7 верасня – Дзень работнікаў нафтавай, газавай і паліўнай прамысловасці

Нумары У калектывах Стаўбцоўшчыны

РУ “СТОЎБЦЫРАЙГАЗ”: НАСТРОЙ НА ЗЛАДЖАНУЮ РАБОТУ

Сёлета, як і ў мінулыя гады, РУ «Стоўбцырайгаз» забяспечвае бесперабойнае і безаварыйнае функцыянаванне газаразмеркавальнай сістэмы раёна. Гэта  дасягнута дзякуючы падтрыманню яе ў тэхнічна спраўным стане, своечасоваму правядзенню на сетках і  абсталяванні дыягнастычных мерапрыемстваў, іх прафілактычных рамонтаў і абслугоўвання. Вялікая ўвага надаецца прапагандзе бяспечных метадаў карыстання газам у быце і ахове сістэм газазабеспячэння. 

Як адзначыла галоўны інжынер Наталля Астроўская, жыллёвы фонд на 100 працэнтаў ахоплены прыродным і звадкаваным газам,  у тым ліку на Стаўбцоўшчыне з прыродным газам амаль 70 працэнтаў газіфікаваных кватэр. Прыборамі ўліку расходу газу абсталявана 11 910 такіх кватэр, ці 90 працэнтаў ад іх колькасці. У 2014-2015 гадах  плануецца будаўніцтва размеркавальных газаправодаў працягласцю каля 25 км, што дазволіць газіфікаваць прыродным газам больш за 400 кватэр.

На рабочым стале галоўнага інжынера – чарговы праект будаўніцтва, нюансы якога яна абмяркоўвае з начальнікам службы эксплуатацыі Іванам Хамічонкам і інжынерам вытворча-тэхнічнага бюро Віктарам Анікейчыкам (здымак 1).              

Апошнія даныя сведчаць, што на Стаўбцоўшчыне эксплуатуецца 727,1 км газаправодаў (прырост з пачатку 2011 года –  123,5 км). Сярод іх 263,3 км складаюць газаправоды высокага ціску, 102,4 км – сярэдняга і 361,4 км — нізкага ціску. Працягласць газаправодаў з поліэтылену перасягнула 210 км.

Сапраўды, развіццё і надзейнасць газавай гаспадаркі забяспечваюць не толькі сучасныя тэхналогіі, матэрыялы, але і кваліфікаваны персанал, гатовы дзейнічаць аператыўна. Да прыкладу, неадкладна выехаць па першым трывожным сігнале гатовы экіпаж аварыйна-дыспетчарскай службы ў складзе вадзіцеля Уладзіміра Пазняка і слесара Аляксандра Шпакоўскага (здымак 2). Настрой у іх, відавочна, не дае падстаў сумнявацца ў зладжанай рабоце. Аб тым, як працуецца на прыёмцы заказаў, нам расказалі прыёмшчыцы Наталля Кажамяка і Вольга Шчур разам са старшым майстрам аварыйна-дыспетчарскай службы Аляксандрам Радзівановічам (здымак 4). У службе ўліку газу кваліфікавана працуюць пяць кантралёраў, сярод якіх са шматгадовым стажам  – Надзея Русан, Святлана Протас і Любоў Жаўнерчык (яна вітае вас са здымка 3).

– За апошнія гады, – адзначае Наталля Астроўская, – шмат сродкаў і сіл  укладзена ў станаўленне і развіццё ўпраўлення. У 2013 годзе згодна з планам правядзення рамонтаў будынкаў былі выкананы работы ўласнымі сіламі на суму 1 692 мільёны рублёў. Сярод іх – асфальтаванне тэрыторыі базы ўпраўлення і стаянкі для аўтатранспарту, устаноўка агароджы базы, укладка тратуарнай дарожкі, рамонт аддзялення мыйкі аўтамабіляў, а таксама рамонт санітарных вузлоў  у аздараўленчым лагеры імя Я. М. Чайкі.

І сёлета ў плане добраўпарадкавання зроблена нямала як на тэрыторыі ўпраўлення (устаноўка чатырох ралетных варот у боксы для спецыяльных  машын, рамонт будынкаў трох газаразмеркавальных пунктаў і інш.), так і ў ведамасным лагеры.

– Наталля Іванаўна, паказчык па энергазберажэнні склаў у райгазе мінус 6,1, пры плане мінус 2,5 працэнта. Што робіцца для зніжэння выдаткаў на вытворчасць, атрыманне дадатковых абаротных сродкаў?

– Упраўленне «Стоўбцырайгаз» на працягу 2014-2015 гадоў намерана працягнуць мерапрыемствы па зніжэнні выдаткаў. Да прыкладу, да 2015 года плануем аснасціць сістэмамі тэлеметрыі 12 размеркавальных шафаў, тэлемеханізаваць 12 станцый катоднай абароны, устанавіць 100 бытавых лічыльнікаў газу, замяніць 980 адзінак бытавога газавага абсталявання, якое мае высокую ступень фізічнага і маральнага зносу. На чарзе – тэхнічная дыягностыка  газаправодаў, якія выпрацавалі нарматыўны тэрмін службы 40 і больш гадоў.

На аб’ектах газаразмеркавальнай сістэмы працягваецца ўкараненне сродкаў тэлемеханікі і тэлеметрыі, якія дазваляюць кантраляваць з кабінета аварыйна-дыспетчарскай службы дзеючыя тэхналагічныя працэсы і кіраваць імі. Выкарыстанне сучасных тэхналогій, сродкаў і прыбораў кантролю гарантуе дастаткова высокі ўзровень тэхнічнай эксплуатацыі небяспечных вытворчых аб’ектаў, зніжае ўзровень аварыйнасці і павышае тэхніку бяспекі, узровень аховы працы работнікаў.

–  Дзе вашы работнікі адточваюць сваё майстэрства?

–  Для гэтага на тэрыторыі райгаза ёсць вучэбны палігон. На ім перыядычна праводзяцца фінальныя агляды-конкурсы лепшых аварыйных брыгад прадпрыемства «Мінскаблгаз», а таксама ДВА «Белпалівагаз». Прафесійная і стабільная работа калектыву – у мэтанакіраванай дзейнасці па падрыхтоўцы кадраў і павышэнні іх кваліфікацыі, стварэнні кадравага рэзерву.

 

ААТ «ТБЗ НЁМАН»: МІЛЬЁННЫ ЛЕТАПІС ТОРФАБРЫКЕТЧЫКАЎ

У ліку тых, чыё прафесійнае свята адзначаецца заўтра, і торфабрыкетчыкі завода «Нёман».

За амаль паўвекавую гісторыю існавання торфабрыкетным заводам «Нёман» здабыта звыш шасці мільёнаў тон торфу, выпушчана і рэалізавана 2,1 мільёна тон брыкетаў. Спажыўцамі прадукцыі завода з’яўляюцца шэсць раёнаў Мінскай вобласці. Прычым, як падкрэслівае дырэктар Іна Круглінская, торфабрыкеты адгружаюцца не толькі «гартопам», а і напрамую іншым арганізацыям, якія заключаюць з «Нёманам» дагавор. Прадукцыі сыходзіць з канвеера дастаткова, таму ўсе спажыўцы забяспечаны ёю ў поўным аб’ёме.   

У сучасным калектыве торфабрыкетчыкаў працуюць 118 чалавек. Сярод іх ёсць людзі, якія – без перабольшвання – прысвяцілі заводу сваё жыццё. Гэта вартаўнік Казімір Макась, інжынер па ахове працы і пажарнай бяспецы Лідзія Лубянко, майстар па рамонце  чыгуначнага абсталявання Баляслаў Калкоўскі, электраманцёр Мікалай Кутас, машыніст пагрузчыка Пётр Лось, транспарцёршчык Таццяна Фянько – яны на «Нёмане» па 40 і больш гадоў. Сярод гэтых заслужаных людзей варта назваць і сямейную дынастыю Івана і Зінаіды Борыс, качагара кацельні і транспарцёршчыцу, якія за многія дзесяцігоддзі працы на адным заводзе заслужылі нямала добрых слоў.

У летапісе завода ёсць і тыя, хто быў адзначаны высокімі дзяржаўнымі ўзнагародамі. Гэта ветэраны працы, былыя машыністы па здабычы торфу Уладзімір Шаранда і Яўген Наско, у свой час узнагароджаныя (адпаведна) ордэнам «Знак Пашаны» і ордэнам Працоўнай славы ІІІ ступені.

Шмат іх, ветэранаў-торфабрыкетчыкаў, пражывае ў пасёлку Нёман, аднайменным з цяперашняй назвай іх завода, і менавіта для іх грамадская актывістка Ніна Дубовік арганізавала не так даўно цудоўнае свята.

Сучаснае пакаленне працаўнікоў працягвае лепшыя традыцыі сваіх папярэднікаў.

 

ТАА «СТОЎБЦЫГАЗБУД»: ВЫТВОРЧЫ ПРАГНОЗ ГАЗБУДАЎЦАЎ

За першае паўгоддзе калектывам ТАА «Стоўбцыгазбуд» паспяхова выкананы ўсе даведзеныя планавыя заданні і прагназуецца такое ж выкананне заданняў і дагаворных абавязацельстваў па выніках работы за дзевяць месяцаў 2014 года. Чым не нагода, каб сустрэць прафесійнае свята з добрым настроем?!  

Прыўзнятым настроем падзяліўся з рэдакцыяй дырэктар таварыства Пётр Жыткоўскі, прыводзячы ў якасці аргументаў асноўныя эканамічныя паказчыкі таварыства за першае паўгоддзе. Газбудаўцамі выканана работ у аб’ёме 13 мільярдаў 624 мільёны рублёў, што складае 118,5 працэнта ў адносінах да планавага паказчыка і 117,6 працэнта – адносна аналагічнага леташняга перыяду. Выпрацоўка на аднаго работніка  дасягнула 160,3 мільёна рублёў. Сёлета прадукцыйнасць працы ўзрасла ў параўнанні з мінулым годам на 145,4 працэнта і на 7, 7 працэнта апярэджвае рост заработнай платы.

За першае паўгоддзе  здадзена ў эксплуатацыю 17,6 км газаправодаў, пабудавана і рыхтуецца да здачы яшчэ 46,3 км газаправодаў. Будаўніцтва вядзецца ў Лагойскім, Смалявіцкім, Пухавіцкім, Уздзенскім, Дзяржынскім, Капыльскім, Валожынскім раёнах Мінскай вобласці. Работы выкананы  па перакладцы цеплавых сетак па вуліцы Свярдлова ў Стоўбцах. Паўсюдна газбудаўцы на працягу больш чым 30-гадовай гісторыі дзейнасці таварыства імкнуцца заставацца вернымі сваёй высокай марцы, сучасным стандартам якасці.

З 89-ці чалавек, якія працуюць у арганізацыі, 24 маюць стаж работы 20 і больш гадоў, 17 – стаж у 25 і больш гадоў. Сярод старажылаў – вадзіцелі Алег Кухарчык і Васіль Бохан, дэфектаскапіст Сяргей Калоша, начальнік вытворча-тэхнічнага аддзела Сяргей Бабко, інжынер па выканальніцкай дакументацыі Алена Мураўская і іншыя. Працоўнае спаборніцтва наладжана паміж участкамі прарабаў Сяргея Кірыка, Аляксандра Пласкавіцкага, Васіля Верамейчыка, Дзмітрыя Кудрэвіча і Андрэя Скрындзеўскага, які, дарэчы, з’яўляецца сярод калегаў-прарабаў самым маладым, але паказвае дастойныя вынікі. Калектыў папаўняе моладзь, і ў першую чаргу сярод моладзі варта назваць інжынера-геадэзіста Таццяну Леўшыну і машыніста экскаватара Андрэя Гурына.

Сярод рабочых вылучаюцца машыніст аўтакрана Мікалай Дзяргай, машыніст кампрэсара Уладзімір Гімпель, машыністы экскаватара Віктар Кірык і Ігар Аноп, мантажнікі знешніх трубапровадаў – Віктар Зіневіч і Вячаслаў Бараноўскі, зваршчыкі Аляксей Курыла і Уладзімір Лукашоў і іншыя.

Як падкрэсліла старшы інспектар па кадрах, адказная за ідэалагічную работу Уладзіслава Ланкевіч, калектыў таварыства, нягледзячы на камандзіровачны характар работы, – стабільны,  цякучасць кадраў у ім фактычна адсутнічае. Арганізацыя бярэ на сябе выдаткі на гасцініцу, гарантуе работнікам поўны сацыяльны пакет.

Матэрыялы  старонкі падрыхтавала Таццяна ПЯТКЕВІЧ

Фота Васіля ЗЯНЬКО                



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *