Перасягнуць пяцітысячны рубеж

Важное Сельская гаспадарка

image_pdfimage_print

На малочнатаварных фермах СГФ «Аталезь-агра» ААТ «Стаўбцоўскі райаграсэрвіс» гэтымі днямі надойваюць у сярэднім ад кожнай каровы звыш 14,4 кілаграма малака.

Каб мець сярэднераённы паказчык, жывёлаводам трэба яшчэ нямала парупіцца, але прагрэс мясцовых працаўнікоў відавочны: прыбаўка да адпаведнага перыяду летась складае амаль 1,3 кілаграма малака штодзень.

Па выніках работы за мінулы год калектыву жывёлаводаў таварыства прысуджана трэцяе месца ў раённым спаборніцтве. Пры стабільнай рабоце і надалей мясцовым рупліўцам цалкам па сіле перавысіць сёлета пяцітысячны рубеж. І яны да гэтага імкнуцца.

– Прыемна, што нас адзначылі на раённым узроўні, – гаворыць дырэктар ААТ «Стаўбцоўскі райаграсэрвіс» Сяргей Мельнік. – Жывёлаводы і сапраўды спрацавалі нядрэнна. Думаю, што сёлета мы замацуем дасягнутае.

Упэўненасць кіраўніка грунтуецца на лічбах, летась прыбавілі ў сярэднім на адну карову 699 кілаграмаў малака пры гадавым надоі 4753 кілаграмы. Паспрыяла павелічэнню надояў кармавая база, у мінулым годзе ў сельскагаспадарчым філіяле было нарыхтавана дастаткова і якасных травяных кармоў. А ўвогуле перамены да лепшага ў таварыстве звязваюць і з прыходам новага галоўнага заатэхніка Іны Рэчкінай. Яе невычэрпная энергія і шчырае жаданне вывесці жывёлагадоўчую галіну на дастойны ўзровень перадаліся і людзям. Іна Уладзіміраўна здолела знайсці падыход да кожнага работніка, і жывёлаводы паверылі ў свае сілы, па-сапраўднаму ўзяліся за справу.

– Адзін са складальнікаў поспеху – увага да людзей, – гаворыць галоўны спецыяліст. – Калектыў застаўся ранейшым, а адносіцца да работы ўсе пачалі зусім інакш, бо зразумелі, што менавіта ад іх саміх дабрабыт і залежыць.

Умовы для работы на фермах створаны, заставалася толькі як след адпрацаваць тэхналогію вытворчасці малака. Выдзелілі і паставілі асобна навацельных і сухастойных кароў. Наладзілі дыферэнцыраванае кармленне. Павялічыліся надоі і прывагі, вышэйшай стала заработная плата. Малако пачалі рэалізоўваць перапрацоўшчыкам гатункам экстра, і матэрыяльнае ўзнагароджанне павялічылася яшчэ больш.

– Сёння аператар машыннага даення атрымлівае да тысячы рублёў у месяц, – працягвае размову Іна Уладзіміраўна. – Жанчыны задаволены. Аператары, якія даглядаюць жывёлу на вырошчванні і адкорме, таксама не пакрыўджаны.

Калектыў стараецца, ёсць жаданне працаваць, а значыць – будзе і адпаведны вынік.

Надзея БАТАЛКА

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *