Стараста – першы памочнік мясцовай улады

Важное Год малой родины

image_pdfimage_print

Падведзены вынікі агляду-конкурсу сярод органаў мясцовага грамадскага самакіравання. Як вядома, правадніком паміж уладай і насельніцтвам з’яўляецца стараста населенага пункта. На званне лепшага прэтэндавалі 138 старастаў раёна. Па выніках 2020 года выбраны трое: Мікалай Курыла (Ячнае, Заямнаўскі сельсавет) – першае месца, Віктар Маліноўскі (Зарэчча, Рубяжэвіцкі сельсавет) – другое месца, Галіна Дземідовіч (Наваколасава, Наваколасаўскі сельсавет) – трэцяе месца. Ад раённага Савета дэпутатаў ім уручылі дыпломы і грашовыя прэміі.

Мікалай Курыла: «Каб родная вёска прыгажэла» 

Мікалай Курыла нарадзіўся ў вёсцы Ячнае і тут жа застаўся будаваць сваё жыццё. Працуе ён у Стаўбцоўскай лінейнай тэхнічнай групе РУП «Белтэлекам», жонка Юлія – у філіяле ААТ «ККХ «Мінскі маторны завод» у г. Стоўбцы. Сям’я выхоўвае дваіх дзяцей.

Мікалай заўжды прымаў актыўны ўдзел у жыцці роднай вёскі, але пасаду старасты аднавяскоўцы даверылі яму ў 2020 годзе. Кіраўніцтва Заямнаўскага сельвыканкама таксама заўважыла яго падчас арганізацыі свята вёскі.

– У сваёй вёсцы ведаю, хто чым жыве, што каго хвалюе. З задавальненнем працую дзеля дабрабыту ўласнай сям’і і аднавяскоўцаў, – кажа Мікалай Курыла.

Стараста вёскі Ячнае  хвалюецца, каб надзённыя праблемы вяскоўцаў былі пачутыя. Апошнім часам турбавалі старыя ліпы на мясцовых могілках, якія стваралі аварыйную сітуацыю. Менавіта па ініцыятыве старасты і кіраўніцтва сельвыканкама былі арганізаваны работы па спілоўванні дрэў.

Падобныя мерапрыемствы не толькі вырашаюць праблему, але і аб’ядноўваюць людзей. Мікалаю Курылу прыемна, што на заклік наводзіць парадак адгукаецца і моладзь.

Таксама вялікі ўклад уносіць мясцовы індывідуальны прадпрымальнік Дзмітрый Лявонік, які дапамагае матэрыяльна, выдзяляе спецтэхніку.

На цяперашні момант прыярытэтным пытаннем застаецца якасць дарог у вёсцы. На некаторых вуліцах праведзены ямачны рамонт, да іншых чарга не дайшла. Неабходна пашыраць тэрыторыю мясцовых могілак.

Віктар Маліноўскі: «Дабрыня і шчырасць вяртаюцца бумерангам»

Віктар Маліноўскі з Зарэчча таксама выконвае абавязкі старасты першы год, але за гэты час здолеў праявіць сябе.

Дзякуючы яго арганізатарскім здольнасцям у вёсцы добраўпарадкаваны могілкі, на якія доўгі час ніхто не звяртаў увагі. Могілкі зараслі хмызняком. Стараста вёскі не пашкадаваў уласнага транспарту, знайшоў памочнікаў, якія далучыліся да справы. Для ўстаноўкі памятных камянёў у Зарэччы і Рубяжэвічах ён таксама даваў транспарт, што і паскорыла працу.

Віктар Канстанцінавіч апантаны новымі ідэямі, якія разам з кіраўніцтвам Рубяжэвіцкага сельвыканкама і жыхарамі сваёй вёскі стараецца ажыццявіць. Старшыня сельвыканкама Павел Карніцкі падкрэслівае, што Віктар Маліноўскі – яго правая рука ў вырашэнні ўсіх вясковых пытанняў. Цяпер яны займаюцца ўстаноўкай крыжа на могілках – усе неабходныя матэрыялы падрыхтаваны. Засталося знайсці зваршчыка. Хутка будуць высаджаны туі каля памятнага каменя ў Зарэччы. Плануецца агарадзіць могілкі з тыльнага боку.

Адна са злабадзённых праблем Зарэчча – адсутнасць пешаходнай дарожкі, што стварае небяспеку для школьнікаў. Гэта сігнал для ДРБУ-135, якое абслугоўвае дарогу Зарэчча – Алешкава. Праблема патрабуе вырашэння.

У Зарэччы пражывае каля 300 чалавек. Віктар Канстанцінавіч заўважае:

– Спрабую знайці падыход да кожнага. Ва ўсіх нас ёсць цяжкія перыяды ў жыцці, часам патрэбна аказаць дапомогу, падтрымаць. Гэтыя шчырасць і дабрыня абавязкова вяртаюцца бумерангам.

У Зарэччы Віктар Маліноўскі пражывае разам з жонкай Таццянай, якая працуе бухгалтарам у ААТ «Каганец». Дарослыя сын і дачка ўжо маюць свае сем’і. Тры ўнучкі з задавальненнем прыязджаюць у госці да бабулі і дзядулі.

Галіна Дземідовіч: «Да кожнага вяскоўца знайду падыход»

Галіна Аляксееўна – стараста вопытны. Больш таго, у 2013 годзе жанчына была прызнана лепшай сярод старастаў раёна. З таго часу яна з большым імпэтам выконвае сваю працу. Двойчы павышала кваліфікацыю на курсах, якія арганізаваў Мінскі аблвыканкам.

Галіну Аляксееўну ведае ў Наваколасаве амаль усё двухтысячнае насельніцтва пасёлка. Яна мясцовая жыхарка і выконвае абавязкі старасты з 2007 года. Такі ж у яе і стаж дэпутата Наваколасаўскага сельскага Савета дэпутатаў. А яшчэ жанчына працуе сацыяльным работнікам. Як кажа сама Галіна Аляксееўна, яна спецыяліст «тры ў адным».

Любоў да людзей Галіне Дземідовіч перадалася ад маці.

– Часам прыемна проста пагутарыць з чалавекам, прынесці які-небудзь гасцінец і ўбачыць яго шчаслівыя вочы. А падчас размовы даведаешся і аб нейкіх хвалюючых пытаннях пасёлка.

Галіна Аляксееўна выконвае абавязкі старасты і дэпутата з настроем, так, што побач з ёй нельга засумаваць. У яе наладжана цесная сувязь з Наваколасаўскім сельвыканкамам. Яго старшыня Дзмітрый Каршункоў дапамагае ў вырашэнні ўсіх пытанняў.

Галіна Аляксееўна таксама актыўны член розных камісій, якія працуюць пры сельвыканкаме. У іх рабоце асобая ўвага ўдзелена грамадзянам, якія вядуць асацыяльны лад жыцця. Жанчына дапамагае такім вяскоўцам у пошуку працы, жылля, урэгуляванні бытавых праблем і г. д.

У хуткім часе ў Наваколасаве плануецца арганізаваць суботнік па навядзенні парадку.

У пасёлку засталіся жыць і сын, і дачка Галіны Аляксееўны. Яны падарылі бацькам траіх унукаў. Сям’я для Галіны Дземідовіч – сапраўдная падтрымка ва ўсіх пытаннях.

Ксенія РУБІН, фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *