Даць навыкі, каб вярнуць у рэальнасць

Адукацыя Важное

image_pdfimage_print

Штогод другога красавіка, пачынаючы з 2008 года, адзначаецца, згодна з рэзалюцыяй Генеральнай асамблеі ААН, Сусветны дзень распаўсюджвання інфармацыі аб праблеме аўтызму.

Яго мэта – звярнуць увагу на людзей, якія пакутуюць ад аўтызму, каб дапамагчы ў павышэнні ўзроўню іх жыцця. Колькасць такіх людзей высокая ва ўсіх краінах свету, таму гэтая праблема нясе істотныя наступствы для сем’яў і грамадства ў цэлым.

Фота мае ілюстрацыйны характар

Сярод дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі здароўя, у якіх назіраюцца розныя адхіленні ў псіхічным і сацыяльна-асобасным развіцці і якія маюць патрэбу ў спецыяльнай псіхолага-педагагічнай дапамозе, дзеці з аўтызмам адрозніваюцца расстройствамі ў эмацыянальна-валявой сферы.

Дзіця з аўтызмам можа з’явіцца ў любой сям’і, незалежна ад дастатку, адукацыі, сацыяльнага статусу бацькоў. Калі ім даводзіцца чуць пра аўтызм, то першая рэакцыя – нібыта агучылі смяротны прысуд. Але аўтызм – гэта не віна бацькоў, бабуль, дзядуль і, тым больш, самога дзіцяці. Гэта біялагічнае расстройства.

Загадка хваробы – у сацыяльнай дэзадаптацыі

Аўтызм узнікае ў выніку парушэння развіцця галаўнога мозга і характарызуецца выразным і ўсебаковым дэфіцытам сацыяльнага ўзаемадзеяння і зносін, а таксама абмежаванымі інтарэсамі і паўтаральнымі дзеяннямі. Тэрмін «аўтызм» (ад грэчаскага autos – сам) азначае адарванасць асацыяцый ад праяўлення вопыту, ігнараванне рэальных адносін.

Гэта значыць, што дзіця-аўтыст знаходзіцца як бы само ў сабе, адгароджана ад навакольнага свету сцяной, адарвана ад рэальнасці і не можа адэкватна на яе рэагаваць. Адсюль і расстройствы размовы, маторыкі, стэрэатыпнасць дзейнасці і паводзін, якія прыводзяць да сацыяльнай дэзадаптацыі.

Своеасаблівасць дзіцяці, якое хварэе на аўтызм, праяўляецца перш за ўсё ў тым, што яно па-іншаму чуе, бачыць і адчувае, яго мозг не паспявае аналізаваць тое, што адбываецца навокал. У выніку свет успрымаецца фрагментарна і скажона. Праяўленні аўтыстычных рыс надзвычай разнастайныя. Нездарма спецыялісты кажуць: «Калі вы ведаеце аднаго аўтыста, гэта не значыць, што вы ведаеце аб аўтызме».

Дзеці-аўтысты хворыя па-рознаму

Дзіця з аўтыстычным расстройствам можа ствараць уражанне капрызнага, распешчанага, нявыхаванага, нязграбнага ў сваіх рухах. Але пры гэтым дзеці-аўтысты непадобныя адзін на аднаго.

Некаторыя авалодваюць мовай, іншыя – не. Адны будуць адставаць у разумовым развіцці, у іншых выявіцца бліскучы інтэлект або фенаменальная памяць. Хтосьці напіша кнігу, а нехта так і не зможа навучыцца чытаць. Аўтызм – гэта «развіццё па-іншаму»: такія дзеці думаюць і вучацца па-свойму, інакш успрымаюць інфармацыю.

У свеце няма магічнага шара, каб убачыць, якім стане дзіця ў будучыні. Але ў кожнага аўтыста можна дабіцца пазітыўных змен, якія дапамогуць яму адкрыцца, навучаць яго размаўляць з намі.

Насуперак распаўсюджанаму міфу людзі з аўтызмам не імкнуцца жыць ва ўласным свеце – наадварот, многія вельмі зацікаўлены ў зносінах з іншымі, здольныя наладжваць глыбокія эмацыянальныя сувязі з важнымі для іх людзьмі, аднак яны не маюць дастатковых навыкаў для таго, каб іх зносіны былі такімі ж, як у аднагодкаў.

Наталля ТУМІЛОВІЧ, педагог-псіхолаг ДУА «Стаўбцоўскі цэнтр карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі»

Фота wmeste.by



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *