Намеснік міністра адукацыі Рэспублікі Беларусь сустрэўся з педагагічным калектым Дзераўнянскай СШ

Адукацыя Важное

image_pdfimage_print

Як будзе выглядаць нацыянальны экзамен? Пра гэта і іншае, што з’явіцца ў рэспубліканскім інфармацыйна-адукацыйным асяроддзі ў найбліжэйшыя гады, расказаў намеснік міністра адукацыі Рэспублікі Беларусь Аляксандр Кадлубай падчас наведвання Стаўбцоўшчыны.

Пра гэта і іншае, што з’явіцца ў рэспубліканскім інфармацыйна-адукацыйным асяроддзі ў найбліжэйшыя гады, расказаў намеснік міністра адукацыі Рэспублікі Беларусь Аляксандр Кадлубай падчас наведвання Стаўбцоўшчыны.

На базе Дзераўнянскай СШ прайшла яго сустрэча з дырэктарамі школ раёна і педагагічным калектывам данай установы. Яны выкарысталі гэтую магчымасць, каб задаць пытанні, якія хвалююць установы агульнай сярэдняй адукацыі.

Пра бесперапыннае выхаванне насельніцтва

– Тэмы адукацыі, работы з моладдзю цяпер у трэндзе, – задаў тон Аляксандр Кадлубай, маючы на ўвазе грунтоўную размову на VI Усебеларускім народным сходзе і атрыманы пасыл на развіццё сістэмы адукацыі.

Напярэдадні форуму ад людзей паступіла шмат зваротаў, і яны тычыліся не адукацыі, а выхавання.

– У выхаваўчым напрамку шмат чаго зроблена. У нашых праграмах бесперапыннага выхавання дзяцей індыкатарамі з’яўляюцца не колькасныя паказчыкі, а далучанасць дзяцей да гэтых мерапрыемстваў, – адзначыў Аляксандр Кадлубай і расказаў, што на даны момант у рэспубліцы распрацоўваецца праграма бесперапыннага выхавання насельніцтва. Размова ідзе пра выбудоўванне базавых ідэалагічных каштоўнасцяў (напрыклад, пантэона герояў, гістарычных дзяржаўных сімвалаў), на якіх будзе весціся праца з моладдзю і з насельніцтвам у цэлым. Гэтая праграма пачне дзейнічаць ужо з 2022 года.

Сярод актуальных пытанняў – рэалізацыя дзяржаўнай праграмы «Адукацыя і маладзёжная палітыка» на 2021–2025 гады, і ў гэтым плане вектар скіраваны на супрацоўніцтва з БРСМ як з ключавой арганізацыяй, якая ўвасабляе маладзёжную палітыку. У рамках праграмы будуць аснашчаны кабінеты тэхнічнай і абслугоўваючай працы, набыты спортінвентар для школ.

Курс на вывучэнне хрысціянскай культуры

Выхаваўчая праграма ў школах будзе ўмацавана новым курсам па хрысціянскай культуры.

– Стаіць задача перапрацаваць ранейшы факультатыў «Асновы праваслаўнай культуры» і стварыць такі аб’ядноўваючы прадукт, які зацікавіць дзяцей. Неабходна падрыхтаваць метадычнае забеспячэнне новага курса і педагогаў для яго выкладання, – зазначыў Аляксандр Кадлубай.

Таксама намеснік міністра звярнуў увагу на больш шырокае выкарыстанне факультатыва «Асновы сямейнага жыцця». «Гонімся за адзнакамі, а забываем пра маральны стан дзіцяці. Ад гэтага залежыць будучае нашай краіны», – рэзюміраваў выступоўца.

Нацыянальны экзамен не заменіць ЦТ

Адно з новаўвядзенняў, якое абмяркоўваецца і да якога плануецца падысці ў 2023–2024 гадах, – нацыянальны экзамен.

– Ён будзе праходзіць у красавіку па рускай (беларускай) мове і матэматыцы ў спецыяльна адкрытых пунктах і ў форме, падобнай да ЦТ. На аснове атрыманых вынікаў адзінаццацікласнікам будуць выстаўлены адзнакі ў атэстат, – патлумачыў Аляксандр Кадлубай і ўдакладніў, што нацыянальны экзамен не будзе адмяняць цэнтралізаванага тэсціравання. У маі ў школе неабходна будзе здаваць экзамен па замежнай мове. Гісторыя Беларусі будзе здавацца ў 9 класе. Праўда, пасля ЦТ яшчэ плануецца адзін экзамен у ВНУ, прычым з абавязковай вуснай часткай, што дасць магчымасць для непасрэдных кантактаў з абітурыентам.

Гэтыя новаўвядзенні плануецца абмеркаваць на рэспубліканскім педсавеце з удзелам кіраўніка краіны ў жніўні 2021 года.

Акрамя нацыянальнага экзамена Міністэрствам адукацыі развіваецца адзіны інфармацыйна-адукацыйны рэсурс, які дае дадатковыя магчымасці для педагога і вучня. Намеснік міністра запэўніў, што да студзеня 2022 года на яго будзе загружана і беларускамоўная версія па ўсіх вучэбных прадметах.

Вядзецца работа па распрацоўцы вялікага праекта – рэспубліканскага інфармацыйна-адукацыйнага асяроддзя, які павінен пачаць работу да 2024 года.

Такім чынам, з дапамогай інфарматызацыі, паглыблення профільнай адукацыі ў 10–11 класах магчыма адказаць на асноўны запыт грамадства – падрыхтоўку вучня да паступлення без рэпетытара.

Аб заробках і не толькі

У размове не абышлі ўвагай тэму неўласцівых функцый, а таксама змен у заработнай плаце за класнае кіраўніцтва. «За неўласцівыя функцыі настаўнікі атрымліваюць надбаўкі», – выказаўся намеснік міністра. Адносна аплаты працы ён пракаменціраваў: «Педагогі вялікіх грошай ніколі не атрымлівалі. Правільней было б гаварыць аб аплаце ў залежнасці ад нагрузкі. Балюча тое, што сельскія школы «губляюць» вучняў, асабліва калі шматдзетным сем’ям дазволілі паляпшаць свае жыллёвыя ўмовы ў горадзе».

На пытанне аб адмене летась працоўнай практыкі школьнікаў намеснік міністра адказаў, што практыка будзе адноўлена,  таксама з мэтай бяспекі дзяцей лепш за ўсё прывучаць іх да працы, выкарыстоўваючы магчымасці школы.

Аднаўленне ўступных экзаменаў у пятыя гімназічныя класы не плануецца. «Увядзенне такіх экзаменаў – гэта няроўныя ўмовы адукацыі», – патлумачыў намеснік міністра.

На пытанне, ці плануецца распрацоўка вучэбных праграм для фарміравання ў вучняў навыкаў 3D-мадэлявання і праграмавання, намеснік міністра адказаў: «Плануецца, прычым не толькі ў форме факультатываў». З 2021 года 3D-прынтары паступяць ва ўсе школы рэспублікі. У шосты школьны дзень будуць уведзены факультатыўныя заняткі і ў 5–8 класах.

Былі зададзены пытанні аб магчымых прэферэнцыях для тых, хто паступае ў педагагічныя і аграрныя ВНУ. Узнята пытанне аб цяперашнім статусе школьнага бібліятэкара, які аднесены да абслуговага персаналу, хоць, як і раней, прымае непасрэдны ўдзел у вучэбна-выхаваўчым працэсе.

Начальнік упраўлення па адукацыі, спорце і турызме райвыканкама Людміла Стонька падзякавала аўдыторыі за канструктыўны дыялог, а Міністэрству адукацыі – за падтрымку ў адкрыцці ў СШ № 2 г. Стоўбцы STEM-класа.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ

Фота Ксеніі РУБІН



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *