Эканаміст стаў інжынерам

Главное Сельская гаспадарка

image_pdfimage_print

Усё, што адбываецца ў нашым жыцці, – гэта заканамернасць. І свой лёс кожны чалавек таксама стварае сам. Вось і Іван Жаўнерчык застаўся жыць і працаваць на сваёй малой радзіме – у Налібаках. Апошнія дзевятнаццаць гадоў ён узначальвае інжынерную службу ААТ «Налібакі Агра».

Вопыту Івану Жаўнерчыку не займаць

– Тэхнікі цяпер стала ў некалькі разоў менш, – гаворыць Іван Аляксандравіч. – А некалі налічвалася 143 трактары і 30 грузавых аўтамашын, не лічачы спецыяльных. Праца ў рамонтнай майстэрні кіпела. Была вялікая патрэба ў запасных частках. Цяпер спраўляемся выканаць усе работы значна меншай колькасцю тэхнікі, хоць і нагрузка на яе даволі вялікая. Маем сучасныя самаходныя збожжаўборачныя і кормаўборачныя камбайны, энерганасычаныя трактары і камбінаваныя пасяўныя агрэгаты. Гэта дазваляе ўкараняць перадавыя тэхналогіі, а значыць – павялічваць і ўраджайнасць сельгаскультур.

Усе масавыя палявыя кампаніі праходзяць у таварыстве на ўзроўні ў многім дзякуючы належнай арганізацыі працы, своечасоваму і якаснаму рамонту.

– Усё залежыць ад чалавека, – працягвае размову галоўны інжынер. – А наш калектыў старанны, прывучаны да парадку. Кантраляваць людзей не трэба, даручаныя заданні выконваюцца своечасова і якасна. Работнікам створаны неабходныя ўмовы для працы, таксама і бытавыя.

Машынна-трактарны парк ААТ «Налібакі Агра» – у ліку лепшых гаспадарак раёна. Летась рупліваму калектыву механізатараў і рамонтнікаў прысуджана

І як вынік, асабліва ў апошнія гады, – неблагая прыбаўка па ўраджайнасці на збожжавых і кармавых угоддзях. А належная кармавая база дазваляе мець высокія паказчыкі ў жывёлагадоўлі. У малочных справах таварыству няма роўных у раёне.

Іван Аляксандравіч пачынаў работу слесарам у, на той час, саўгасе «Налібоцкі». Затым была вучоба на эканамічным факультэце Беларускага дзяржаўнага інстытута народнай гаспадаркі. Пасля заканчэння навучальнай установы вярнуўся ў саўгас. Працаваў спачатку старшым эканамістам па аплаце працы, затым – дыспетчарам. Але кабінетная работа не надта падабалася. І калі прапанавалі пасаду загадчыка майстэрні, то з задавальненнем згадзіўся, бо з дзяцінства быў улюбёны ў тэхніку. Неаднойчы мянялася назва арганізацыі, але нязменным заставалася месца працы Івана Жаўнерчыка. Ён дасканала ведае сельскагаспадарчую тэхніку і выдатна спраўляецца са сваімі службовымі абавязкамі.

Надзея Баталка, фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *