Флікераў многа не бывае

Ахова правапарадку Главное

image_pdfimage_print

Перад пачаткам заняткаў на ўваходзе ў Горкаўскую сярэднюю школу сустракаюць члены атрада юных інспектараў дарожнага руху. «Юідаўцы» правяраюць у вучняў наяўнасць флікераў – на адзенні і партфелі. Прапускаюць праз «кантроль» і дарослых.

– Правілы дарожнай бяспекі важна выконваць усім: і дзецям, і дарослым. А з каго дзеці бяруць прыклад? Зразумела, з бацькоў, настаўнікаў, – звяртаюць увагу старшы інспектар аддзела ДАІ райаддзела міліцыі Віктар Сачук і метадыст вучэбна-метадычнага кабінета Таццяна Грамыка, якія завіталі ў школу з прафілактычнай акцыяй «Стань прыкметней».

Знаёмімся з дзяжурнымі членамі атрада юных інспектараў дарожнага руху. Гэта Вікторыя Шабаліна, Вікторыя Сарока і Аляксандр Лук’янаў, вучні 10 і 9 класаў. Цікавімся ў старшакласнікаў, ці абазначаюць яны сябе флікерамі? «У нас у кожнага на вопратцы па два флікеры», – адказваюць яны.

Аднак флікераў многа не бывае. Віктар Сачук і Таццяна Грамыка падрыхтавалі вучням флікеры ў якасці падарункаў.

Адразу ўручылі па прыгожым флікеры дзесяцікласніцы Крысціне Бандаровіч і трэцякласніцы Эвяліне Грыбанавай, якія акурат прайшлі праверку членаў атрада юных інспектараў дарожнага руху.

Метадыст Таццяна Грамыка правяла з дзецьмі займальны майстар-клас

Далейшая прафілактычная работа адбывалася ў класах. У пачаткоўцаў прадстаўнік ДАІ пацікавіўся наяўнасцю маршрута бяспекі (гэта схема бяспечнага руху дамоў і ў школу). Дзеці захоўваюць яго ў дзённіку, навідавоку, таму «збіцца» з бяспечнай дарогі немагчыма. Потым усе разам рабілі сваімі рукамі флікеры і разгадвалі тэматычныя рэбусы. Прыемна ўразіў высокі ўзровень падрыхтоўкі школьнікаў.

– Над гэтым мэтанакіравана працуюць усе настаўнікі і, у першую чаргу, настаўнік працоўнага навучання і асноў бяспекі жыццядзейнасці Станіслаў Васілеўскі. Дырэктар школы Надзея Ермаловіч надае пытанням прывіцця дзецям культуры бяспекі жыццядзейнасці асаблівую ўвагу. Інфармацыю, карысную для дзяцей і іх бацькоў, бачым у школьным калідоры, на стэндзе «Куток дарожнай бяспекі», – зазначае Таццяна Грамыка.

Як вынік, горкаўскія школьнікі – сярод пераможцаў інтэлектуальных і творчых конкурсаў па прафілактыцы траўматызму, алімпіяд па правілах дарожнага руху і школы бяспекі.

На зваротнай дарозе мы наведваем яшчэ ВПК «Залужскі дзіцячы сад – сярэдняя школа», дзе з гэтай нагоды дырэктар установы Марына Кандраціна сабрала школьнікаў на агульную лінейку. Сярод залужскіх вучняў таксама нямала актыўных і крэатыўных, якія маюць трывалыя веды ў пытаннях бяспекі. Прафілактычную гутарку Віктара Сачука са школьнікамі дапоўніла тэма прафарыентацыі – выбару прафесіі супрацоўніка органаў правапарадку.

Варта сказаць, што акцыя «Стань прыкметней» ладзіцца ў школах раёна ўжо трэці год.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ, фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *