8 красавіка – Дзень ваенных камісарыятаў

Главное Соцыум

image_pdfimage_print
Служаць у райваенкамаце афіцэры: Аляксандр Кахновіч, Аляксей Дзядкоў (ваенны камісар), Васіль Апаценка, Аляксей Луцэвіч

Афіцэры ваенкамата – прыклад для прызыўнікоў і членаў клуба баявых адзінаборстваў «Абаронца Айчыны», дзе юнакоў рыхтуюць да службы ва Узброеных Сілах рэспублікі.

Напярэдадні прафесійнага свята мы пагутарылі з раённым ваенным камісарам Аляксеем Дзядковым.

– Ваенны камісарыят раёна невялікі па сваім штаце, аднак на яго супрацоўнікаў ускладзены адказныя функцыі, – гаворыць Аляксей Дзядкоў. – Сумесна з мясцовымі выканаўчымі і распарадчымі органамі забяспечваем выкананне заканадаўства ў вобласці абароны і бяспекі дзяржавы. Наша работа паводле зместу і характару служыць сувязным звяном паміж воінскімі часцямі, мясцовай адміністрацыяй і насельніцтвам.

– Аляксей Уладзіміравіч, якія задачы стаяць перад ваенным камісарыятам на сучасным этапе?

– Сярод актуальных задач – ваенна-мабілізацыйная і ўлікова-прызыўная работа, правядзенне мабілізацыі людскіх і транспартных рэсурсаў,  прызыў грамадзянна тэрміновую ваенную службу і службу ў рэзерве, адбор і падрыхтоўка кандыдатаў для паступлення ў ваенныя навучальныя ўстановы і на ваенную службу па кантракце, арганізацыя тэрытарыяльнай абароны ў горадзе і раёне.

– Ведаю, што супрацоўнікі райваенкамата працуюць з рознымі катэгорыямі грамадзян, пачынаючы з дапрызыўнікоў і заканчваючы воінамі-інтэрнацыяналістамі, ветэранамі Вялікай Айчыннай вайны.

– Сапраўды, райваенкамат надае вялікую ўвагу патрыятычнай рабоце з моладдзю. Часта бываем у школах і знаходзім магчымасць, каб адзначыць лепшых вучняў у дапрызыўнай падрыхтоўцы. У адносінах да ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны, ветэранаў Узброеных Сіл, ваенных пенсіянераў вырашаем задачы, звязаныя з сацыяльна-прававым і пенсіённым забеспячэннем.

– Які настрой у калектыве?

–  Настрой працоўны. Імкнёмся працаваць так, каб прымножыць свае прафесійныя навыкі. Хачу падзякаваць калектыву за старанне, добрасумленныя і адказныя адносіны. Найлепшыя пажаданні ў сувязі з прафесійным святам адрасуем тым, хто многія гады жыцця прысвяціў рабоце ў ваенным камісарыяце, а цяпер знаходзіцца на заслужаным адпачынку. Слаўныя традыцыі ветэранаў працягвае цяперашняе пакаленне супрацоўнікаў.

З гісторыі

8 красавіка 1918 года быў падпісаны дэкрэт Савета народных камісараў аб зацвярджэнні воласцевых, павятовых, губернскіх і акруговых камісарыятаў па ваенных справах. Ужо ў кастрычніку 1918 года на тэрыторыі Беларусі былі сфарміраваны два губернскія, 13 павятовых і 139 воласцевых камісарыятаў па ваенных справах, якія замянілі ваенныя аддзелы мясцовых Саветаў.

Віншую работнікаў і ветэранаў ваеннага камісарыята з прафесійным святам, шчыра жадаю ўсім моцнага здароўя, шчасця, дабрабыту, мірнага неба над нашай Радзімай – Рэспублікай Беларусь.

ГутарылаТаццяна ПЯТКЕВІЧ, фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *