Да Дня беларускага пісьменства

Культура Нумары

Дзень ведаў традыцыйна працягвае Дзень беларускага пісьменства. Галоўнае літаратурнае свята Беларусі 2014 года сёння прымае Заслаўе. Доўжыцца свята будзе і заўтра. Шчырых прыхільнікаў роднага слова чакае шмат цікавага. У праграме мерапрыемстваў –  сустрэчы з беларускімі пісьменнікамі, фестываль кнігі і прэсы, прэзентацыі аўтарскіх і выдавецкіх праектаў, шматлікія выстаўкі, акцыі, конкурсы, віктарыны і многае іншае.

Непазнавальна змяніўся старажытны горад Заслаўе. У гэтыя дні адбудзецца ўрачыстае адкрыццё новых аб’ектаў: помніка заснавальніку горада князю Ізяславу і дзіцячага парку культуры і адпачынку.

7 верасня каля храма Праабражэння Гасподняга жыхары і госці Заслаўя сустрэнуць рэспубліканскую навукова-асветніцкую экспедыцыю «Дарога да святыняў» з Благадатным агнём ад Гроба Гасподняга ў Іерусаліме, якая прайшла па Мінскай вобласці.

Мерапрыемствы да Дня беларускага пісьменства праводзяцца ва ўсіх рэгіёнах рэспублікі. І на Стаўбцоўшчыне, радзіме народнага песняра Якуба Коласа, ладзяцца літаратурныя вечарыны, кніжныя выставы ў школах, бібліятэках, дамах культуры, клубах. Гэты фотаздымак Васіля Зянько зроблены ў раённай дзіцячай бібліятэцы.

 

БІБЛІЯТЭКА – ДЗЕЦЯМ: У ГАСЦЯХ  –  АЎТАРЫ КНІГ

Агульнавядома, што ў апошнія гады ўвага да кнігі  знізілася. Дзеці ўсё больш часу праводзяць за камп’ютарамі, планшэтамі, мабільнымі тэлефонамі і т. п. Таму вельмі важна ў рабоце школьнай бібліятэкі працягваць пошук новых форм папулярызацыі кнігі.

З гэтай мэтай у нашай установе адукацыі ладзяцца шматлікія мерапрыемствы, адрасаваныя розным чытацкім аўдыторыям. Гэта тэматычныя агляды літаратуры і гутаркі, прэзентацыі, конкурсы, віктарыны, сустрэчы з цікавымі людзьмі.

Вялікае эмацыянальнае ўздзеянне на дзяцей мелі мерапрыемствы, прысвечаныя Вялікай Айчыннай вайне. Падчас святкавання 70-годдзя вызвалення Беларусі яны былі асабліва актуальнымі. Літаратурна-музычныя імпрэзы «Песні – салдатам Вялікай Айчыннай» і «Гэта быў час, які нельга забыць», урокі памяці «Прайшла праз дзяцінства вайна» і «Хтосьці родам з дзяцінства, а я – з вайны», урок мужнасці «Вязні «фабрык смерці» і мітынг-рэквіем «Званы нашай памяці», літаратурная гадзіна «Чалавечнасць маці супраць бесчалавечнасці вайны» і гутарка «Уклад маёй сям’і ў справу Перамогі» кранулі сэрцы кожнага прысутнага.

Каб падтрымаць цікавасць дзяцей да кнігі ў летні перыяд, эфектыўна арганізаваць вольны час, у бібліятэцы ўжо не першы год праходзіць выстава-агляд «Лета. Канікулы. Кнігі», якая сугучна з рэспубліканскай акцыяй «Лета з добрай кнігай».  Дзеці з задавальненнем прыйшлі на сустрэчы з былымі выпускнікамі школы –  паэтам, членам Саюза пісьменнікаў Расіі, лаўрэатам Усесаюзнай прэміі М. А. Някрасава Васіліем Лявонавым і выкладчыкам Міжнароднага ўніверсітэта прыкладных навук, права і бізнесу ў Вільнюсе Іосіфам Станкевічам.

Асаблівую цікавасць выклікаюць мерапрыемствы, якія праводзяцца бібліятэкай у школьным краязнаўчым музеі «Спадчына». Навучэнцы і настаўнікі пазнаёміліся з адным з найцікавейшых экспанатаў школьнага музея – снежаньскім нумарам часопіса «Странникъ», якому споўнілася ні многа ні мала – 135 гадоў.  Размова ішла і пра іншыя рэдкія  выданні з фонду музея і школьнай бібліятэкі, а таксама з асабістых бібліятэк былога і дзеючага дырэктараў школы Таісы Паўлаўны Цвірко і Марыны Рамуальдаўны Кандрацінай.

Нікога не пакінула абыякавым і свята «Стравы нашых продкаў». Да мерапрыемства вучні гатавалі стравы (зразумела, без дапамогі мам і бабуль тут не абышлося). Атрымаўся выдатны стол, поўны прысмакаў.

Цікавай і насычанай была праграма гасцёўні «Тут ліра дзіўная гучала», падчас якой адбылася прэзентацыя кнігі «Незвычайная энцыклапедыя народных музычных інструментаў» і сустрэча з яе аўтарамі  – музыкам Ярашам Малішэўскім і паэтэсай  Аксанай Спрынчан. Менавіта іх сумесная кніга, напісаная з любоўю да спадчыны нашых продкаў, зрабіла для чытачоў шмат цікавых адкрыццяў, а сама сустрэча дала магчымасць пачуць жывыя «галасы» забытых народных інструментаў. Спадар Яраш іграў на дудзе, варгане, жалейцы, акарыне, мандаліне, шархунах, ліры…

У музеі таксама праведзена літаратурная гадзіна «Паэт з Ініцы», прысвечаная нашаму знакамітаму земляку Уладзіславу Паўлюкоўскаму (Уладу Ініцкаму) – паэту, пісьменніку, дзеячу культуры Заходняй Беларусі, удзельніку Першай сусветнай і грамадзянскай войнаў, кавалеру ордэна Чырвонага Сцяга.

У Год гасціннасці музей зноў расчыніў дзверы для шматлікіх гасцей на краязнаўчую гадзіну «Просім у хату, госцейкі нашы!». З дапамогай кніг «Зямля пад белымі крыламі» Уладзіміра Караткевіча і «Сядзіба, або Хата з матчынай душою» Міколы Маляўкі прысутныя адпраўляюцца ў цікавае падарожжа па краіне нашых продкаў, знаёмяцца з жыццём і побытам беларускіх сялян.

Традыцыйным стала правядзенне тыдняў  дзіцячай кнігі,  гісторыі і кнігі,  беларускага пісьменства. У рамках аднаго з тыдняў сумесна з настаўнікам гісторыі М. В. Міхно была падрыхтавана выстава «Краіна замкаў», якая дапамагла дзецям акунуцца ў мінулае.

Цікавай і запамінальнай стала і прэзентацыя-дэманстрацыя «Касцюм эпохі Сярэднявечча». Члены клуба Vita Mellita – настаўнікі нашай школы С.У. Кутас і М. В. Міхно, пазнаёмілі вучняў з дзейнасцю клуба, асаблівасцямі пашыву і выкарыстання сярэдневяковага  касцюма гараджан.

Роля бібліятэкі не абмяжоўваецца выдачай кніг і падручнікаў. Гэта яшчэ раз было пацверджана ў час падрыхтоўкі і правядзення ўрока сусветнай гісторыі ў 5 класе па тэме «Узнікненне дзяржавы ў Кітаі». Да традыцыйнай часткі ўрока быў незвычайны дадатак: бібліятэка  падрыхтавала інфармацыю пра знакамітую чайную цырымонію, у якой змаглі паўдзельнічаць і самі дзеці. У канцы ўрока спецыяльна зроблены буклет, прысвечаны Міжнароднаму дню чаю, быў уручаны ўсім удзельнікам урока.

Важным напрамкам дзейнасці бібліятэкі з’яўляецца раскрыццё фонду праз кніжныя выставы. Папулярнасць гэтай формы тлумачыцца магчымасцю аператыўна знаёміць чытачоў з выданнямі, якія ёсць у бібліятэцы. Так, да Сусветнага дня правоў чалавека арганізоўваецца выстава «Прававы эрудыт», якая абуджае цікавасць да актыўнай пазнавальнай дзейнасці, знаёміць з літаратурай прававога характару, што можа быць даступнай для чытання і аналізу.

Нашу ўстанову адукацыі наведваюць многія аўтары кніг, яны заўсёды пакідаюць аўтографы на сваіх выданнях. У выніку сабралася значная калекцыя такіх экзэмпляраў, таму была падрыхтавана выстава «Напісана рукою аўтара». Гэта таксама дазваляе прыцягваць дзяцей да кнігі і пэўных аўтараў.

Вопыт маёй работы бібліятэкарам дае падставу сцвярджаць, што ў далучэнні дзяцей да чытання вельмі важна прывіццё і падтрымка пільнай увагі да кнігі з маленства ў сям’і, цікавыя, прадуманыя, добра падрыхтаваныя мерапрыемствы і, бясспрэчна, любоў бібліятэкара да сваёй працы, павага да сваіх чытачоў.

Софія ЦВІРКО, бібліятэкар  вучэбна-педагагічнага комплексу «Залужскі дзіцячы сад – сярэдняя школа»

 

У ДЗЕНЬ ВЕДАЎ: ВЕЧНАЙ ПАМЯЦЦЮ ЖЫВЫЯ

Да Дня ведаў раённая дзіцячая бібліятэка правяла акцыю «Дзень бібліятэкі». Паколькі першы ўрок новага навучальнага года меў тэму «Дзякуй салдатам Перамогі за тое, што не ведаем вайны», на гэтую тэматыку былі скіраваны і мерапрыемствы.

Краязнаўчая гадзіна «Вечнай памяццю жывыя» пазнаёміла вучняў гарадскіх школ з героямі Стаўбцоўскага падполля. Канкрэтны матэрыял з канкрэтнымі асобамі зацікавіў і настаўнікаў, і вучняў. Яны пачэрпнулі шмат інфармацыі, якая папоўніць іх веды па гісторыі роднага краю.

Змястоўная кніжная выстава «І памяць аб вайне нам кніга ажыўляе» сабрала творы беларускіх і рускіх аўтараў, кнігі пра піянераў-герояў.

Не менш карысна было пазнаёміцца школьнікам з аглядам перыядычных выданняў. Раённая дзіцячая бібліятэка выпісвае больш за 100 часопісаў і газет. Усе яны даступныя, каб прагледзець, а калі што зацікавіла, то і пачытаць дома ці ў чытальнай зале.



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *