Падзеі і здарэнні

Нумары Падзеі і здарэнні

ЗАГСам зарэгістравана па раёне 12 шлюбаў і, пры гэтым, пара вяселляў поўнасцю апраўдвае свой імідж – не было ніводнага выпадку скасавання сямейнага саюза. Пасведчанні аб нараджэнні атрымалі сямёра маленькіх жыхароў Стаўбцоўшчыны: Дарына Мацак, Віталь Чарнец, Марыя Дрозд, Мілана Курыла, Дар’я Касцюк, Архіп Бяляўскі і Хрысціна Быкава.

Зямны шлях  закончыўся для 13-ці чалавек.

У пажарнай часці згадалі вогненнае здарэнне ў Заямным. Загаранне адбылося ў лазні аднаго з вяскоўцаў, у выніку чаго знішчаны дах і перакрыцце. Агонь моцна пашкодзіў пабудову знутры. Прычына пажару – у парушэнні правілаў  абсталявання  і эксплуатацыі пячнога ацяплення, у прыватнасці, у перакале азбестацэментнай трубы дымахода, у якой з’явіліся трэшчыны.

Міліцыяй зарэгістравана 142 паведамленні аб правапарушэннях, у выніку якіх узбуджана пяць крымінальных спраў, па дзвюх з іх устаноўлены падазраваемыя. Так, злодзей наведаўся ў дачны дом у вёсцы Варнавугал, адкуль вынес маёмасць гаспадыні. З дома стаўбчанкі зніклі грашовыя сродкі. На крымінальныя дзеянні пайшла прадавец, якая прысвоіла некаторыя тавары і грашовую выручку з касы магазіна. За мінулы тыдзень складзена 19 адміністрацыйных пратаколаў за дробнае хуліганства, 31 – за распіванне спіртнога і з’яўленне ў грамадскім месцы ў нецвярозым стане, чатыры – за дробнае хуліганства і т. п.

Суд асудзіў да аднаго года пазбаўлення волі 19-гадовага стаўбчаніна, раней судзімага, які ў вагоне электрапоезда ўкраў рукзак з ноўтбукам (сума ўкрадзенага перасягнула  6 000 000 рублёў), а неўзабаве пасля гэтага ўчыніў яшчэ адзін крадзеж, з кватэры ў Стоўбцах, адкуль прапала больш за 2,5 мільёна рублёў. Да гэтага маладога чалавека, акрамя турэмнага зняволення, прыменены і прымусовыя меры лячэння ад алкагольнай залежнасці. 46-гадовы жыхар пасёлка Нёман,  судзімы ўжо шэсць разоў, учыніў у нецвярозым стане новы крадзеж – з дома ў Ругайцы вынес гаспадарчы інвентар на 340 000 рублёў, – і за гэта пазбаўлены волі тэрмінам на два гады. 38-гадовы стаўбчанін пакараны штрафам у памеры 450 000 рублёў: будучы нецвярозым пацыентам неўралагічнага аддзялення, ён пашкодзіў бальнічныя тумбу і жалюзі. Прызнаны  вінаватым  і  аштрафаваны  на 300 000 рублёў адзін са старшыняў гаспадарак раёна, які не прыняў належных мер для  ўхілення парушэнняў на вытворчасці, што былі ўказаны ў прадстаўленні райаддзела міліцыі. Ля Дома гандлю нецвярозы 18-гадовы мясцовы жыхар кінуўся ў бойку, непадпарадкаваўся работнікам міліцыі, за што пакараны штрафам на суму  900 000 рублёў.

 ДАІ выявіла 192 парушэнні правілаў дарожнага руху. Сярод парушальнікаў –шэсць п’яных вадзіцеляў і 11вадзіцеляў- бяспраўнікаў, 24 недысцыплінаваныя пешаходы і іншыя. Зафіксавана 14 дарожна-транспартных здарэнняў. На шчасце, ніхто не пацярпеў.

«Хуткая» выязджала да хворых 227 разоў, у прыватнасці, 11 сігналаў паступіла да асоб з алкагольным ап’яненнем.

ПадрыхтавалаТаццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *