У горад прыйшла вясна. Наступіла пара для навядзення парадку

Главное Добраўпарадкаванне

image_pdfimage_print

У першую чаргу неабходна прыбраць ля бардзюраў вулічны змёт, адрамантаваць дарогі, ачысціць тэрыторыі ад смецця. А неўзабаве пойдзе чарада веснавых работ, звязаных з пасадкай дрэў, кветак і г. д.

З 1 па 30 красавіка згодна з распараджэннем Мінскага аблвыканкама аб’яўлены месячнік па навядзенні парадку на зямлі, добраўпарадкаванні і азеляненні тэрыторый. На Стаўбцоўшчыне зацверджаны план па правядзенні месячніка.

Заклікаем стаўбчан і жыхароў раёна не заставацца ўбаку, а выходзіць з мяцёлкамі і рыдлёўкамі на сямейныя суботнікі, далучацца да агульных для населеных пунктаў мерапрыемстваў па навядзенні парадку. Усім знойдзецца работа!

Вясна з’яўляецца ці не адной з самых прыгожых пораў года, але толькі з нашай дапамогай прырода па-сапраўднаму расцвіце і стане храмам чысціні і гармоніі.

Мы праехалі па стаўбцоўскіх вуліцах, каб паглядзець, як ідзе навядзенне парадку.

Гарачы асфальт – у ямкі

На вуліцы Сацыялістычнай часткова і часова быў перакрыты рух: якраз ажыццяўляўся ямачны рамонт. Працавала ўніверсальная брыгада Стаўбцоўскага АКС.

На вуліцы Сацыялістычнай праводзіць ямачны рамонт брыгада Стаўбцоўскага АКС пад кіраўніцтвам Аляксандра Ермаковіча

– Ямачным рамонтам займаемся не першы дзень. Раней працавалі на вуліцах Міцкевіча, Танкістаў, Казлова, Свярдлова, – зазначае брыгадзір Аляксандр Ермаковіч. Побач з ім шчыруюць яго калегі – Сяргей Паляшчук, Ігар Капейчанка, Дзяніс Мацукевіч. Дапамагае і трактарыст Віктар Гасціла. Аператыўна перавозіць брыгаду з вуліцы на вуліцу вадзіцель Леанід Сільвановіч.

Рабочыя закідваюць у ачышчаныя выбоіны гарачы асфальт і тут жа, з дапамогай вібрапліты, яго ўтрамбоўваюць. Асфальт прывозяць з асфальтабетоннага завода ДРБУ № 135, які гэтымі днямі аднавіў сваю работу пасля зімовай кансервацыі.

– На колькі даяце гарантыю? – цікавімся ў брыгадзіра пра якасць работ.

– Тэрмін службы залежыць ад многіх фактараў. Працуем як для сябе, з веснавым настроем, – усміхаецца Аляксандр Ермаковіч.

Дарэчы, універсальная брыгада сёлета ўжо займалася ўкладкай тратуарнай пліткі ля СШ № 2. Работа па добраўпарадкаванні горада з наступленнем спрыяльных умоў надвор’я працягнецца.

Кучкі пяску ля бардзюраў

Камунальнікаў мы сустрэлі і на вуліцы Цітова. Яны грузілі ў аўтамабіль-смеццявоз вулічны змёт. Частка рабочых працавала з шуфлямі, частка – з мяцёлкамі.

– Пераязджаем на вуліцу Цэнтральную, каб там да канца навесці парадак, – гаворыць майстар участка добраўпарадкавання Алена Фінагенава.

Ва ўборцы вуліц ад змёту камунальнікам дапамагаюць прадпрыемствы і арганізацыі горада. Яны працуюць на замацаваных за імі вуліцах. Некаторыя ўжо выйшлі і праводзяць неабходныя работы.

Так, на вуліцы Ленінскай сустракаем работнікаў аўтапарка № 17. Учора яны намяталі кучкі, сёння – грузяць іх і вывозяць. Ад гэтага адна з цэнтральных вуліц горада набывае зусім іншы выгляд.

Вуліцу Ленінскую прыбіраюць работнікі аўтапарка № 17

Работы па навядзенні парадку працягваюцца і на іншых вуліцах райцэнтра, ля месцаў воінскіх пахаванняў, помнікаў і брацкіх магіл герояў Вялікай Айчыннай вайны. Дарожныя арганізацыі прыступаюць да добраўпарадкавання дарог, якія абслугоўваюць.

Вуліца Цэнтральная ўжо вычышчана ад пяску

Таццяна ПЯТКЕВІЧ, фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *