Па стаўбцоўскіх вуліцах

Добраўпарадкаванне Нумары

Маніторынг санітарнага стану вуліц у райцэнтры і па-за яго межамі – пастаянны клопат аддзела жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама, раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі. Свае сумесныя намаганні гэтыя службы скіроўваюць на тое, каб зменшыць колькасць пунктаў у прадпісаннях, ды і ўвогуле каб іх, гэтых прадпісанняў, не было неабходнасці выдаваць, а была толькі нагода канстатаваць змены да станоўчага, добраўпарадкаванага, перспектыўнага.

Вось і на вуліцы Гагарына, якая фактычна з’яўляецца транзітнай, большасць жыхароў стараюцца годна трымаць марку свайго горада. Гаспадыня аднаго з дамоў Галіна Грэкава высадзіла на вуліцы гваздзікі ў дзве шарэнгі, абапал шырокай пешаходнай дарожкі. І як бы непараўнальна змяніўся наш горад, калі б такі добры прыклад  з упрыгожваннем грамадскай тэрыторыі ля сваёй сядзібы, з аздабленнем яе дыхтоўнай агароджай паказвалі многія.

Праязджаючы гэтай восеньскай парой па вуліцы Гагарына і іншых цэнтральных вуліцах горада (Сацыялістычнай, Каперніка, Піянерскай, 17 Верасня, Танкістаў, Сянкевіча), разумееш, што як камунальнікам, так і іншым прадпрыемствам і арганізацыям, якія распараджэннем райвыканкама замацаваны за вуліцамі, таксама трэба быць напагатове, з рыдлёўкамі: своечасова прыбіраць ля бардзюраў вулічны змёт, якога асабліва шмат пасля дажджоў.

Дажджы не толькі пясок намываюць, а і даюць рост траве. У межах горада праблема своечасовага і якаснага пакосу найбольш яскрава акрэслілася на пустырах, абочынах, прыпыначных пунктах. Адзін з такіх прыпынкаў грамадскага транспарту па вуліцы 17 Верасня, які трапіў у кадр, зарос травою. Не абкошваюцца берагі гарадскога возера, за якім замацаваны дзве арганізацыі – прадпрыемства меліярацыйных сістэм і рамонтна-механічныя майстэрні. У некаторых выпадках, як па вуліцы Міру, даходзіць да метамарфозаў: па суседству з вуліцай раскінуўся вялікі пустыр, якім увогуле ніхто за сезон не займаўся. Пасля таго, як санслужбай было вынесена прадпісанне,  яго абкасілі, але… з аднаго боку, ад  вуліцы Ленінскай. Зварочваем з Ленінскай і бачым, як праз дарогу ад новабудоўляў стаіць некранутай сцяной быльнёг, увесь засмечаны бытавымі адходамі. Сярод зараснікаў пратаптана сцежка, што злучае новы мікрараён і інтэрнат маторабудаўнікоў. Нічога сабе гарадскі пейзаж!     

Шлейф пустазелля і кустоўя ўперамежку з бытавым смеццем не дададуць станоўчых уражанняў пра наш горад і тым, хто праязджае паўз яго чыгуначным транспартам. Паласа, пра якую ідзе размова, цягнецца ўздоўж палатна  да вуліцы Шчорса. Чыгуначнікі, трэба сказаць, спраўна сваё адкошваюць, і іх тэрыторыя, абазначаная шэрымі слупкамі, выдзяляецца ад той, якую павінны прыводзіць у парадак камунальнікі.

Шмат што ў справе іміджу нашага горада, як ужо было сказана вышэй, залежыць не ад некага, а непасрэдна ад нас саміх. З той жа вуліцы Гагарына пераедзем да іншых «варот» горада –  вуліцы 17 Верасня. Вуліца гэтая ажыўленая, вядзе ў Коласавы мясціны, на турбазу «Высокі бераг». Аднак, наўрад ці ўсведамляюць гэта ўсе жыльцы шматкватэрнага дома № 50-а (гэта ведамасны дом ААТ «Стаўбцоўскі райаграсэрвіс») , што стаіць акурат пры дарозе. Перад домам – агароды жыльцоў. У каго яны прыбраныя, з акуратнымі пасадкамі, а ў каго – стаяць няскошаныя, заваленыя галлём і іншай непатрэбшчынай. Акурат падчас рэйду пажылая жыхарка гэтага дома несла да дарогі свежы дадатак – сухі агурочнік. На зробленую заўвагу яна сказала: «Прыбяром, спалім…» На жаль, не назіралася належнага парадку і на дваровай тэрыторыі гэтага дома. Яго  жыльцам варта павучыцца ў сваіх бліжэйшых суседзяў з прыватнага дома, якія і косяць своечасова на немалой тэрыторыі, і смецце падбіраюць.

Што датычыць іншых двароў, то тут таксама ўзнікаюць розныя пытанні. Нясвоечасовы абкос. Неабходнасць пафарбоўкі малых архітэктурных формаў і ўнутрыдваровага абсталявання. Але найбольш прэтэнзій на даны момант – да ўборкі кантэйнерных пляцовак. Далёка не ўсюды яны падмецены, вызвалены ад буйнагабарытнага смецця. Але вось кантэйнерная пляцоўка новых жыллёва-будаўнічых кааператываў «Стоўбцы-2», «Стоўбцы-3» і «Стоўбцы-4» непрадказальна здзівіла – на момант рэйду яна выглядала празмерна захламленай і ўвогуле антысанітарнай, нібыта безгаспадарнай.

Непажаданае дваякае ўражанне пакідаюць і некаторыя нашы будаўнічыя пляцоўкі ў межах горада. Напрыклад, рэканструюецца новым уласнікам былы магазін «Маладзёжны» па вуліцы Першамайскай, будуецца прыватны магазін побач з касцёлам. Абнаўленне, укладанне інвестыцый – гэта добра, неабходна, але і пра тое, што побач праходзіць гарадское жыццё, у якім не павінна быць месца неўпарадкаванасці тых жа будаўнічых і іншых адходаў, забываць нельга.

Па ўсіх выяўленых фактах парушэння санітарных правілаў выдадзены папярэджанні і прадпісанні, вызначаны канкрэтныя тэрміны ўхілення недахопаў.       

У рэйдзе прымалі ўдзел: Таццяна ЮНЦЭВІЧ, начальнік аддзела жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама; Наталля РЫК, урач-гігіеніст раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі, Таццяна ПЯТКЕВІЧ, наш кар.

На здымках: зарасла  травою тэрыторыя каля аўтобуснага  прыпынку па вуліцы 17 Верасня; вуліца Міру: побач з новабудоўлямі – быльнёг і смецце; не ўпарадкавана дваровая тэрыторыя дома № 50-а па вуліцы 17 Верасня; кантэйнерная пляцоўка ў мікрараёне; будаўнічыя адходы ля былога магазіна «Маладзёжны» вылезлі» і на вуліцу Першамайскую; прыватны магазін, які будуецца побач з касцёлам (выгляд з вуліцы Танкістаў); няскошаны шлейф «спадарожнічае» пасажырам чыгункі.



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *