Сёння каталіцкія вернікі святкуюць Вялікдзень

Главное Соцыум

image_pdfimage_print

Хрыстос Уваскрос! Сапраўды Уваскрос!

Паважаныя вернікі каталіцкага веравызнання Стаўпецкай зямлі і ўсе людзі добрай волі.

Свята Уваскрасення Хрыста для ўсіх хрысціянаў заўсёды было і ёсць святам радасці, веры і надзеі. Радасці – бо Хрыстос Уваскрос, у якога мы верым і якому мы верым, як сапраўднаму чалавеку і сапраўднаму Богу, у якім не толькі поўня чалавецтва, але і поўня Боства. Гэта мы павінны як хрысціяне ўсвядоміць усім сваім розумам і сэрцам, бо без гэтага няма збаўлення. Святы Павел Апостал кажа: «Каб Хрыстос не ўваскрос, то наша вера была б марнай». І мы поўныя надзеі, што дзякуючы веры ў Велікодную радасць таксама будзем уваскрошаныя з Хрыстом да жыцця, якім Нябесны Айцец нас адарыў з хвіліны зачацця.

Паважаныя, падчас Пасхальных святаў мы скіроўваем свой позірк на магілу з Езусам, а затым – на магілу без Езуса, дзе ўжо бачым выстаўлены Найсвяцейшы Сакрамант. Пустая магіла і Найсвяцейшы Сакрамант – знак прымірэння Бога і чалавецтва, знак прымірэння паміж людзьмі. Бо смерць пераможана і мы сталі дзецьмі Божымі.

Як часта слова «прымірэнне» сёння гучыць у нашым падзеленым, хворым і змучаным,  не толькі каранавірусам, беларускім грамадстве. Мы ведаем, што прымірэнне паміж людзьмі прыходзіць у пакоры, бо чалавек павінен адрачыся ад нейкіх сваіх агрэсіўных поглядаў і пагадзіцца са свабодай думкі другога чалавека. Прымірэнне не можа быць насільнае і са зневажаннем чалавека, гісторыі зямлі, на якой жывём, з наглай хлуснёй, калі на белае кажуць чорнае, і несправядлівымі асуджэннямі. Прымірэнне прыходзіць у Божым Духу і Праўдзе. Д’ябал – князь гэтага свету, ён бацька хлусні і несправядлівасці, таму не прынясе прымірэння і супакою. Ён гэтай зброяй змагаецца з верай Хрыстовага Касцёла і сёння. Але Хрыстос кажа: «Я перамог гэты свет і смерць».

Просім Духа Хрыста Уваскрослага, каб адарыў нас радасцю, верай і надзеяй, несучы прымірэнне нам у сабе, паміж людзьмі і Богам.

Жывем у Праўдзе, шануйма гісторыю, культуру і традыцыі нашай роднай Беларусі, каб Божы дар жыцця квітнеў на нашай зямлі вечна.

Няхай благаславіць вас Бог Усемагутны, Айцец, і Сын, і Дух Святы. Амэн.

Пробашч і дэкан Стаўпецкі ксёндз канонік Ігар Лашук

Фота Наталлі КЛЫГАЧ



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *