«Не забудзь мяне, Радзіма». У Стоўбцах прайшоў творчы вечар Тамары Барэхавай

Главное Культура

image_pdfimage_print

Сёння ў раённым цэнтры культуры адбыўся творчы вечар кампазітара Тамары Барэхавай. Яна вядома музычным, літаратурным і мастацкіх колах. Жанчына вельмі шануе сваю Бацькаўшчыну, мову, традыцыі. Менавіта таму свой творчы вечар з нагоды  50-гадовага юбілею Тамара Уладзіміраўна вырашыла адзначыць на роднай зямлі — у Стоўбцах.

Нарадзілася Тамара Маляўка (Барэхава) у Барысаве. Дзяцінства, юнацтва і маладосць дзяўчыны прайшлі ў Стоўбцах. Яна скончыла Мінскае музычнае вучылішча, Беларускую акадэмію музыкі,  Акадэмію кіравання пры Прэзідэнце РБ. Працавала выкладчыкам Стаўбцоўскай дзіцячай школы мастацтваў. У 20 гадоў стала загадчыкам музычна-тэарэтычнага аддзялення, у 26 – завучам, у 32 гады – дырэктарам школы.  Целае дзесяцігоддзе Тамара Міхайлаўна Барэхава аддала кіраўніцтву гэтай установы.  З 2009 года  працуе выкладчыкам музычна-тэарэтычных дысцыплін Баранавіцкага музычнага каледжа. Мае дзве цудоўныя дачкі, якія пайшлі па шляху маці.

Як кампазітар, Тамара Барэхава звяртаецца да вершаў многіх беларускіх паэтаў. Гэта славутыя імёны зямлі беларускай. Янка Купала, Якуб Колас, Пімен Панчанка, Пятрусь Броўка, Алесь Ставер, Канстанцыя Буйло. З сучаснымі пісьменнікамі знаёма асабіста: Васіль Жуковіч, Мікола Маляўка, Алесь Камароўскі, Яўген Карпуць. Музыка Тамары Барэхавай на іх вершы гучала на Святах пісьменства і друку, Песні і паэзіі, Пеўчым полі, Напеве зямлі маёй і іншых.

 

У творчай скарбонцы аўтара каля сотні песень. Патрыятычныя, святочныя і жартоўныя песні ўвайшлі ў зборнік “Поле”. Апрацоўкі беларускіх народных песень, кампазіцыі паводле паэм народнага песняра Якуба Коласа, дзіцячы рэпертуар склалі змест “Добрага вечару”. Жаночай лірыкай прасякнуты песні зборніка “Сустрэча з надзеяй”. Іх выданне стала магчымым, дзякуючы Мінскаму абласному цэнтру народнай творчасці, падтрымцы народнага клуба кампазітараў і паэтаў Міншчыны “Жывіца”. Першай рэпертуарнай песняй, напісанай для жаночага квартэта была «Дзявочая песня» на словы Алеся Ставера.

Аўтар гімнаў да фестываляў юных музыкантаў “Сымон-музыка”, харэаграфічнага фестывалю “Бусляняты”, фестывалю дзіцячага тэатра “Казкі жыцця”. Тамара Барэхава пісала таксама музыку для жаночага вакальнага ансамбля “Любава”, для школьнага ансамбля “Бусінкі”, якім кіравала Аксана Гідаятханава. Зараз гэтыя песні атрымалі новае жыццё ў новым пакаленні.

Сёння песні Барэхавай ведаюць і спяваюць іншыя выканаўцы. Песню “Поле” можна пачуць на святах беларускіх земляробаў “Дажынкі”. Песні пра Балтыйскі край гучаць у Калінінградскай вобласці. Калядныя, песні пра матулю спяваюць дзіцячыя ансамблі і хоры  рэспублікі. Як выкладчык сальфеджыа і музычнай літаратуры, аўтар уводзіць у свае творы класіку.

Матуля Тамары Міхайлаўны — Кацярына Аляксандраўна Маляўка 

Усё творчае жыццё Тамары звязанае з народным вакальным ансамблем “Берагіня”. Яна яго нязменны мастацкі кіраўнік, складальнік рэпертуару з народных, духоўных, эстрадных, сучасных песень, стваральнік вакальна-харавых партытур, арыгінальных аранжыровак і фанаграм.

Артыстычныя “Берагіні” станавіліся лаўрэатамі рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў, аб’ехалі розныя рэгіёны Беларусі, блізкага і далёкага замежжа. Жаночы квартэт  стаў творчай лабараторыяй для кампазітара. З ім яна запісала 5 альбомаў.

У многіх песнях Тамара Міхайлаўна выступае не толькі як кампазітар, але і як паэт. Што натхняе творцу? Напэўна, людзі, падзеі, сустрэчы, вандроўкі, радасць і гора, добрае і дрэннае надвор’е, кнігі, карціны, музыка, цікавыя людзі, добрыя выканаўцы. І калі яго праца заўважаная, мае водклік у сэрцах людзей, гэта вялікае шчасце для мастака.

Павіншаваць Тамару Міхайлаўну прыйшлі прадстаўнікі Мінскага абласнога Цэнтра народнай творчасці Дырэктар Ірына Пазняк, кіраўнік народнага клуба паэтаў і кампазітараў “Жывіца” Ірына Карнаухава, адміністрацыя Стаўбцоўскага райвыканкама, в.а. начальніка аддзела ідэалогіі і культуры Святлана Жыбуль, дырэктар Стаўбцоўскай дзіцячай школы мастацтваў Таццяна Іванаўна Курмышэва.

Фота Ксеніі РУБІН



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *