Новая кацельня працуе без збояў і згодна з графікам

Главное Эканомiка

image_pdfimage_print

На новую кацельню на мясцовых відах паліва ў Стоўбцах кадры падбіралі адмыслова. Улічвалі не толькі вопыт работы ў прафесіі, але і гатоўнасць асвойваць сучаснае абсталяванне.

Магутнасць кацельні – 24 МВт, і з яе абаграваецца ўвесь горад, у міжсезонне – забяспечваецца падача гарачай вады.

Пасля рэалізацыі інвестпраекта кацельня ўведзена ў эксплуатацыю 28 кастрычніка 2020 года. Ужо можна сказаць, што першы ацяпляльны сезон адпрацаваны ў штатным рэжыме, без збояў, і дзякуючы выкарыстанню такога віду паліва, як фрэзерны торф, удалося сэканоміць істотныя сумы ў раённым бюджэце.

Напярэдадні Дня работнікаў жыллёва-камунальнай гаспадаркі і бытавога абслугоўвання мы пабывалі на знакавым аб’екце УП «Стаўбцоўскае АКС» і пазнаёміліся з калектывам, які яго абслугоўвае.

Работу абсталявання ў кацельні рэгулюе камп’ютар, а задача начальніка ўчастка Сяргея Целеша і інжынера-цеплатэхніка Стаўбцоўскага АКС Наталіі Грыгаровіч – забяспечыць тэхнічны кантроль на ўсіх этапах эксплуатацыі аб’екта

Кацельня адносіцца да аб’ектаў павышанай небяспекі, і для знаходжання на ёй журналіста зроблена выключэнне.

Інжынер-цеплатэхнік Стаўбцоўскага АКС Наталія Грыгаровіч удакладняе, што сама яна бывае тут у залежнасці ад рабочай абстаноўкі – некалькі разоў на тыдзень, а магчыма – некалькі разоў на дзень.

Наталія Уладзіміраўна працуе ў Стаўбцоўскім АКС 15 гадоў, таму кацельную гаспадарку раёна ведае ў падрабязнасцях.

– На балансе нашага прадпрыемства сёння ўтрымліваюцца 52 кацельні, і ў найбліжэйшай перспектыве плануецца перадача кацельняў аддзелам ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, – расказвае спецыяліст. – Шырокая зона абслугоўвання патрабуе наяўнасці рэзервовага абсталявання, гатоўнасці тэхнікі для выезду на месца і г. д. Да бягучага ацяпляльнага сезона мы падрыхтаваліся добра, таму і не здаралася разрываў цепласетак, не выходзіла са строю абсталяванне.

У помпавым аддзяленні

Дзяжурная змена працуе зладжана  

Новае энергаэфектыўнае абсталяванне і зладжаная работа персаналу новай кацельні дазволілі забяспечыць бесперабойнае цеплазабеспячэнне горада.

– Першыя некалькі месяцаў былі хваляванні. Маўляў, ці справімся? Рэжым аўтаматычны, аднак неабходна сачыць за работай катлоў, правяраць спраўнасць абсталявання падчас прыёмкі і здачы змены, – адзначае дзяжурны аператар Сяргей Русак.

Разам з ім на змене працуе Сяргей Закурдаеў. Ён нядаўна прайшоў стажыроўку ў кацельні, пасля чаго пацвердзіў свае веды па прамысловай бяспецы і ахове працы перад камісіяй прадпрыемства на чале з галоўным інжынерам.

Для персаналу, дарэчы, у кацельні створаны сучасныя ўмовы працы і адпачынку. Паўсюдна ў памяшканнях чысціня, і знешне нішто не нагадвае пра мясцовыя віды паліва, акрамя спецыфічнага паху торфу.

Для пастаўкі фрэзернага торфу заключаны дагаворы з ААТ «ТБЗ «Нёман» (аб’ём пастаўкі на 2021 год – 7400 тон)  і ААТ «ТБЗ «Ляхавіцкі» (10 000 тон). На тэрыторыі працуе вадзіцель пагрузчыка Іван Кужаль.

За змену вадзіцель пагрузчыка Іван Кужаль загружае ў паліўныя бункеры 90 тон фрэзернага торфу

– За суткі неабходна загрузіць у паліўныя бункеры 90 тон торфу, – кажа ён.

У Івана Кужаля механізатарскі стаж складае 25 гадоў. За прафесіяналізм і старанне ён заслужыў добрыя водгукі кіраўніцтва. Працуе на змену з Сяргеем Юрысам.

У кацельні сочыць за якасцю вады, якая падаецца ў сістэму, лабарант хімводаачысткі Ларыса Дзямідава.

Лабарант хімводаачысткі Ларыса Дзямідава тройчы за змену правярае якасць вады, якая падаецца ў сістэму ацяплення

– За змену тройчы адбіраем пробы. Адразу змякчаем ваду з дапамогай таблеціраванай солі, прапускаем яе праз два фільтры, – знаёміць са сваёй работай лабарант.

У свой час Ларыса Дзямідава атрымала спецыяльнасць  тэхніка-тэхнолага харчовай прамысловасці і прафесію лабаранта – як дадатковую. Але менавіта яна ў жыцці і спатрэбілася.

– Работа лабаранта важная. Яна «аберагае» катлы ад накіпу, спрыяе іх працяглай эксплуатацыі, – дадае Наталія Грыгаровіч.

Інжынер па рамонце і эксплуатацыі абсталявання Канстанцін Санкевіч правярае спраўнасць абсталявання

Па вопыт – на ўнікальны аб’ект

У кацельні ўстаноўлены тры катлы беларускай вытворчасці на мясцовых відах паліва і два рэзервовыя – на прыродным газе. У сёлетнім сезоне іх уключалі падчас вялікіх маразоў.

А ўвогуле цеплавыя магутнасці кацельні разлічаны на перспектыву. Горад жа пастаянна разбудоўваецца. Важна, што выконваюцца ўсе экалагічныя параметры – наладжана двухузроўневая сістэма ачысткі дымавых газаў.

– На нас ускладзена вялікая адказнасць, – гаворыць начальнік участка Сяргей Целеш.

Сочаць за выкананнем графіка ацяплення дзяжурныя аператары Сяргей Русак і Сяргей Закурдаеў

Сяргей Іванавіч прайшоў навучанне ў ГАЗ-Інстытуце і як асоба, адказная за спраўны стан і бяспечную эксплуатацыю новай кацельні, здаў экзамены ў Дзяржпрамнаглядзе. Ён працуе сумесна з інжынерам па рамонце і эксплуатацыі абсталявання Канстанцінам Санкевічам. Для іх праверка і падтрыманне прыбораў і абсталявання ў спраўным стане – работа штодзённая.

Новая кацельня ў Стоўбцах – аб’ект унікальны для рэспублікі, таму прыязджаюць па вопыт калегі з іншых прадпрыемстваў ЖКГ.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ, фота аўтара 



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *