Калонка рэдактара: «Мінулае вучыць нас, як жыць сёння»

Вялікай Перамозе прысвячаецца Главное

image_pdfimage_print

Ёсць старая ісціна: мінулае павінна вучыць нас, як жыць сёння. І хто гэтага не ўсведамляе, асуджаны на нябыт. Любая таталітарная сістэма ставіць мэту, як пісаў Я. Колас, «нашы скарбы апаганіць, душу вынесці на здзек». І вынішчэнне душы пачынаецца з вынішчэння памяці народа, з разрыву повязяў паміж вякамі і пакаленнямі.

Больш за 75 гадоў прайшло з дня заканчэння Вялікай Айчыннай вайны. Але і да гэтага часу пякучым болем адзываецца найцяжэйшая з войнаў у сэрцах беларусаў. Яна закранула амаль кожную беларускую сям’ю, бо ў гады Вялікай Айчыннай загінуў кожны трэці жыхар Беларусі. Памяць пра ахвяры і подзвігі герояў Вялікай Айчыннай вайны ўсіх нацыянальнасцяў увекавечана больш чым у 9 тыcячах мемарыяльных помнікаў, манументаў і абеліскаў. Беларусы захоўваюць памяць і аб ахвярах нацызму ў лагерах смерці, якія знаходзіліся на тэрыторыі краіны. Сёння Генеральная пракуратура пачала работу, накіраваную на тое, каб вырашыць пытанне аб адкрыцці крымінальнай справы па факце генацыду беларускага народа ў перыяд Вялікай Айчыннай вайны.

Як адзначае даследчык гісторыі Аляксей Літвін, падчас карных аперацый было спалена 5454 вёскі. Лёс Хатыні, дзе былі знішчаны мірныя жыхары, раздзялілі 629 вёсак, 185 з іх так і не адрадзіліся. У Беларусі дзейнічала больш за 260 лагераў смерці.

Прызнанне генацыду падчас Вялікай Айчыннай вайны дазволіць прыцягнуць да адказнасці тых людзей, якія адмаўляюць яго факты, адстойваюць нацысцкі рэжым.

22 сакавіка ўвесь беларускі народ нізка схіліў галовы перад памяццю мірных жыхароў вёскі Хатынь.

Гляджу з унукам прамую трансляцыю з дня памяці, мітынг-рэквіем з Хатыні, чытаю каментарыі да гэтай падзеі… і раптам пякучы боль пранізвае сэрца…

Так, сёння ў нас знаходзяцца фальсіфікатары, якія адмаўляюцца называць Вялікую Айчынную вайну Вялікай, Айчыннай, Свяшчэннай, не хочуць прызнаваць перамогу нашых бацькоў, дзядоў у гэтай страшнай вайне.

Навошта гэта робіцца? Безумоўна, каб пазбавіць народы, маладое пакаленне гістарычнай памяці, нацыянальнай самасвядомасці, усяліць дурную думку: калі б перамог Гітлер, то мы б жылі, як у Германіі, пілі баварскае піва…

Бачым, што справа, якая была пачата нашымі бацькамі, дзядулямі, прадзядулямі, тымі людзьмі, якія змагаліся, загінулі дзеля таго, каб мы маглі жыць свабоднымі людзьмі, на жаль, не закончана.

У памяці ўсплылі мой бацька Дзікола Леанід, дзядзька Ермакоў Іван, сусед Кавальчук Аляксей і іншыя, якія прайшлі баявы шлях да Берліна, атрымалі баявыя ўзнагароды «За адвагу», «За ўзяцце Берліна», «За вызваленне Варшавы», «За баявыя заслугі», «За перамогу над Германіяй», ордэны Баявога Чырвонага Сцяга, Чырвонай Зоркі і інш. Яны не маглі спакойна гаварыць аб тых жудасных падзеях, аб тым, якой цаной удалося атрымаць Перамогу, як маладыя хлопцы ахвяравалі сваімі жыццямі, ішлі ў бой за сваю краіну, за сваіх родных, за нас, за будучае пакаленне. Ніхто не мог і падумаць, што хтосьці сёння можа сказаць, што яны не ветэраны вайны, не героі.

Мне асабіста прыйшлося тлумачыць аднаму «калабарацыяністу» (пасля публікацыі ў газеце), што мой бацька прайшоў цяжкі баявы шлях, перамогу сустрэў у Берліне. І колькі ў мяне было гонару за бацьку, калі з Масквы (па маім запыце) прыслалі карту яго баявога шляху з апісаннем подзвігаў, за якія баявыя дзеянні атрымаў узнагароды.

Паважаныя фальсіфікатары гісторыі, думаю, вывады вы можаце зрабіць самі, сустрэньцеся, пагаварыце з людзьмі, якія былі ўдзельнікамі Вялікай Айчыннай вайны. Спяшайцеся, іх становіцца ўсё менш.

У нашым краі ёсць Налібацкая пушча, дзе падчас Вялікай Айчыннай вайны дзейнічалі партызаны. І вось усплывае фэйк: у Налібаках былі расстраляны партызанамі мірныя жыхары. І толькі намаганнямі райвыканкама і старшыні раённай арганізацыі ветэранаў Наталлі Лапко, якія паслалі запыты ў архівы Баранавіч, Мінска, арганізавалі сустрэчу са сведкамі тых падзей, было даказана, што жыхары Налібацкага краю не загінулі, а былі вывезены за мяжу і засталіся там пражываць. У выніку – скажэнне рэальных фактаў.

Так і хочацца крыкнуць: «Стоп, фэйк! Хопіць прыніжаць подзвіг нашага народа ў Вялікай Айчыннай вайне. Гісторыю не перапішаш!»

Пра вайну напісана шмат. Гэта аповесці, апавяданні, раманы, паэмы, дакументальныя творы, успаміны, вершы. Усе яны аб’яднаны памяццю сэрца, моцным жаданнем уваскрэсіць бессмяротныя подзвігі салдат, партызан, падпольшчыкаў, паказаць мірных жыхароў у выпрабаваннях вайны.

У сучасным свеце мы штодзённа назіраем змены, адчуваем інфармацыйную вайну з яе фэйкамі і «ўкідамі». Трэба разумець, што шмат залежыць ад нас з вамі. У кожнага ёсць свае думкі, але ці можам мы сумнявацца ў правільнасці шляху, па якім ідзе наша краіна. Суверэнітэт, незалежнасць – гэта тое, за што аддавалі жыцці, змагаліся беларусы, нашы самыя блізкія людзі, а мы павінны адстойваць сёння.

Мы хочам жыць у бяспечнай краіне, быць гаспадарамі нашай цудоўнай зямлі. Наша сіла – у адзінстве, у вернасці традыцыям нашых слаўных дзядоў.

Дзеля Памяці мы павінны берагчы мір, любіць нашу родную Беларусь, быць патрыётамі, жыць сумленна і працаваць на карысць нашай Радзімы. Жыць і помніць, што ў свеце яшчэ не зніклі жорсткасць і жаданне знішчыць народы. Дык няхай для ўсіх людзей будуць святымі словы «мір» і «памяць».

Нэлі АСТРЭЙКА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *