Да юбілею «Праменя»: Газеты верныя сябры

На сувязі - рэдакцыя Нумары

22 верасня бягучага года раённая газета «Прамень» адзначыць 75-гадовы юбілей выхаду першага нумару. Да гэтай даты маюць адносіны не толькі тыя, хто ў розныя гады працаваў над выпускам «Праменя». Да юбілею выдання маюць адносіны і тыя, хто чакае выхаду ў свет чарговага нумару, да каго спяшаюцца паштальёны – нашых чытачоў. Мы ведаем, што многія  жыхары раёна працяглы час выпісваюць раённую газету. Перадсвяточная рубрыка дазваляе кожнаму з вас, паважаныя падпісчыкі «Праменя», выказаць свае меркаванні аб газеце. Рады будзем пачуць вашы пажаданні і пазнаёміцца з вернымі падпісчыкамі «Праменя». Пішыце нам ці тэлефануйце па любым рэдакцыйным нумары.

Сёння мы адкрываем перадсвяточную рубрыку завочнай сустрэчай з Валянцінай Хадасевіч. Валянціна Рыгораўна – мінчанка, але гэта не перашкаджае ёй атрымліваць стаўбцоўскую газету «Прамень» па пошце. Мы спыталі ў Валянціны Рыгораўны, што звязвае яе з нашай раённай газетай?

– Са Стаўбцоўшчынай мяне звязваюць доўгія гады жыцця і працоўнай дзейнасці. Мой муж Міхаіл Антонавіч, светлай памяці, 19 гадоў узначальваў Стаўбцоўскі лясгас, я працавала памочнікам ляснічага Акінчыцкага лясніцтва. Падчас  перабудовы, напрыканцы 80-х гадоў, пасля выбрання мужа на пасаду генеральнага дырэктара Мінскага лесагаспадарчага аб’яднання, мы пераехалі ў Мінск. Пражыўшы больш за 30 гадоў у Стоўбцах, у нас засталіся ў раёне калегі, сябры. Раённая газета «Прамень», якую я выпісваю, дазваляе мне трымаць з імі сувязь. З нецярпеннем чакаю кожнага свежага нумара і часта бачу на старонках газеты фотаздымкі знаёмых людзей, сачу за навінамі раёна, за тым,  як ідуць справы ў Стаўбцоўскім доследным лясгасе. Газета цікавая, прафесіянальна рыхтуецца. Вельмі прыемна, калі сярод герояў газетных публікацый сустракаеш сваіх знаёмых. У сувязі з юбілейнай датай хачу пажадаць калектыву рэдакцыі творчага плёну.

Святлана ЖЫБУЛЬ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *