Жыллё, дарогі, водазабеспячэнне… Што хвалюе жыхароў Стаўбцоўшчыны

Афіцыйна Главное

image_pdfimage_print

Выязны прыём

Старшыня раённага выканаўчага камітэта Дзяніс Колясень правёў выязны прыём грамадзян у Шашкоўскім сельвыканкаме.

Жыхары Шашкоўскага сельсавета ўзнімалі шмат пытанняў: добраўпарадкавання дарог, водазабеспячэння, аказання медпаслуг, устанаўлення электракатлоў і інш.

– Усе рашэнні трэба прымаць у адпаведнасці з заканадаўствам, нават калі гэта камусьці не падабаецца. Тады мы адыдзем ад шматлікіх праблем. Задача выканаўчай улады – знайсці рашэнне, якое задаволіць кожнага. Усе павінны выконваць сваю работу сумленна, – адзначыў Дзяніс Сяргеевіч падчас прыёму грамадзян і работы на прамой лініі.

Алена Анісковіч, Яўгенія Кутас, Іосіф Акалот і іншыя жыхары аг. Шашкі прыйшлі на прыём да старшыні райвыканкама, можна сказаць, калектыўна.

Іосіф Акалот падняў пытанне водазабеспячэння ў аг. Шашкі. Ён расказаў, што вада ў іх аграгарадку цячэ ржавая. Для таго каб прыгатаваць ежу, шашкоўцы ездзяць па ваду аж у мясцовую крынічку. «Хто займаецца рамонтам водаправодаў? Ці будзе будавацца ў Шашках станцыя абезжалезвання?» – вось тыя пытанні, якія хвалююць аднавяскоўцаў Іосіфа Акалота.

– Станцыя абезжалезвання ў аг. Шашкі ў 2021 годзе абавязкова будзе пабудавана, – запэўніў Дзяніс Сяргеевіч. – З яе ўзвядзеннем, безумоўна, палепшыцца і якасць вады. Такія станцыі ўжо ўведзены ў Рубяжэвічах, Вішняўцы. Сітуацыя змянілася ў станоўчы бок.

Намеснік старшыні райвыканкама Аляксандр Цывака даў тлумачэнні па пытанні, да каго можна звяртацца, калі ўзніклі праблемы з водаправодам.

Алену Анісковіч хвалявала тэма медыцынскага абслугоўвання ў аг. Шашкі.

Галоўны ўрач ЦРБ Святлана Глебка падрабязна адказала на ўсе пытанні, паднятыя падчас прыёму грамадзян: аб рабоце мясцовага ФАПа, укамплектаванасці ўрачамі, правядзенні ЛОР-працэдур і г. д. Святлана Здзіславаўна расказала таксама аб рабоце ЦРБ і перспектывах яе развіцця.

Анатоль Пазняк падняў пытанне добраўпарадкавання вуліцы Новай, а Яўгенія Кутас прасіла паспрыяць у пракладцы пешаходнай дарожкі ад вул. Цэнтральнай да могілак, у добраўпарадкаванні дарог у в. Дудкі.

Дзяніс Сяргеевіч сказаў, што ён мясцовы і добра ведае ўсе праблемы з добраўпарадкаваннем дарог. У бягучым годзе ў ААТ «Шашкі» пройдзе свята «Дажынкі», таму шмат будзе зроблена па навядзенні парадку, у тым ліку і па добраўпарадкаванні дарог (падсыпка, грэйдзіраванне і г. д.).

Мікалай Варэнік падняў актуальнае пытанне, напэўна, не толькі для мясцовага насельніцтва, але, апошнім часам, і для многіх рэгіёнаў Беларусі. Ён расказаў, што ў іх вёсцы, у Старыне, вада пачала зніжацца ў рэчцы Сула і знікаць з калодзежаў. Калі раней вада ў студні стаяла на шэсць-восем кругоў, то сёлета – на два кругі, рака Сула нават не выйшла з берагоў. Аб чым гэта гаворыць? Пытанне патрабуе вывучэння. А можа, прычына ў тым, што дамба на Суле пашкоджана?

Ядвіга Шумчык прыехала на прыём да старшыні райвыканкама з вёскі Дружная. Жанчыну хвалюе пытанне падключэння электраацяплення.

Прамая лінія

Падчас прамой тэлефоннай лініі па дапамогу, параду ці тлумачэнні да старшыні райвыканкама Дзяніса Колясеня звярнулася 11 чалавек.

Адразу два тэлефанаванні паступілі з вёскі Варнавугал. В. Фенька і А. Новік расказалі, што праз вёску ездзіць сельскагаспадарчая тэхніка, дарога разбіта, паслязімовая гразь ляціць нават на платы, а ў калонцы няма вады.

З. Пятровіч з вёскі Баханы, С. Кіявіцкі з вёскі Новы Свержань, вул. Маладзёжная, таксама паднялі пытанне добраўпарадкавання дарог.

А жыхары вуліцы Першамайскай г. Стоўбцы расказалі аб безгаспадарчасці супрацоўнікаў АКСа: мінулагодні пясок ляжыць па цяперашні час, не прыведзена ў парадак вуліца (яма не засыпана пасля рамонту дарогі).

На прамую лінію ізноў тэлефанавалі з вёскі Дружная (С. Босая) па пытанні падключэння электраацяплення.

Да Дзяніса Сяргеевіча паступалі пытанні-кансультацыі: як атрымаць сямейны капітал, ці можна атрымаць жыллё, калі ў сям’і выхоўваюць дзіця-інваліда і інш.

Н. Гурыновіч з аг. Вішнявец, вул. Стадыённая, д. 5, гаварыла аб тым, што якасць пітной вады пагоршылася, і прасіла разабрацца ў данай сітуацыі.

Паступіла некалькі тэлефанаванняў, якія насілі прыватны характар.

Большасць пытанняў вырашаліся аператыўна на месцы пры дапамозе прадстаўнікоў кампетэнтных службаў і іх спецыялістаў. Некаторыя праблемы патрабуюць больш дэталёвага вывучэння. Кожны заяўнік можа быць упэўнены, што яго пытанне знаходзіцца на кантролі. Пісьмовы адказ атрымаюць усе, хто звярнуўся на прамую лінію і прыём грамадзян.

Нэлі АСТРЭЙКА

Фота Наталлі КЛЫГАЧ



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *