Урач-інфекцыяніст Юлія Юруткіна: «Лечым інфекцыі, вакцынуем супраць кавіду»

Главное Медыцына

image_pdfimage_print

На Стаўбцоўшчыне працягваецца вакцынацыя супраць COVID-19. У паліклініцы ўрачінфекцыяніст Юлія Юруткіна ажыццяўляе агляд пацыентаў перад тым, як зрабіць прышчэпку.

Юлія Сяргееўна і сама ў ліку з першых у раёне прышчапілася, адназначна супрацьпаставіўшы імунізацыю каварнаму кавіду.

Цікавімся ў маладога спецыяліста, як асабіста для яе ўсё прайшло.

– На другім этапе, пасля ўвядзення ІІ кампанента, узнікла пабочная рэакцыя (крыху паднялася тэмпература), а так усё цудоўна, – сцвярджае Юлія Юруткіна.

– Без пачуцця абароненасці ў вашай спецыяльнасці складана працаваць?

– Так. З кавідам я сустрэлася ў інфекцыйнай бальніцы горада Мінска, дзе якраз праходзіла інтэрнатуру. Не захварэла, бо ўсе работнікі былі добра абаронены. Касцюмы, рэспіратары… Цяпер ёсць вакцына. Трэба гэтым карыстацца.

– Увайшлі ўжо ў рабочы рытм?

– Даволі хутка прывыкла да калектыву. У стаўбцоўскую бальніцу прыехала па размеркаванні ў жніўні 2020 года. На даны момант вяду прыём пацыентаў з павышанай тэмпературай, якія звяртаюцца з рознымі неспецыфічнымі інфекцыйнымі захворваннямі.

– Існуе думка, што з-за кавіду людзі забыліся пра ўсе існуючыя балячкі, якія турбавалі іх раней.

– Пацыентаў сапраўды стала менш. Многія адцягваюць паход да ўрача, таму што баяцца заразіцца кавідам.

– А жадаючых вакцынавацца шмат?

– Штодзень вакцынуюцца 10–20 чалавек. Сярод іх і тыя, у каго гэта ўжо другі этап (ён пачынаецца на 21-ы дзень). Мы тлумачым пацыентам, як паводзіць сябе пасля прышчэпкі. Кажам, што нельга мачыць гэтае месца, фізічна нагружаць арганізм і г. д. На працягу шасці дзён пасля прышчэпкі ажыццяўляем назіранне за пацыентамі па тэлефоне.

– Часта ўзнікаюць у вашай практыцы складаныя ці незразумелыя сітуацыі?

– Такія сітуацыі бываюць, таму імкнуся пастаянна павышаць сваю кваліфікацыю. Пры неабходнасці звяртаюся да Вольгі Віктараўны Ярмоленка – загадчыцы інфекцыйнага аддзялення, вопытнага спецыяліста. І іншыя калегі заўсёды гатовы падказаць, падтрымаць.

– Што самае цяжкае ў рабоце з пацыентамі?

– Растлумачыць ім, каб яны не «назначалі» самі сабе антыбіётыкі. Гэтыя прэпараты часцей за ўсё непатрэбныя. Назначаем пацыенту розныя аналізы і, у залежнасці ад стану, падбіраем індывідуальны курс лячэння.

– Як вам у Стоўбцах? Падабаецца?

– Мне падабаецца. Рабочае месца абсталявана камп’ютарам. Ёсць усе неабходныя ўмовы для работы, у тым ліку сродкі аховы. У Стоўбцаў зручныя транспартныя стасункі з Мінскам. Там жывуць мае бацькі, і я пасля работы езджу дамоў на маршрутцы.

Хачу атрымаць больш практычнага досведу, таму дадаткова бяру дзяжурствы, вяду прыём пацыентаў з павышанай тэмпературай. Відавочна, што цяпер усе засяродзіліся на адным кавідзе, а ёсць дастаткова іншых інфекцый, сезонных вірусаў, якія выклікаюць пад’ём захваральнасці.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ, фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *