Новы від прадукцыі – хлеб подавы «Былінны» – выпускае цэх хлебапячэння Стаўбцоўскага філіяла Мінскага абласнога спажывецкага таварыства.
Прадукт натуральны (прыгатаваны з мукі, канцэнтрату кваснага сусла, цукру, солі, дражджэй і паляпшальніка смаку), таму і атрымаў добрыя водгукі ў пакупнікоў. У перспектыве – распрацоўка соладавага заварнога хлеба «Надзея».
Гэтымі днямі ў хлебапёкаў асабліва напружаная пара. Да Вялікадня яны імкнуліся выканаць усе святочныя заяўкі спажыўцоў. У прыватнасці, вялікім попытам карыстаўсяа кекс «Свята». І далей, у сувязі з пасяўной кампаніяй, заяўкі на прадукцыю цэха пачнуць паступаць са сталовых сельгаставарыстваў раёна.
– У асартыменце – каля двух дзясяткаў відаў хлеба і белабулачных вырабаў. Хлеб і батоны выпускаем у нарэзаным выглядзе, ва ўпакоўцы. Для гэтага нядаўна набылі ўпаковачную машыну, – расказвае начальнік цэха Антаніна Шыбко.

За змену невялікі калектыў выпускае каля тысячы боханаў хлеба, 1200 белабулачных вырабаў, 300 штук здобы – розных булачак, рулетаў, ражкоў і інш. Хлебапёкі працуюць ноччу, каб раніцай адпраўляць у магазіны свежую прадукцыю.
У калектыве шмат моладзі. Перадаюць свой вопыт такія спецыялісты, як Валянціна Зарубіна, Вольга Церахава, Таццяна Стула, Марыя Кордан, Ганна Лянцэвіч, Алена Астроўская, Валянціна Шкляр.
Таццяна ПЯТКЕВІЧ, фота аўтара