Калі льецца музыка…

Важное Культура

image_pdfimage_print

Тонкая матэрыя, якая авалодвае нашымі эмоцыямі, напаўняе свет чароўнасцю, – гэта музыка. З імем людзей, пра якіх пойдзе размова, звязана шмат поспехаў у культурным жыцці. Сваімі адносінамі да працы, творчасці яны заваёўваюць павагу ў блізкім акружэнні. Знаёмцеся: музычная дынастыя Авязавых з аграгарадка Дзераўная.

На чале дынастыі

Марына Авязава закончыла Маскоўскі ўніверсітэт культуры па спецыяльнасці «кіраўнік акадэмічнага хору». Разам з мужам і пяцігадовым сынам Максімам прыехалі ў Дзераўную з Казахстана. Праз некаторы час нарадзіліся Леанід і Лізавета.

Марына Авязава заўсёды настройвае сваіх вучняў на поспех

Марына Леанідаўна працуе ў ДУА «Дзераўнянская дзіцячая школа мастацтваў» з 1994 года. За 26 з паловай гадоў працы кіраўнік стварыла ў школе такія калектывы, як хор малодшых класаў «Калярыкі», вакальны ансамбль старэйшых класаў «Беларускі вяночак», вакальная эстрадная група «Вясёлыя свавольнікі».

Навучэнцы Марыны Авязавай неаднаразова станавіліся пераможцамі на раённых, рэгіянальных, абласных алімпіядах па сальфеджыа і музычнай літаратуры. Дзеці класа піяніна дастойна прадстаўлялі Дзераўнянскую ДШМ на раённых конкурсах у Стоўбцах, адкрытым конкурсе «Новыя гукі свету» ў Мінску, на Міжнародным фестывалі мастацтваў «Маладзечна CityArt – 2020» і інш.

Усе музычныя калектывы, створаныя Марынай Авязавай, і іх салісты таксама станавіліся дыпламантамі і лаўрэатамі раённых, рэгіянальных, абласных і міжнародных фестываляў і конкурсаў. Напрыклад, такіх як Рэгіянальны абласны тур конкурсу харавых калектываў у Дзяржынску, міжнародны фестываль мастацтваў «Маладзечна CityArt – 2020», міжнародны рознажанравы конкурс LETOSTAR-2020, XV Маскоўскі міжнародны музычны дзіцяча-юнацкі фестываль «Гучыць Масква» і інш.

За мінулы навучальны год і палову гэтага ў скарбонцы Марыны Леанідаўны нямала дыпломаў міжнародных фестываляў. Не так даўно завяршыўся IV Міжнародны тэлепраект «Кубак сяброўства» – адзін з найбольш значных праектаў у нашай рэспубліцы. Навучэнцы Дзераўнянскай ДШМ прынялі ўдзел у даным праекце. Лізавета Авязава двойчы стала лаўрэатам ІІІ ступені ў намінацыі «Эстрадны вакал», Арцём Аршакян і Варвара Босая – дыпламантамі ІІ ступені.

Сярод вучняў Марыны Авязавай – Валерый Шмат (кампазітар, кіраўнік арт-групы «Беларусы»), Аляксандр Шагун (саліст Марыінскага тэатра ў Санкт-Пецярбургу), Аляксандра Ліпніцкая (загадчыца цыклавой камісіі аддзялення музыказнаўства Маладзечанскага музычнага каледжа імя М. К. Агінскага), Юлія Канановіч (выкладчыца па вакале Рэспубліканскага каледжа для адораных дзяцей імя Ахрэмчыка), Ірына Гурневіч (выпускніца Варшаўскай акадэміі музыкі па спецыяльнасці «арган»), Любоў Міцкевіч (актрыса маладзёжнага драматычнага тэатра ў Мінску).

Падчас сваёй працы ў школе Марына Леанідаўна адзначана дыпломам «За ўклад у развіццё эстраднага мастацтва», граматамі, падзякамі рознага ўзроўню. Фота Марыны Авязавай было занесена на раённую Дошку гонару ў 2004 годзе.

Дзеці – прадаўжальнікі музычнай справы

Сыны Марыны Леанідаўны Максім і Леанід закончылі Дзераўнянскую музычную школу па класе саксафона і трубы адпаведна ў настаўніка Мікалая  Русецкага, былога дырэктара школы, і Маладзечанскі музычны каледж імя М. К. Агінскага.

Сыны Максім і Леанід Авязавы спраўдзіліся ў прафесіі

Максім адслужыў у арміі ў складзе аркестра МУС Рэспублікі Беларусь і вярнуўся ў родную школу ўжо настаўнікам па класе духавых інструментаў. Максім Алікавіч у кожным вучні бачыць будучую зорачку, у сваёй дзейнасці выкарыстоўвае разнастайны музычны матэрыял. Яго вучні ўжо некалькі гадоў запар заваёўваюць дыпломы лаўрэатаў. Сам Максім штогод прымае ўдзел у раённым конкурсе сярод настаўнікаў школы мастацтваў «Віртуоз года», дзе неаднаразова займае прызавыя месцы. Аднак найбольш прэстыжным Максім лічыць удзел у Міжнародным конкурсе ў Іспаніі навучэнак Ксеніі Лукшы і Лізаветы Авязавай. У журы конкурсу ўвайшлі вядомыя ў музычным свеце выкладчыкі, музыканты, спевакі з розных краін. Сярод удзельнікаў былі прадстаўнікі Еўразіі, ЗША і Лацінскай Амерыкі. Дзякуючы гэтым дасягненням вучні атрымалі магчымасць паехаць сёлета ў Іспанію на заключны фестываль.

Леанід закончыў прэстыжную Расійскую акадэмію музыкі імя Гнесіных,  прайшоўшы выдатную школу, што дапамагло яму паспяхова рэалізаваць сябе як высакакласнага спецыяліста. У сценах акадэміі ён знайшоў сваё каханне, студэнтку з Кітая. У цяперашні час ён жыве і працуе ў Кітаі: разам з жонкай яны атрымалі запрашэнне на працу ў музычную школу г. Вейхай. На даны момант Леанід працуе там настаўнікам па класе духавых інструментаў, вядзе клас кампазіцыі і кіруе малодшым і старэйшым духавым і сімфанічным аркестрамі.

Лізавета – самая малодшая ў дынастыі Авязавых. У мінулым годзе яна закончыла школу мастацтваў адразу па двух інструментах – фартэпіяна і флейце. На працягу ўсяго перыяду навучання Лізавета паспяхова прымала ўдзел у розных фестывалях і конкурсах па фартэпіяна, флейце, у тэарэтычных алімпіядах, конкурсах па кампазіцыі (складанне музыкі). У яе скарбонцы – 52 дыпломы. Захапленне Лізаветы – эстрадны вакал, якім яна займаецца пад кіраўніцтвам матулі Марыны Авязавай. «Спевы – гэта маё жыццё», – прызнаецца Лізавета. Сёлета яна заканчвае 9 клас Дзераўнянскай сярэдняй школы і збіраецца паступаць у Маладзечанскі музычны каледж на аддзяленне фартэпіяна. Гэты каледж самы любімы для сям’і Авязавых. Многія вучні Марыны Леанідаўны закончылі яго або вучацца ў ім на аддзяленні музыказнаўства або вакалу.

Дачка Лізавета – актыўная ўдзельніца розных фестываляў і конкурсаў

Як лічаць Авязавы, музыка аб’ядноўвае людзей для агульных спраў, радасцяў, умацавання духу.

Алена ШУЦЬКО, настаўніца тэатральнага аддзялення ДУА «Дзераўнянская дзіцячая школа мастацтваў»

Фота з архіва сям’і Авязавых

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *