Наша здароўе

Медыцына Нумары

МАЛАДЫЯ СПЕЦЫЯЛІСТЫ: БЫЦЬ УРАЧОМ – АДКАЗНА

Сярод маладых спецыялістаў, якія прыбылі ў цэнтральную раённую бальніцу, – і Марына Жыбуль. Выпускніца СШ № 3 г. Стоўбцы, сем гадоў назад яна паспяхова здала экзамены ў Мінскі дзяржаўны медыцынскі інстытут і закончыла яго з высокім рэйтынгам паспяховасці ў вучобе. На працягу вучобы Марына Жыбуль паспявала не толькі добра вучыцца, але і працаваць у розных мінскіх клініках, набываючы вопыт і правяраючы сябе, наколькі гатова яна быць медыцынскім работнікам. Быць урачом – асаблівы дар. Марына Жыбуль адчувае, што яна гатова на самаахвярнасць, на нялёгкія ўрачэбныя будні з вялікім напружаннем душэўных і фізічных сіл. І цяпер яна робіць першыя самастойныя крокі ў сваю прафесію, з удзячнасцю скарыстоўваючы вопыт і падтрымку старэйшых калег і не губляе часу «рабіць» з сябе добрага доктара.

Фота Васіля ЗЯНЬКО

 

МЕРАПРЫЕМСТВЫ: НАЙВЯЛІКШАЯ КАШТОЎНАСЦЬ

«Мы –  за здаровы лад жыцця»! Пад такім дэвізам у аздараўленчым дзіцячым лагеры імя Я. М. Чайкі ладзілася мерапрыемства са старшакласнікамі. На ім абмяркоўвалі непапраўную шкоду, якую  наносяць падлеткі свайму здароўю, ужываючы алкаголь і «пасябраваўшы» з цыгарэтай.

–  Пытанне гэтае сёння  вельмі актуальнае, – падкрэсліў спецыяліст  аддзялення сацыяльнай адаптацыі і рэабілітацыі  тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Сяргей Есіс. – Таму вельмі важна выхаваць у падлеткаў разуменне таго, што здароўе – гэта  найвялікшая каштоўнасць, падараваная чалавеку прыродай. Мы вырашылі развіць гэтую тэму менавіта падчас летніх канікулаў, калі ў юнакоў і дзяўчат было  многа вольнага часу, і некаторыя з іх, самі таго не ўсведамляючы, выкарыстоўвалі яго ва ўрон свайму здароўю. 

Сустрэча праходзіла ў выглядзе гульні з элементамі трэнінгу. Атрады падзяліліся на дзве каманды і адказвалі на праблемныя, часам нечаканыя пытанні. Трэба было даказаць, што ўжываць алкаголь небяспечна для здароўя. Рабяты з заданнем справіліся, яны адзначылі ўсе мінусы гэтай шкоднай звычкі.

Мерапрыемства насіла як інфармацыйны, так і творчы характар. Валанцёр Андрэй Буката не толькі расказаў  аб шкодзе алкаголю і нікаціну, а і адначасова зацікавіў, непрыкметна ўцягнуўшы ў абмеркаванне  праблемы. Ён прапанаваў малюнкі «з сакрэтам» на тэму алкагольнай залежнасці.  Кожны з рабят асэнсаваў малюнкі правільна.

Па завяршэнні сустрэчы ўсе яе ўдзельнікі ўзяліся за рукі і стварылі круг яднання – сімвал таго, што разам можна пераадолець усе перашкоды. Рабяты падарылі адзін аднаму ўсмешкі і сказалі: «Мы – за здаровы лад жыцця!». Вельмі хочацца спадзявацца, што гэты дэвіз рабяты пранясуць праз усё сваё жыццё.

Самыя актыўныя удзельнікі сустрэчы атрымалі сувеніры, прадастаўленыя царквой Адраджэння. Усім рабятам былі ўручаны тэматычныя буклеты, распрацаваныя аддзяленнем сацыяльнай адаптацыі і рэабілітацыі ТЦСАН.

Такая ж сустрэча адбылася і са старшакласнікамі дзіцячага аздараўленчага лагера «Нёман».

Пр

 

БУДНІ АДДЗЯЛЕННЯ: СТАМАТАЛОГІЯ – З НОВЫМІ ПАСЛУГАМІ

Пасля таго, як стаматалагічнае аддзяленне пераехала ў прасторнае памяшканне цэнтральнай раённай бальніцы, з’явіліся плошчы для рэалізацыі многіх праектаў, звязаных з развіццём сучасных паслуг.

Як расказвае загадчык стаматалагічнай паліклінікі Эдвард Станкевіч, з верасня плануецца пачаць аказваць паслугі па дэнтальнай імплантацыі. Каб укараніць такі метад, цэлы год ішла падрыхтоўка. Найперш, урачы праходзілі спецыялізацыю. Для работы ў гэтым накірунку падрыхтаваны хірург Таццяна Грыцкевіч і урач-артапед Эдвард Станкевіч. Набыта неабходнае медыцынскае абсталяванне за кошт уласных сродкаў, выручаных ад аказання платных паслуг. Дэнтальная імплантацыя прадугледжвае пратэзаванне металакерамікай. Стаўбцоўская паліклініка ў ліку першых у вобласці асвоіла гэты сучасны метад пратэзавання – такія паслугі ў Мінскай вобласці цяпер аказваюцца ў абласной паліклініцы, Маладзечне, Дзяржынску і Салігорску.

Сярод новаўвядзенняў у стаматалагічнай паліклініцы адзначаюць аказанне паслуг абязбольвання аднаразовым карпульным шпрыцам. Ён аблягчае ін’екцыю, якая праводзіцца абязбольваючым прэпаратам высокай якасці. Гэтая паслуга платная, аднак яна скарыстоўваецца пацыентамі. У месяц больш за 100 чалавек выбіраюць такі метад абязвольвання пры лячэнні і выдаленні зубоў.

Стаматалагічная паліклініка набыла ўльтрастаматалагічную ўстаноўку для зняцця зубных адкладанняў ультрагукам.

Па-ранейшаму стаўбцоўскае стаматалагічнае аддзяленне з’яўляецца лідарам у Мінскай вобласці па аб’ёме аказання стаматалагічных паслуг у сельскай мясцовасці. У нашым раёне працуюць 12 сельскіх стаматалагічных кабінетаў. Апошнім часам з-за   таго, што маладыя ўрачы выйшлі замуж і пераехалі на іншае месца жыхарства, узніклі кадравыя праблемы. Таму часова ў Новую Вёску, Коласава, Цеснавую вахтавым метадам будуць выязджаць стаматолагі са Стоўбцаў і Дзераўной.

Прыемная акалічнасць, што паліклініка ў райцэнтры забяспечана кадрамі. Няма толькі ўрача-артадонта. У Стоўбцах працуюць шэсць тэрапеўтаў на бясплатным прыёме і чатыры – у платных стаматалагічных кабінетах, два хірургі, тры ўрачы-артапеды. У гэтым годзе прыняты на працу два маладыя спецыялісты – тэрапеўты Дзмітрый і Наталля Панамаровы. Маладая сям’я пасялілася ў інтэрнаце філіяла ААТ «Кіруючая кампанія холдынгу «Мінскі маторны завод» у г. Стоўбцы.

Пераезд у новае памяшканне з лепшымі ўмовамі працы медперсаналу і прыёму пацыентаў дазволіў павялічыць час работы паліклінікі – яна працуе ў дзве змены з 8 да 20 гадзін.  Арганізавана кругласутачнае дзяжурства ўрачоў-стаматолагаў. У прыёмным пакоі абсталяваны стаматалагічны кабінет, дзе могуць аказаць медыцынскую дапамогу кругласутачна. У хірургічным аддзяленні бальніцы ёсць стаматалагічныя ложкі, дзе па патрэбе пацыенты праходзяць стацыянарнае лячэнне. 

Кіраўніцтва і калектыў медыкаў стаматалагічнага аддзялення не спыняюцца на дасягнутым, імкнуцца развіваць паслугі ў духу сучасных патрабаванняў, каб даць магчымасць  жыхарам раёна  атрымаць медыцынскае абслугоўванне не ў сталіцы, а на месцы, што сэканоміць і час, і фінансавыя сродкі на праезд.

Лана СВЯТЛІЦКАЯ

 

СЛОВА СПЕЦЫЯЛІСТА: БЕРАЖЫЦЕ СЭРЦА ЗМОЛАДУ

Маладосць і здаровае сэрца, маладосць і хворае сэрца… Першае словазлучэнне гучыць натуральна, другое асацыіруецца з прыроджаным дэфектам. Аднак на самой справе нярэдка бывае, што малады чалавек растрачвае сваё здароўе, і  выяўляецца, што ў яго – захворванне сэрца.

Трэба сказаць, што ў цяперашняга пакалення маладых рана ўзнікае атэрасклероз каранарных артэрый, што з’яўляецца анатамічнай асновай ішэмічнай хваробы сэрца і адной з яе цяжкіх формаў – інфаркту міякарда. Статыстыка сцвярджае, што прыблізна кожны дзясяты хворы на інфаркт міякарда – маладзей за 40-44 гады.

Асаблівасць інфаркту міякарда ў маладых – раптоўнасць хваробы, адсутнасць прадвеснікаў, болевых адчуванняў у вобласці сэрца. Малады чалавек, нядрэнна  сябе адчуваючы, і не падазрае, што сасуды сэрца пашкоджаны атэрасклерозам, таму дапускае эмацыянальную і фізічную перагрузку.

Можна сказаць, што прычына нумар адзін каранарнага атэрасклерозу і інфаркту міякарда ў маладых – курэнне. Для цыгарэт выкарыстоўваецца тытунь, ачышчаны ад прымесяў, які ўтрымлівае больш нікаціну. Працяглае курэнне выклікае не толькі звужэнне каранарных сасудаў, але і павышэнне згусання крыві. Нікацін садзейнічае ўзмоцненаму выдзяленню ў кроў адрэналіну і норадрэналіну, якія спадарожнічаюць эмацыянальным стрэсам, фізічным перагрузкам. Узмацняецца работа сэрца, яму больш патрэбна кіслароду, а прыток яго абмежаваны.

Ранняе развіццё каранарнага атэрасклерозу ў курыльшчыкаў мае сваю персанальную, вельмі трапную назву – грудная жаба курыльшчыкаў.

Шырока вядома, што высокакаларыйная, насычаная тлустымі кіслотамі ежа садзейнічае інфільтрацыі (прапітванню) сценкі сасудаў тлушчамі, і, як вынік, развіваецца атэрасклероз. Па даных спецыялістаў, да 20 працэнтаў дзяцей пакутуюць ад атлусцення. І ў большасці выпадкаў вінаваты ў гэтым бацькі. Вельмі жывучае няправільнае ўяўленне аб тым, што паўната – прымета здароўя.

Прыкладна трэцяя частка маладых людзей, з кім здарыўся інфаркт міякарда, злоўжывалі алкаголем. Як паказвае клінічная практыка, у залежных ад алкаголю каранарныя сасуды пашкоджаны найбольш моцна, а інфаркты вызначаюцца глыбінёю і абшырнасцю.

Сярод фактараў рызыкі развіцця сардэчна-сасудзістых захворванняў з асаблівай сілай заяўляюць аб сабе нервова-псіхічныя перагрузкі. Тыя, хто жыве ў пастаянным напружанні, скардзяцца на непрыемныя адчуванні ў вобласці сэрца, пакутуюць ад галаўных боляў, бяссонніцы. Многія да доктара не звяртаюцца, у ход ідуць «выпрабаваныя» сродкі – алкаголь, болесуцішальныя прэпараты.

Вынікі маларухомага ладу жыцця таксама цяжкія. Перш за ўсё гіпадынамія прыводзіць да атлусцення, паскараюцца атэрасклератычныя працэсы ў арганізме.

Маладым здаровым людзям даступныя практычна любыя віды спорту і фізічнай культуры. Асабліва карысныя плаванне, лыжы, веласіпед, тэніс. Добрую разрадку пасля цяжкага працоўнага дня дае праца на прысядзібным участку, карысныя паездкі за горад у выхадныя дні. Увесь арсенал агульнадаступных сродкаў умацавання здароўя у поўнай меры павінен быць выкарыстаны для прафілактыкі захворванняў.

Ірына ЛУЦІК, кардыёлаг цэнтральнай раённай бальніцы



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *