Бяспека дзяцей

Нумары РАНС інфармуе

АКЦЫЯ: ЭСТАФЕТА Ў  ВУЧЭБНЫ ГОД

Упершыню 1-га верасня, у Дзень ведаў, на гарадскім стадыёне «Юнацтва» прайшоў і Дзень бяспекі, арганізаваны па ініцыятыве выратавальнікаў раёна.

Праграма прафілактычнай акцыі Міністэрства па надзвычайных сітуацыях «У цэнтры ўвагі – дзеці!», што праходзіць і ў нас на Стаўбцоўшчыне, багата на цікавыя мерапрыемствы, сустрэчы і акцыі. Дзень бяспекі 1-га верасня – напэўна, адна з адметнасцяў гэтай разнапланавай праграмы.

Акурат пасля ўрачыстай лінейкі і першых урокаў у школьным класе рабят разам з іх бацькамі паклікаў гарадскі стадыён. Па традыцыі, выратавальнікі зладзілі тут выстаўку пажарнай аварыйна-выратавальнай тэхнікі, ад якой цікаўныя школьнікі ды дашкаляты проста не адыходзілі. У адрозненне ад свята, якое РАНС звычайна арганізоўвае перад пачаткам летніх канікулаў, гэтае, першавераснёўскае, было аздоблена стартамі спартландыі.

Старты выдаліся не проста вясёлымі, з адпаведным музычным суправаджэннем, а з паслядоўным тэматычна-гумарыстычным зместам.

На старт выбеглі ў алфавітным парадку члены дзвюх камандаў – «Максімум» (школа № 3 горада Стоўбцы) і «Чэмпіён» (Старасвержанская школа).  Абедзве, мяркуючы па абраных назвах,  – не пазбаўлены пачуцця самадастатковасці і гатоўнасці змагацца за права называцца мацнейшай. Здаровы імпэт «максімалістаў» і «чэмпіёнаў» падтрымаў начальнік раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Валерый Ілюшын, а таксама судзейская калегія, у складзе якой, акрамя прадстаўнікоў РАНС, быў і суддзя міжнароднай катэгорыі, дырэктар дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы Сяргей Жук.            

Юныя выратавальнікі-пажарныя праходзілі асноўныя этапы эстафеты: «Экіпіроўка выратавальніка» (конкурс для капітанаў), «Ваджэнне пажарнага аўтамабіля», «Адключэнне электрычнасці», «Тушэнне пажару», «Аказанне дапамогі пацярпеламу», «Уключэнне электрычнасці» і інш. Калі экіпіраванне капітана каманды адбывалася з дапамогай іншых членаў каманды і з прымяненнем сапраўднай «баёўкі», шлема і т. п. (што за чым і як апранаць было паказана на жывым «манекене» работнікам раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях), то ўсе астатнія этапы эстафеты праходзілі, натуральна, з «прыстасаванымі»  або зымітаванымі сродкамі. Падобнае пераўвасабленне хоць і несла ў сабе элемент гульні, аднак патрабавала ад удзельнікаў палёту выдумкі і дакладнасці рухаў, умення быць «локцем» і «плячом» для іншага члена каманды ў так званай экстрэмальнай сітуацыі. 

Надвор’е 1-га верасня зрэдзьчас хмурылася, нагадвала нам пра восень, але ўсмешкі балельшчыкаў былі адкрытымі, а воплескі – дружнымі, такімі, што, здавалася, з дзіцячых далонек рассыпаюцца навокал нябачныя іскры. Яны разам – моцны зарад, ды зарад, не хвалюйцеся, цалкам бяспечны і – як і было задумана арганізатарамі – надзвычай неабходны і важны для падтрымання ўжо ў дзіцячай свядомасці правілаў бяспечнай жыццядзейнасці. Напрыканцы ўдзельнікам камандаў прапанавалі падзяліцца, што спадабалася, што асабліва закранула. Яны адказалі: «запальванне» святла ў выглядзе рознакаляровых паветраных шарыкаў, якое адбылося пасля «тушэння» пажару. Трэба думаць, што гэта не проста  ўражанне, што гэта сімвалічны лад думак, уласцівы юным выратавальнікам-пажарным.

Невыпадкова, што ў дзень 1-га верасня перамаглі самае вернае пачуццё  – дружба і самы надзейны спадарожнік і сябар – пазітыўны настрой. Пад адабрэнне балельшчыкаў кіраўніцтва раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях узнагародзіла памятнымі дыпломамі і салодкімі падарункамі абедзве каманды. Таксама была адзначана і дырэкцыя школы № 2 горада Стоўбцы,  якая цесна супрацоўнічае з выратавальнікамі раёна і сваім эстэтычным патэнцыялам, актыўнасцю надае кожнай  праведзенай акцыі бяспекі непаўторны святочны каларыт.

На стадыёне пасля выступлення дзяцей сваё прафесійнае майстэрства прадэманстравалі самі выратавальнікі. З дапамогай сучасных тэхнікі і сродкаў яны ўтаймоўвалі водна-агнявую стыхію, за чым пільна сачылі сотні дзіцячых вачэй. Пасля для рабят запрацаваў «атракцыён» – усіх жадаючых выратавальнікі паднімалі на аўтапад’ёмніку.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ

 

ПАДАРУНАК: «АЗБУКА» ДЛЯ ПЕРШАКЛАСНІКАЎ

У дзень 1-га верасня ў школьных лінейках прымалі ўдзел і выратавальнікі раёна. Закранаючы актуальную тэму пажарнай бяспекі падчас знаходжання дома, на прыродзе, яны з задавальненнем згадвалі і пра напрацоўкі, заслугі сваіх юных памочнікаў у летні перыяд, уручалі падарункі. Так, вучні школы № 2 горада Стоўбцы паспяхова выступілі ў складзе каманды раёна пад кіраўніцтвам Дзмітрыя Ярашэвіча на абласным злёце юных выратавальнікаў-пажарных. Па выніках абследаванняў адной з лепшых сельскіх школ на Стаўбцоўшчыне прызнана Заямнаўская школа, у сувязі з чым яе першакласнікам акурат на лінейцы былі ўручаны падарункі ад Мінскага абласнога ўпраўлення Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь. Гэта кнігі па бяспецы, тэматычныя расфарбоўкі, якія дапамогуць дзецям хутчэй асвоіць «азбуку» бяспекі і, у будучым, папоўніць рады юных выратавальнікаў-пажарных. Такія ж падарункі, як адзначылі ў раённым аддзеле па надзвычайных сітуацыях, будуць уручаны і першакласнікам самай вялікай школы горада – нумар тры.

 

«ДЗІЦЯЧЫ СВЕТ» З ВЫРАТАВАЛЬНІКАМІ

20 жніўня стартаваў першы этап рэспубліканскай акцыі «У цэнтры ўвагі – дзеці!». У нашым раёне ён праходзіў сярод наведвальнікаў магазіна «Дзіцячы свет» і гандлёвага цэнтра «Арманда» –  менавіта тут у пярэдадзень новага навучальнага года часцей за ўсё можна было сустрэць школьнікаў і іх бацькоў і, зразумела, – работнікаў раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях сумесна з актывістамі клуба юных выратавальнікаў-пажарных.   

Акрамя новых наведвальнікаў, у названых гандлёвых кропках з’явіліся і новыя паступленні. Так, у аддзеле адзення – рэчы з «гардэроба» пажарнага, у кніжным – часопіс «Юный спасатель», брашура «Што рабіць у надзвычайнай сітуацыі». Ля самага любімага дзецьмі аддзела – аддзела цацак –  з’явіўся «Куток бяспекі». Выратавальнікі і актывісты клуба юных выратавальнікаў-пажарных уручалі бацькам лістоўкі і яшчэ раз нагадвалі аб тым, чаму дзяцей нельга пакідаць адных ні на мінуту і варта пастаянна паўтараць ім правілы пажарнай бяспекі.

У ходзе правядзення акцыі ўдалося пагутарыць і з самімі дзецьмі. Парадавала, што яны ведаюць, што з запалкамі гульня дрэнная, што нумар тэлефона пажарнай службы – 101 і, калі ўзнікла неабходнасць набраць гэты нумар, трэба называць свае адрас і прозвішча. У якасці памятных падарункаў дзеці атрымалі ад арганізатараў акцыі паветраныя шарыкі з  нумарамі тэлефонаў службы выратавання, а таксама маляўнічыя лістоўкі-памяткі з асноўнымі правіламі бяспечных паводзін.

Карысная інфармацыя, добры настрой і ўдзячнасць бацькоў – усё гэта дзеля бяспекі дзяцей.

Вольга САЛЕЙ,інспектар раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях    

 

ДЗЕЦІ-ПАСАЖЫРЫ: ВЫБІРАЙЦЕ АЎТАКРЭСЛА

Чаму неабходна ва ўласным аўто прышпільваць дзяцей-пасажыраў, а малалетніх перавозіць у  дзіцячым аўтакрэсле?

Гэта тлумачыцца ў першую чаргу характарам траўмаў, якія атрымліваюць падчас дарожна-транспартнага здарэння дзеці. Перавозіць іх на руках у матулі, бабулі на заднім сядзенні або ўвогуле без удзелу дарослых – вельмі  небяспечна. Як спецыяліст магу сказаць, што ў момант сутыкнення маса пасажыра вагою  75 кг на хуткасці 70 км/гадз. павялічваецца да чатырох тон. Акрамя таго, што дзіця пры гэтым стукаецца аб спінку пярэдняга сядзення, на яго ззаду навальваецца вялікая маса цела дарослага. У момант аварыі машына рэзка спыняецца, а пасажыр па інерцыі працягвае рух. Такім чынам, дзіця, якое знаходзіцца на руках, не выратуе  ўласная маці або яно, падкінутае нібыта мячык, вылятае ў лабавое шкло, разбівае яго і выпадае на дарогу (пры аварыі вага цела малыша на хуткасці 50 км/гадз. павялічваецца ў 30 разоў і дасягае 400-500 кг). Нават калі яго маці – спартсменка з развітымі мышцамі, яна нічога не зможа зрабіць у гэтую хвіліну, каб абараніць сваё дзіця. Як правіла, дзіця атрымлівае не адну, а некалькі  сумесных  траўмаў:  галавы, страўніка, грудзей, унутраных органаў, пераломы. Галава ў дзяцей – самая неабароненая, а любая чэрапна-мазгавая траўма для іх вельмі сур’ёзная. Праявіцца яна можа не адразу, а пазней – павышанай актыўнасцю, неадэкватнымі паводзінамі і т. п. 

Калі ж дзіця едзе ў аўтакрэсле і правільна прышпілена, то непрыемнасцяў можна пазбегнуць. Дарослыя павінны ўлічваць і тое, што шмат аўтатраўмаў атрымліваюць непрышпіленыя дзеці і пры дробных аварыях, якія адбываюцца недалёка ад дома, на невялікай хуткасці. Для дзіцячага арганізма дастаткова нават рэзкага тармажэння.

Падлічана, што аўтакрэсла ў пяць разоў зніжае рызыку атрымання траўмы пры дарожна-транспартным здарэнні. Можна прывесці  прыклады, калі дзеці ў аўтакрэслах застаюцца ўвогуле цэлымі і непашкоджанымі.

У мінулым годзе ў Мінскай воблаці з удзелам дзяцей адбылося 42 дарожна-транспартныя здарэнні, у якіх двое дзяцей загінулі і 47 – атрымалі раненні. Не адзінкавыя выпадкі, калі ў адным ДТЗ атрымліваюць цялесныя пашкоджанні адразу два-тры дзіцяці. Пры гэтым, сярод пацярпелых дзяцей расце колькасць тых, хто не выбягаў на дарогу, не пераходзіў праезджую частку ў забароненым месцы, не выязджаў на трасу на веласіпедзе.  Яны проста ехалі ў машыне, а побач з імі былі дарослыя… За першае паўгодзе 2014 года ў 19-ці ДТЗ з удзелам дзяцей-пасажыраў адно дзіця загінула і 25 – траўміраваны. Ніводзін з гэтых пацярпелых не быў прышпілены рамянём бяспекі, не знаходзіўся ў спецыяльным дзіцячым аўтакрэсле.

Не выключэнне і будучыя мамы, якія, як ніхто іншы, павінны берагчы сябе і будучае патомства. Брашуры, памяткі і відэакурсы па спавіванні, кармленні, купанні і доглядзе  малыша цяпер утрымліваюць і інфармацыю аб наступствах у выпадку бяспечнасці бацькоў пры перавозцы дзяцей у аўтамабілі. Напрыклад, у Мінскім абласным радзільным доме  дэманструюць для парадзіх і наведвальнікаў відэаролікі аб карысці аўтакрэслаў. На сайце УУС Мінаблвыканкама кожны жадаючы можа ўбачыць кадры цяжкіх наступстваў аварый, даследчыцкія краш-тэсты і даведацца, як можна пазбегнуць бяды.

Мікалай БЕЛАВУСАЎ, начальнік Стаўбцоўскага міжраённага аддзела Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз Рэспублікі Беларусь



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *