З нагоды

Нумары Раённыя навіны

СВЯТА АПОШНЯГА СНАПА

У ААТ «Радзіма Якуба Коласа» напрыканцы жніўня, па добрай і даўняй традыцыі, правялі свята «Дажынкі». На ўрачыстае ўшанаванне, якое праходзіла ў мясцовай сталовай, былі запрошаны ўсе работнікі, якія прымалі ўдзел ва ўборачнай кампаніі. Дырэктар таварыства Аляксандр Карнічэнка павіншаваў працаўнікоў з паспяховым завяршэннем жніва і важкім намалотам. Галоўны аграном Аляксей Чандакоў, для якога сёлетняя ўборачная была першай ў якасці галоўнага спецыяліста раслінаводчай галіны гаспадаркі, выказаў хлебаробам шчырыя словы ўдзячнасці за плённую працу. Кіраўніку і галоўнаму аграному ўручылі караваі. А самы вялікі падзялілі камбайнеры, вадзіцелі і механізатары. Дастойныя грашовыя прэміі, згодна з умовамі спаборніцтва, атрымалі экіпажы камбайнераў, якія  намалацілі больш за іншых збожжа. Першае месца занялі сын і бацька Генадзі Янскія, другое – Іван Ажгірэвіч і Сяргей Кісель, трэцяе – Сяргей Ланкевіч і Мікалай Станкевіч. А таксама вадзіцелі, сярод якіх вылучыліся Генадзь Рымашэўскі, Аляксей Аўчук і Эдуард Рымашэўскі. Былі прэміраваны ўсе работнікі, хто ўнёс уклад у агульную справу. Ад прафсаюзнага камітэта падарункі атрымалі тыя, хто адпрацаваў у гаспадарцы  5, 10, 15, 20, 25, 30, 35, 40 і 45 гадоў. А таксама маладыя спецыялісты, што прыйшлі на работу ў таварыства сёлета і жанчыны, якія працуюць у раслінаводчай галіне.

Пр

 

ПАМЯЦЬ АБ ГЕРОЯХ: УВАСОБЛЕНА НА КАНВЕРЦЕ

Гісторыя нашага горада адметная тым, што на гарадскіх могілках у Стоўбцах пахаваны герой Першай сусветнай вайны, ваенны лётчык Авянір Маркавіч Кансценчык.

Аб’яднанне «Грамадская ініцыятыва праваслаўных суайчыннікаў «Мы помнім» выступіла з ініцыятывай перад Міністэрствам сувязі і інфарматызацыі Рэспублікі Беларусь да 125-годдзя з дня нараджэння А. М. Кансценчыка (2 жніўня 2014 года) выпусціць юбілейны маркіраваны канверт.

Дзяржаўныя структуры падтрымалі гэтую ініцыятыву і да стагоддзя пачатку Першай сусветнай вайны, а таксама 100-гадовага юбілею стварэння Дальняй авіяцыі Расіі (А. М. Кансценчык – першы лётчык цяжкай авіяцыі) у выдавецтве «Марка» РУП «Белпошта» выпусцілі ў абарот тыражом 30 тысяч экзэмпляраў эксклюзіўны юбілейны канверт. На канверце вось такі малюнак. А на адворотным баку – тэкст: «Кансценчык Авянір Маркавіч (02.08.1889, г. Гродна – 29.12.1935) – ваенны лётчык. Скончыў Віленскае ваеннае вучылішча (1910), Гатчынскую авіяцыйную школу (1914). У 1914 годзе накіраваны ў Брэст-Літоўскі крапасны авіяцыйны атрад. Камандзір першага ў свеце цяжкага самалёта-бамбардзіроўшчыка «Ілья Мурамец». За баявыя заслугі ў Пешую сусветную вайну ўзнагароджаны ордэнам Святога Георгія 4-й ступені.

У  г. Стоўбцы знаходзіцца магіла з помнікам А. М. Кансценчыку, якая ўключана ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь».

Гэтай навіной падзялілася з нашай рэдакцыяй старшыня аб’яднання «Грамадская ініцыятыва праваслаўных суайчыннікаў «Мы помнім» Галіна Кузьміч.

– Няхай і сціплая, але гэта падзея ў справе захавання памяці герояў Першай сусветнай вайны, – гаворыць Галіна Мікалаеўна. – Яна легла ў скарбонку добрых спраў духоўнага адраджэння нашай краіны.

Лана СВЯТЛІЦКАЯ

 

АКЦЫЯ ДАПАМОГІ: З РУК У РУКІ

Раённым тэрытарыяльным цэнтрам сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва аб’яўлена акцыя «З рук у рукі» па аказанні дапамогі перасяленцам з Украіны.

Жыхары нашага раёна могуць аказаць падтрымку тым, хто вымушаны быў у сувязі з баявымі дзеяннямі пакінуць свае дамы і кватэры і шукаць прытулак у суседняй краіне.

Дарослае і дзіцячае адзенне, пасцельныя рэчы, мэблю, бытавую тэхніку і іншыя рэчы паўсядзённага ўжытку можна ахвяраваць перасяленцам, якія маюць у іх патрэбу. Па ўсіх пытаннях  звяртайцеся  па адрасе: г. Стоўбцы, вул. Сацыялістычная, 40, кабінет № 7 ці  па тэлефоне  – 5-42-93.

Марыя ГЛЕБКА, загадчыца аддзялення тэрміновага сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва

 

ПРАФСАЮЗНАЕ ЖЫЦЦЁ: БРЭСЦКАЙ КРЭПАСЦІ НАБАТ

Старшыня прафсаюзнай арганізацыі торфабрыкетнага завода «Нёман», начальнік планава-эканамічнага бюро Віктар Якаўлеў кожны год імкнецца цікава спланаваць сезон адпачынку працаўнікоў. Калегіяльна абмеркаваўшы гэты план, працаўнікі прадпрыемства прынялі рашэнне пабываць у знакамітых месцах Беларусі.

Да 70-гадовага юбілею вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў адправіліся ў Брэсцкую крэпасць-герой.  Аб подзвігу  расказваюць гістарычныя дакументы, руіны старадаўняй крэпасці, месцы баёў, манументальныя скульптурныя кампазіцыі. Цякуць і цякуць сюды турыстычныя групы з розных краін свету. І для сучаснага пакалення, якое заклікана памятаць аб героях-абаронцах Айчыны, набатам гучыць заклік аб захаванні міру і спакою.

Шмат гістарычных помнікаў, знакамітых мясцін убачылі працаўнікі прадпрыемства ў турыстычных паездках у прыгранічны з Польшчай і Літвой старадаўні, з тысячагадовай гісторыяй горад Гродна і багаты святымі месцамі горад Полацк.

 

СУПРАЦОЎНІЦТВА: У МАЙСТРОЎ ЗАЛАТЫЯ РУКІ

Асаблівая падзяка на настаўніцкай канферэнцыі была выказана   начальніку ПМК «Сельспецмантаж» Аляксандру Пашкевічу і спецыялістам гэтай арганізацыі. 

Як расказавае начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Юрый Ларычэў, кіраўніцтва і рабочая брыгада гэтай арганізацыі з разуменнем адносілася да ўсіх праблем, якія ўзнікалі, улічвала ўсе абставіны і прыкладвала прафесіяналізм і старанне, каб выканаць да верасня рамонтныя работы ў школах і дашкольных установах.

Дзякуючы такім добрасумленным адносінам у Заямнаўскай, Засульскай, Рубяжэвіцкай сярэдніх школах і вучэбна-педагагічным комплексе «Мікалаеўшчынскі дзіцячы сад – сярэдняя школа» ўдалося вырашыць важную задачу па абсталяванні ўнутраных санвузлоў, дзе яны адсутнічалі.

У дашкольным цэнтры развіцця дзіцяці «Радуга» сіламі гэтай арганізацыі заменена каналізацыя ў харчблоку.  Акрамя гэтага, у вытворчым цэху арганізацыі выраблена металічная агароджа і ўстаноўлена ў гімназіі № 1 і СШ № 2.

Цяпер ПМК «Сельспецмантаж» выконвае заказ аддзела адукацыі, спорту і турызму  на выраб 250 метраў металічнай агароджы для  дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці «Радуга».

Такі важкі аб’ём работ па ўмацаванні і абнаўленні матэрыяльна-тэхнічнай базы ва ўстановах адукацыі раёна ў гэтым сезоне ўдалося выканаць з вялікай фінансавай падтрымкай Мінскага аблвыканкама. На выкананне рамонтных работ гаспадарчым спосабам і па грамадзянска-прававых дагаворах  накіравана для нашага раёна 3,7 мільярда рублёў.



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *