«Альбуцкі куфэрак». Вы ўжо набылі насенне?

Альбуцкі куфэрак Важное Спецвыпускі «Праменя»

image_pdfimage_print

Мой вопыт агародніка невялікі, але зеляніну для салаты вырошчваю абавязкова. Па насенне зеляніны і адпраўляюся ў адзін з магазінаў у Стоўбцах.

У магазіне людна. Даносіцца голас жанчыны, якая просіць насенне агуркоў «зазуля». Прадавец адказвае, што сорт сапраўды добры, але, на жаль, яго ўжо разабралі. Яшчэ адна жанчына пытаецца, ці ёсць памідоры «кукла», запэўнівае, што вельмі смачныя. Іх, як аказалася, ужо таксама не засталося.

Сама прашу паказаць найбольш папулярнае насенне памідораў. Прадавец прапануе пачкі цаной каля чатырох рублёў. «Дарагія, але людзі, якія аднойчы пакаштавалі такія памідоры, купляюць іх зноў, вядро з аднаго куста атрымліваецца», – запэўнівае жанчына. Паводле яе слоў, сярод даўно вядомых сартоў папулярнымі застаюцца «бычынае сэрца, «ляна», «санька», «дубок». Сярод насення перцаў гаспадыні часта выбіраюць «калабок». Папулярнымі гатункамі насення агуркоў застаюцца «мурашка», «раднічок», «маша», «кураж».

Дарэчы, прадавец – Валянціна Уладзіміраўна Каспяровіч – мае свой агарод і з задавальненнем дзеліцца вопытам з пакупнікамі.

Але мяне цікавіць вясенняя зеляніна. Выбар шырокі, і стрымаць сябе сапраўды цяжка. Бяру кроп, салату, базілік, рукалу, шпінат па некалькі пачкаў розных відаў, не забываюся пра цыбулю-сявок. Ну і якая ж вясенняя салата без радыскі? Прадавец адразу прапануе сорт «французский завтрак». Папулярнасць ён заваяваў дзякуючы адсутнасці гаркаты.

Навінкай для мяне стала насенне салаты «айсберг». Аказваецца, неабавязкова купляць качан у магазіне, можна вырасціць самой. Сапраўдным адкрыццём стаў і шпінат сунічны. Вясной ён дае зеляніну для салаты і супу, а ў ліпені на ім павінны вырасці суплоддзі з сунічным водарам. Вы сабе гэта ўяўляеце?!

Вось такі вясенне-культурны паход у мяне атрымаўся. А вы ўжо закупілі насенне? Калі не, то спяшайцеся ў магазіны, і вельмі хутка на вашым стале з’явіцца свежая, цёплая ад сонца агародніна. Добрага ўраджаю і смачна есці!

Анастасія НОВІК, фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *