Прафсаюзныя ўзнагароды ўручылі лепшым работнікам раёна

Важное Соцыум

image_pdfimage_print

На раённым свяце працы старшыня рэспубліканскага камітэта Беларускага прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Васілій Хвацік уручыў высокія прафсаюзныя ўзнагароды, граматы і падзякі лепшым кіраўнікам, спецыялістам і радавым працаўнікам нашага раёна.

– Стаўбцоўшчына славіцца працавітымі людзьмі, якія шчыруюць і прымнажаюць  паказчыкі ва ўсіх сферах вытворчасці, – сказаў Васілій Міхайлавіч. – Прыкметны рух наперад і ў сельскагаспадарчай галіне.

Дзякуючы намаганням рупліўцаў палёў і фермаў забяспечана харчовая бяспека краіны. Развіваецца геаграфічная дыверсіфікацыя экспарту. Сельскагаспадарчую прадукцыю і прадукты харчавання Беларусь пастаўляла летась у 104 краіны свету.

Нагрудным знакам «За заслугі» Беларускага прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу ўзнагароджаны дырэктар ААТ «Жацерава» Аляксандр Дударэвіч. Таварыства, якое ён узначальвае, знаходзіцца на перадавых пазіцыях у раёне па вытворчасці малака і мяса. Сёлета атрымана самая высокая ўраджайнасць збожжавых і зернебабовых культур. Ушанаваны кіраўнік ААТ «Агранёманскі» Дзяніс Захарчук –  у гаспадарцы паступова павялічваюцца аб’ёмы прадукцыі палёў і фермаў. Адзначаны высокай прафсаюзнай узнагародай галоўны аграном ААТ «Вялікі Двор» Генадзій Бязушка – за адданасць прафесіі і дасягнутыя паказчыкі ў раслінаводчай галіне.

Грамату рэспубліканскага камітэта прафсаюза работнікаў АПК атрымаў дырэктар ААТ «Стаўбцоўская ПМК» Аляксандр Пашкевіч, калектыў абслуговай арганізацыі – у ліку пераможцаў раённага спаборніцтва. Заахвочана і аператар па штучным асемяненні жывёлы Валянціна Паляшчук з ААТ «Каганец» – плённая праца жанчыны, неаднаразовай пераможцы конкурсаў прафесійнага майстэрства, спрыяе павелічэнню вытворчасці малака ў гаспадарцы.

За шматгадовую працу і прафесіяналізм ганаровыя граматы абласнога камітэта прафсаюза работнікаў АПК уручаны першаму намесніку начальніка ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама Івану Загдаю і вядучаму ветэрынарнаму ўрачу ДУ «Стаўбцоўская райветстанцыя» Генадзію Маркоўскаму.

Падзякі абкама прафсаюза работнікаў АПК атрымалі галоўны заатэхнік ААТ «Вішнявецкі-агра» Ларыса Плаўсюк і галоўны ветурач ААТ «Радзіма Якуба Коласа» Дзмітрый Аўчук – належнае веданне спецыялістамі тэхналогіі і прымяненне сучасных метадаў работы даюць плён у малочнай і мясной жывёлагадоўлі. Аператар машыннага даення ААТ «Жацерава» Алена Арцюховіч таксама атрымала падзяку. Яна  ў ліку лепшых у гаспадарцы і раёне прадстаўніц гэтай нялёгкай прафесіі.

За рупнасць і сумленныя адносіны да даручанай працы ганаровую грамату райкама прафсаюза работнікаў АПК уручылі грузчыку ўчастка «Халадзільнік» ААТ «Стаўбцоўскі мясакансервавы камбінат» Юрыю Багдановічу.

Ганаровымі граматамі галіновых прафсаюзаў узнагароджаны: намеснік галоўнага інжынера філіяла ААТ «ККХ «ММЗ» у г. Стоўбцы Уладзімір Стэльмах (ад Беларускага прафсаюза работнікаў галін прамысловасці «Белпрафмаш»); настаўніца ДУА «Шашкоўская дзіцячая школа мастацтваў» Ганна Мартыненка (ад Мінскай гарадской арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў культуры, інфармацыі, спорту і турызму); эканаміст ДЛГУ «Стаўбцоўскі лясгас» Дзмітрый Панявін (ад Мінскага абласнога камітэта Беларускага прафсаюза работнікаў лесу і прыродакарыстання); вадзіцель УЗ «Стаўбцоўская ЦРБ» Віктар Карповіч (ад Мінскай абласной арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў аховы здароўя).

Надзея БАТАЛКА

Фота Наталлі КЛЫГАЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *