На прасторах Стаўбцоўшчыны

Нумары Раённыя навіны

УРАЧЫСТАСЦЬ: У ШКОЛУ –З ПАДАРУНКАМІ

На працягу многіх гадоў у святочныя дні з нагоды  пачатку і заканчэння вучэбнага года падзяліць радасць  падзеі з вучнямі і настаўнікамі ў Цясноўскую сярэднюю школу імя Ф. Э. Дзяржынскага прыязджаюць даўнія сябры навучальнай установы – супрацоўнікі Камітэта дзяржаўнай бяспекі Рэспублікі Беларусь.

На першавераснёўскай лінейцы ў гэтым годзе ад афіцэрскага саставу і прафсаюзнага камітэта работнікаў КБД школа атрымала важкі падарунак – 10 новых спецыялізаваных крэслаў для камп’ютарнага класа. Супрацоўнікі Камітэта дзяржаўнай бяспекі пажадалі вучням паспяховай вучобы і напоўненага карыснымі справамі школьнага жыцця.

З падарункамі прыйшла на ўрачыстую лінейку з нагоды Дня ведаў і намеснік дырэктара ААТ «Радзіма Дзяржынскага» Рамуальда Ліпніцкая. Вучням, якія плённа папрацавалі на ўборцы ўраджаю збожжавых у складзе лагера працы і адпачынку, былі ўручаны прэміі.

Вось такі выдатны старт у новы навучальны год. За парты ў Цясноўскай СШ селі 93 вучні, з іх 10 чалавек у выпускным класе і 7 – у першым. Па выніках уступнай кампаніі 12 выпускнікоў мінулага навучальнага года выдатна пацвердзілі свае веды на цэнтралізаваным тэсціраванні. Сем выпускнікоў сталі студэнтамі ВНУ, тры – сярэдніх спецыяльных  навучальных устаноў, адзін – прафтэхвучылішча. У школе створаны выдатныя ўмовы для паспяховай вучобы і развіцця здольнасцяў  вучняў. Пажадаем і настаўнікам, і вучням не здаваць пазіцый.

 

ДА АЦЯПЛЯЛЬНАГА СЕЗОНА: РАМОНТ ЗВЫШ ПЛАНА

У Стоўбцах працягваецца капітальны рамонт пяціпавярховага дома па вуліцы Цэнтральнай, 19. Каштарысны кошт рамонту складае больш за тры мільярды рублёў. 

Фінансавыя сродкі на рамонт даху, уцяпленне фасада дома выдаткоўваюцца з бюджэту. Як адзначыла намеснік дырэктара АКС па жыллёвай гаспадарцы Галіна Гараднік, завяршэнне гэтага аб’екта, унесенага ў тытульны спіс капрамонтаў, плануецца напрыканцы бягучага года.

Паралельна з капрамонтам камунальнікі займаюцца бягучымі рамонтамі, неабходнымі для падрыхтоўкі жыллёвага фонду да чарговага ацяпляльнага перыяду. Згодна з планам, за лета адрамантавана восем балконаў жылых дамоў у Наваколасаве, часткова адбылася замена стаякоў ацяплення, ідзе ўцяпленне труб і ўстаноўка прыбораў уліку ў падвальных памяшканнях.

У 2014 годзе на бягучы рамонт камунальнага жыллёвага фонду выдзелена 464 мільёны рублёў. Усе сродкі  ўжо асвоены, нават звыш плана, таму што сёлетняе дажджлівае надвор’е «прадзіравіла» і тыя дахі,  рамонт якіх  не быў запланаваны. Усе сродкі на бягучы рамонт камунальнікі асвоілі ўласнымі намаганнямі.

 

ДАШКОЛЬНАЯ АДУКАЦЫЯ

Новы навучальны год у сістэме дашкольнай адукацыі раёна пачынаецца з захаваннем праблемы чарговасці –  колькасць дашкольнікаў на 52 працэнты перасягае колькасць фактычных месцаў.

Разам з неабходнасцю сур’ёзнай работы па вырашэнні пытання аб будаўніцтве ў райцэнтры новага вучэбна-педагагічнага комплексу дзіцячы сад – пачатковая школа на жнівеньскай канферэнцыі настаўнікаў райвыканкам паставіў перад аддзелам адукацыі, спорту і турызму задачу пашырэння сеткі эканамічна мэтазгодных і сацыяльна запатрабаваных формаў дашкольнай адукацыі. Гэта групы, якія рэалізуюць праграмы дашкольнага выхавання на платнай  умове, стварэнне прыватных сямейных дзіцячых садоў.

Нягледзячы на дэфіцыт месцаў, ахоп дашкольнай адукацыяй дзяцей ва ўзросце ад аднаго да шасці гадоў у нашым раёне павялічыўся ў параўнанні з мінулым годам і склаў 79 працэнтаў.



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *