Восеньскі водар яблыкаў

Нумары Ураджай

Сёлетні верасень пахне яблыкамі – паўсюдна водар налітых апетытных пладоў. Нават у самых гаспадарлівых, хто паспявае ціснуць сок, варыць варэнні і джэмы, частаваць гараджан, – лішкі пладоў застаюцца. І паўсюдна можна бачыць кучы насыпаных падгніўшых яблыкаў.

Таму, канешне, многія  гаспадары  чакалі пачатку нарыхтоўчага сезона. Як ідзе нарыхтоўка яблыкаў у раёне? З гэтым пытаннем мы звярнуліся ў аддзел нарыхтовак райспажыўтаварыства і ў Стаўбцоўскі філіял ААТ «Гарадзейскі цукровы камбінат».

Як расказвае начальнік аддзела нарыхтовак Ірына Тулейка, кааператары ўжо нарыхтавалі больш за 200 тон яблыкаў пры планавым заданні 800. Прадукцыя адпраўляецца на Клецкі перапрацоўчы камбінат. Закупам яблыкаў у сельскіх населеных пунктах займаюцца нарыхтоўшчыкі. Пры наяўнасці дастатковага аб’ёму прадукцыі вяскоўцы могуць заказаць транспарт на дом. Некаторыя вяскоўцы кааперыруюцца паміж сабою, каб машына была загружана «пад дужкі».

Сваім транспартам гараджане могуць даставіць яблыкі на склад райспажыўтаварыства, які знаходзіцца на прывакзальнай плошчы. Як запэўніла Ірына Мікалаеўна, разлік вядзецца адразу ж пры здачы яблыкаў. Закупачная цана –  500 рублёў за кілаграм.

На Стаўбцоўскім філіяле Гарадзейскага цукровага камбіната таксама стартаваў сезон нарыхтоўкі яблыкаў. Вытворчай праграмай прадугледжана нарыхтаваць больш за дзве тысячы тон вітамінных дароў восеньскага саду. Канешне ж, такі аб’ём будзе закупляцца не толькі ў насельніцтва, але і ў нарыхтоўчых арганізацый, фермерскіх гаспадарак. Улічваючы транспартныя выдаткі для фур, велікагрузных машын, якія будуць дастаўляць яблыкі з іншых абласцей, адрэгуляваны і закупачныя цэны. У насельніцтва перапрацоўчае прадпрыемства закупляе яблыкі па цане 500 рублёў за кілаграм, у арганізацый з дальняй дастаўкай – па 750. Яблычны сезон нарыхтовак у разгары. І тыя  гаспадары, якія   праявяць дзелавую прадпрымальнасць, жаданне, азарт, змогуць не згнаіць свае яблыкі ў кампостнай кучы, а зарабіць капеечку.

Лана СВЯТЛІЦКАЯ

На здымках: шмат клопатаў у гэтыя гарачыя дні ў кладаўшчыцы аддзела нарыхтовак райспажыўтаварыства Алы Мацюшковай.

Фота Васіля ЗЯНЬКО



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *