развіваецца валанцёрства, і гэта для іх магчымасць рэалізаваць назапашаны жыццёвы вопыт. На даны момант на разглядзе знаходзіцца Закон «Аб валанцёрскім руху ў Рэспубліцы Беларусь», які замацуе статус пажылых валанцёраў. Падчас сустрэчы пажылыя людзі прасілі вярнуць у аддзяленні дзённага знаходжання медыцынскага работніка.

Для поўнай і эфектыўнай рэалізацыі патэнцыялу пажылых людзей дзейнічае Нацыянальная стратэгія Рэспублікі Беларусь «Актыўнае даўгалецце–2030». Гэта важны дакумент, своеасаблівая настольная кніга ў рабоце з пажылымі людзьмі, у якой нададзена ўвага захаванню іх здароўя, абароне правоў і інтарэсаў, фарміраванню камфортнага ўзроўню даходаў і г. д.

Аўтар выстаўкі «Васільковыя прасторы», паэт і музыкант Яўген Карпуць разам з загадчыцай аддзялення дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту Аксанай Жыбуль

Не старэць, а вучыцца

Да 2035 года ў Мінскай вобласці 35 працэнтаў насельніцтва будуць складаць пажылыя людзі. У сувязі з гэтым у заканадаўства ўнесены прапановы, каб гэтыя людзі маглі перанавучацца і працаваць, адкрываць свой бізнес з дзяржаўнай падтрымкай у выглядзе субсідыі. Да пажылога насельніцтва неабходна адаптаваць умовы аказання паслуг.

Камфортнае жыццё – у доме-інтэрнаце

Сярод 20 дамоў-інтэрнатаў, якія функцыянуюць у Мінскай вобласці і ў якіх пражываюць больш за тры тысячы чалавек (пры тэрытарыяльных цэнтрах таксама ёсць аддзяленні з кругласутачным знаходжаннем), палова – агульнага тыпу, і там сёння ёсць свабодныя месцы, чаго не скажаш пра ўстановы псіханеўралагічнага профілю. Іх не хапае, у сувязі з чым стаіць задача перапрафілявання дамоў-інтэрнатаў.

Не так даўно ў Мінскім раёне адкрыўся сучасны дом-інтэрнат «Камфортнае жыццё». Пражыванне ў ім платнае. Такія ўстановы па сутнасці сваёй з’яўляюцца пансіянатамі, таму плануюцца адпаведныя змены ў заканадаўстве. У вобласці на даны момант дзейнічаюць 11 пансіянатаў (усе – на тэрыторыі Мінскага раёна). У іх ёсць магчымасць праходзіць сацыяльную рэабілітацыю, атрымліваць розныя медыцынскія паслугі, прычым бясплатна, калі іх прызначае ўрач гэтай установы.

Укараняецца паслуга рэнты ці заключэнне дагавора пажыццёвага ўтрымання. Паслуга цікавая і актуальная з улікам таго, што фіксуюцца выпадкі махлярскага завалодання кватэрамі адзінокіх састарэлых.

Пытанні ад пажылога насельніцтва Дзяржынскага раёна

На рамонт печаў – адрасная дапамога

Асобнае пытанне – пенсійнае забеспячэнне. Памер пенсій павялічваецца ў адпаведнасці з ростам заработных плат з 1 ліпеня і 1 снежня. Колькасць атрымальнікаў пенсій у Мінскай вобласці  перавышае 380 тысяч чалавек (гэта другое месца ў рэспубліцы пасля горада Мінска), і штогод фіксуецца 10 тысяч новых прызначэнняў. Сярэдні памер пенсіі паводле ўзросту – 499 рублёў. Прысутныя ўзнімалі пытанне надбавак да пенсій пасля 70 гадоў.

Акрамя аказання сацыяльнай дапамогі на даму, функцыянавання тэрытарыяльных цэнтраў і дамоў-інтэрнатаў, у пажылых людзей ёсць магчымасць атрымаць адрасную дзяржаўную сацыяльную дапамогу. Сродкі выдзяляюцца ў тым ліку на рамонт печаў, электраправодкі.

Быць бліжэй

Удзельнікі дыялогу атрымалі шмат карыснай інфармацыі, якую неабходна несці далей. «Каб людзі ведалі, якія магчымасці дае ім дзяржава, гаварылі пра свае патрэбы», – зазначыла Святлана Блашко.

Прапанавана разгарнуць у сельсаветах сумесную работу з дапамогай так званага сацыяльнага поезда, які запросіць пажылых людзей на розныя майстар-класы, кансультаванне і інш. Варта падумаць, як і іх задзейнічаць, бо аснова даўгалецця – актыўнае жыццё.

Пасыл дыялога ў тым, што пажылыя людзі маюць патрэбу не толькі ў дзяржаўнай дапамозе, але і ў цёплым слове, падтрымцы тых, хто ім блізкі па духу.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ, фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *