Запрашаем усю сям’ю да велікоднага стала

Соцыум

image_pdfimage_print

Вялікдзень асацыіруецца з абнаўленнем прыроды, вясной, яркім сонцам. Традыцыйныя стравы на гэтае свята таксама звязаны з вясновым настроем. Прапануем рэцэпты, якія спадабаюцца вам і вашым гасцям.

Фарбаваныя яйкі

Інгрэдыенты: яйкі курыныя – 5 шт., пятрушка – 2 галінкі, вада – 1 л, цыбульнае шалупінне, ніткі.

Прыгатаванне. Курыныя яйкі пажадана выкарыстоўваць белага колеру, каб прыгажэй быў канчатковы вынік. Добра прамыйце яйкі ў праточнай вадзе і пакладзіце іх на папяровы ручнік. Пакіньце на некаторы час, каб яны добра падсохлі. Абрэжце самыя прыгожыя і фігурныя лісцікі пятрушкі, прыкладзіце іх да яйка ў хаатычным парадку. Акуратна абкруціце яйка ніткай, каб зафіксаваць лісточкі. Цыбульнае шалупінне добра прамыйце ў друшляку. Чым больш шалупіння, тым больш інтэнсіўны колер. Пакладзіце шалупінне ў чашу мультываркі. Зверху размясціце падрыхтаваныя яйкі. Наліце халодную ваду, каб пакрыць іх. Закрыйце накрыўкай і ўключыце праграму «Параварка/Рыба» на 10 хвілін. Пасля гукавога сігналу выпусціце пар і пакіньце ў такім становішчы да поўнага астывання.

Калі будзеце гатаваць на газавай пліце, таксама заліце яйкі халоднай вадой, давядзіце да кіпення і варыце 10 хвілін. Потым пакіньце астываць у шалупінні. Пасля пакладзіце яйкі на папяровую сурвэтку і пакіньце на некаторы час, каб яны высахлі. Здыміце ніткі і лісцікі, пратрыце сурвэткай. Фарбаваныя яйкі гатовы.

Шакаладны куліч

Інгрэдыенты: малако – 250 мл, свежыя дрожджы – 25 г, мука пшанічная – 500 г, цукар – 150 г, какава-парашок – 40 г, яйка – 1 шт., масла сметанковае – 50 г, соль – дробка, ванілін – 1 г, цукаты – 2 жмені, алей – для змазвання формы.

Прыгатаванне. У міску наліце цёплае малако, дабаўце 20 г цукру з агульнай масы і раскрышыце дрожджы. Прыміце ў цёплае месца і пачакайце, пакуль дрожджы падымуцца шапачкай. У асобную ёмістасць прасейце муку і какаву, дабаўце ванілін і соль. Растапіце і астудзіце сметанковае масла, змяшайце з рошчынай і дабаўце ў сухую сумесь. Асобна ўзбіце яйка. У цеста дабаўце цукар і ўвядзіце яйка. Мяшайце спачатку лапаткай, а затым працягніце замес рукамі. Калі цеста пачне адставаць ад сценак міскі, дабаўце цукаты. Збярыце цеста ў шар. Пры замесе можа спатрэбіцца больш мукі, дабаўляйце яе патроху, пакуль цеста не перастане ліпнуць. Міску змажце алеем, пакладзіце цеста, прыкрыйце ручніком і пастаўце на гадзіну ў цёплае месца. Далей раскладзіце цеста ў формы. Можна выкарыстаць бляшанкі з-пад гарошку і кукурузы. Выражце кругі на дно бляшанак і засцяліце бакі пергаментам. Цеста падзяліце на часткі і раскладзіце ў формы да паловы. Пакіньце яшчэ на гадзіну, каб яно паднялося ў формах. Духоўку разагрэйце да 180 градусаў і выпякайце шакаладныя кулічы прыблізна 35 хвілін. Потым дастаньце іх з духоўкі і раскладзіце на ручнік на баку, акуратна здыміце формы. Астылыя кулічы пакрыйце глазурай і ўпрыгожце кандытарскай пасыпкай.

Мясны рулет з яйкам і рысам

Інгрэдыенты: фарш змешаны – 500 г, рыс – 120 г, рэпчатая цыбуля – 40 г, соль і перац – на смак, пятрушка – некалькі галінак, яйкі курыныя – 4 шт., часнок грануляваны – дробка, заправа для мяса – 1 ч. л.

Прыгатаванне. Загадзя адварыце, астудзіце і акуратна пачысціце тры яйкі, адно потым спатрэбіцца ў сырым выглядзе. Каб у гатовым рулеце жаўток не быў з сінім адлівам, варыце яйкі не даўжэй за 7-8 хвілін. Складзіце харчовую плёнку ў два пласты, пакладзіце на яе 5-6 драўляных шпажак на адлегласці каля 2 сантыметраў, на шпажкі змясціце яйкі і акуратна закруціце іх у плёнку. Шчыльна звяжыце канструкцыю з абодвух бакоў, а таксама пасярэдзіне, каб шпажкі былі моцна прыціснутыя да бялка. Адпраўце нарыхтоўку на дзве гадзіны ў маразільную камеру. Не трымайце яйкі да поўнай замарозкі, бо шпажкі потым будзе цяжка аддзяліць, не пашкодзіўшы бялок. Адварыце рыс да гатоўнасці ў невялікім казане, астудзіце яго, разрыхліце відэльцам. Перакладзіце рыс у глыбокую міску, дабаўце заправу, часнок, дробна нарэзаную рэпчатую цыбулю і пакрышаную пятрушку. Перакладзіце да рысу фарш, дабаўце курынае яйка, соль і перац на смак. Старанна вымесіце фарш, злёгку адбіце яго. Вазьміце вялікі кавалак харчовай фольгі, складзіце яе напалову глянцавым бокам уверх, памажце алеем. Выкладзіце на фольгу фарш таўшчынёй каля 1-1,5 сантыметра, пасярэдзіне пакладзіце яйкі. Акуратна скруціце нарыхтоўку ў рулет, закруціце фольгу з абодвух бакоў у выглядзе цукеркі, пакладзіце ў форму для запякання. Адпраўце рулет у папярэдне разагрэтую да 180 градусаў духоўку на 60 хвілін. Прыблізна за 10 хвілін  да заканчэння прыгатавання разрэжце зверху фольгу, пастаўце пад верхні грыль для атрымання румянай скарыначкі. Не наразайце рулет адразу, дайце яму пастаяць каля 15 хвілін пасля прыгатавання. Злёгку астылы мясны рулет з рысам і яйкам нарэжце таўшчынёй крыху больш за 1 сантыметр і падавайце да стала.

 Марына КУТАС

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *