На Кромані ратавалі рыбакоў

Важное Раённыя навіны

image_pdfimage_print

Здарэнне з двума рыбакамі зафіксавана на возеры Кромань 29 сакавіка. Сігнал аб тым, што яны праваліліся пад лёд, паступіў у 15.29.

Калі прыбылі на месца першыя падраздзяленні, адзін з мужчын, жыхар Навагрудскага раёна, 1967 года нараджэння, змог выбрацца з возера самастойна.  Другі – жыхар Мінска, 1963 года нараджэння, – знаходзіўся ў вадзе. Ён дастаўлены ў бальніцу ў цяжкім стане. Дапамагло тое, што на абодвух былі выратавальныя камізэлькі.

Выратаванне рыбакоў, якія адышлі ад берага на 600 метраў, нагадвала спецаперацыю. У ёй бралі ўдзел выратавальнікі з Навагрудскага і Стаўбцоўскага раёнаў, экіпіраваныя ў ахоўныя касцюмы.

– Варта адзначыць прафесіяналізм работнікаў пажарнага аварыйна-выратавальнага паста з Дзераўной – Андрэя Кутаса і Міхаіла Рушаняна, – зазначае намеснік начальніка раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Віталь Кожыч, які асабіста выязджаў на месца здарэння.

Старшыня раённай арганізацыі Таварыства выратавання на водах Іосіф Грыгарцэвіч чарговы раз нагадвае аб забароне выхаду на лёд у сувязі з умовамі надвор’я:

– Лёд стаў друзлым, на ім стаіць вада, таму вельмі небяспечна на яго выходзіць.

Між іншым, на Кромані, куды накіраваліся рызыкоўныя рыбакі па ўлоў, – 15-метровая глыбіня…

Таццяна ПЯТКЕВІЧ

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *